Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Карней закрануў у сваім матэрыяле пра жыхароў Воранаўскага раёну складаную тэму. Матэрыял называўся «“Ленін у Польшчы”: беларускі абшар, дзе 83% жыхароў лічаць сябе палякамі».

Аўтар напісаў — аб чым не прынята гаварыць. Зьява існуе, але аб ёй не гавораць. Так было заўсёды. У савецкія часы, сёньня таксама. Мясцовы аўтар не рызыкнуў бы пісаць аб гэтым.

Калі я пачаў працаваць у Горадні ў абласной газэце, міжволі зьвярнуў увагу на незвычайныя рэчы: раён на мяжы Беларусі і Літвы, да Польшчы далёка, а жыхары спрэс палякі. Дарэчы, у такіх раёнах раёнкі выходзілі на расейскай мове. Маўляў, на сваёй роднай мове вясковыя дзядзькі і цёткі, што ходзяць да касьцёлу, не зразумеюць, ім бліжэй будзе мова Сызрані і Волагды. (Ігар Карней нагадвае, што сёньня большасьць жыхароў Воранаўскага раёну, дзе пераважаюць палякі, называюць роднай мовай беларускую.)

Былі тым жа часам падобныя раёны, дзе лічба беларусаў была значна большай і магла перавышаць палякаў. Мне адзін актывіст польскага руху гаварыў: там быў большым ціск у сельсаветах, там прымушалі беларусамі запісвацца. Як наіўна! Беларускае было пад прыгнётам як у міжваеннай Польшчы, так і ў СССР, беларусы не былі дзяржаўніцкім народам. Толькі зьнешне выкарыстаў Сталін назву БССР у 1939-м. Як польская ўлада не дазваляла беларускія школы, так савецкая замест польскіх старалася адкрываць расейскія. Калі дэфэнзыву зьмяніла НКВД, беларускія нацыянальныя дзеячы вальней не ўздыхнулі. Стала яшчэ больш небясьпечна. Але чаму ўсё ж у некаторых раёнах меней было палякамі запісаных? Безумоўна, тэма для дасьледаваньня. Магчыма, менш было заўзятых ксяндзоў, урадоўцаў і польскіх настаўнікаў, пазьней, у вайну, менш было акаўцаў. Але гэта справа гісторыкаў.

Матэрыял Ігара Карнея перадрукаваў, у перакладзе на расейскую, гарадзенскі сайт s13.ru. Узьнікла бурная дыскусія, каля ста пяцідзесяці камэнтароў. Зачапіла не на жарты. Што мяне прыемна зьдзівіла? Здаровы беларускі патрыятызм. Нярэдка ў падобных выпадках камэнтатары пакідалі ў тваёй душы пачуцьцё прыкрасьці. Здавалася, беларускае для большасьці зь іх — лапці ў музэйнай вітрыне, падстава для дурацкіх кепікаў. Аднак спакваля, як выходзіць, мяняецца нешта ў галовах, беларуская годнасьць мацнее. А бяз гэтага немагчыма больш-менш трывалае існаваньне нацыянальнай рэспублікі, якой бы яна ні была. «Краіна Беларусь і галоўныя тут беларусы», пішуць — і ўсё тут!

Быць кімсьці — гэта заўсёды двухбаковы мэдаль. З гонарам і сорамам. Польская дзяржава, да вайны і заўсёды выхоўвала гонар. Быць палякам ганарова. Так было, ёсьць і будзе. І толькі часамі побач з заходнікамі, альбо параўноўваючы сябе зь імі, палякі могуць пачуцца ніякавата, у паасобных сытуацыях. Ну вось нядаўна сядае самалёт у Варшаве, і пасажыры пачынаюць апантана пляскаць. Калі ён спыняецца, плясканьне, галёканьне гучаць яшчэ раз, з новай сілай. Пасажырка ззаду гаворыць нібы сама сабе, быццам саромеючыся: толькі мы, палякі, так радуемся і пляскаем у такіх выпадках, больш ніхто. Двойчы паўтарыла: больш ніхто.

Ну чаму ж: калі самалёт сядае ў Менску, тое ж самае адбываецца. А што датычыць заходнікаў, то яны, зразумела, больш стрыманымі бываюць. Але як калі. Памятаю: у аэрапорце ў Пальма-дэль-Мальёрка купа немцаў залезла на чамаданны пас. Уселіся нібы ў сёдлах, адзін за адным, каталіся і раўлі песьні, пакуль пас не спынілі. І ўсё на вачах іншых пасажыраў. Ды хіба паляк да таго дадумаўся б? Ці беларус?

Калі беларусы нарэшце змогуць людзьмі звацца, каб па-сапраўднаму? Калі адчуюць, што сам народ узвысіўся да становішча эліты, калі беларус будзе пан-гаспадар у сябе дома. Ня парабак калгасны. Адчуе сваю самакаштоўнасьць побач зь іншымі народамі. Што ён ня горшы за іншых. Паколькі ўлада не была самастойнай і не была нацыянальнай усю дарогу, то беларуса ніхто не выхоўваў такім панам-гаспадаром. Кароткі толькі адмежак пры Шушкевічу, але часы былі надта цяжкія, ня кажучы: насельніцтва рэспублікі было ў роспачы ад зьнікненьня СССР.

Народ з комплексам непаўнацэннасьці, нацыянальнай перадусім, выбірае сабе адпаведнага. Што з такога кіраўніцтва выходзіць — мы бачым. І людзі робяць па завядзёнцы, як было ў савецкія часы. Размаўляючы па-беларуску, запісваюцца палякамі, калі надыходзіць перапіс, і галасуюць за «бацьку», як большасьць вясковага насельніцтва…

Сама дыскусія вакол тэксту Ігара Карнея аднак пакінула ўражаньне, што ў галовах адбываецца ў пэўным сэнсе нацыятворчасьць. Да палякаў, канечне, далёка, у іх дзяржава стаіць на моцных нацыянальных падмурках, у нас трымаецца на асабістай уладзе, беларускае — гэта ня больш, чым арнамэнт на сьцягу. Польшчы дарагі кожны чалавек, хто мае ў душы польскі сэнтымэнт, няважна дзе ён жыве. Дыяспару заўсёды прымаюць як дарагіх гасьцей, усяляк падтрымліваюць, дапамагаюць.

На Першы зьезд беларусаў сьвету прыехаў асабіста кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, пазьней эміграцыя перастала цікавіць начальства, прынамсі значна менш цікавіць, чым «Славянскі базар». Не беларусы патрэбны шчырыя, электарат толькі, «душы насельніцтва», для якіх у зводках шыюць чаравікі, робяць цэмэнт, выплаўляюць сталь. Як было ў савецкія часы. Так што беларусы можа й галоўныя ў Беларусі, але ў масе сваёй такімі сябе не адчуваюць. Галоўны тут — вядома хто.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG