Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 фактаў і цытатаў пра канфлікт паміж Паўночнай Карэяй і ЗША


Які ракетна-ядзерны патэнцыял Паўночнай Карэі?

Ракетныя выпрабаваньні і два пасьпяховыя запускі летась сур'ёзна палепшылі магчымасьці стрымліваньня, якімі валодае КНДР. Паводле апошніх справаздачаў выведкі ЗША, у распараджэньні Пхеньяна можа знаходзіцца да 60 атамных бомбаў (некаторыя аналітыкі аспрэчваюць гэтую ацэнку). Акрамя таго, выпрабаваньні 4 і 28 ліпеня кажуць пра тое, што КНДР, магчыма, валодае магчымасьцю ўдарыць па некаторых тэрыторыях ЗША.

Дэвід Олбрайт, прэзыдэнт вашынгтонскага Інстытуту навуковых дасьледаваньняў і міжнароднай бясьпекі:

Паводле нашых дадзеных, цяпер Пхеньян мае прыкладна 33 кг збройнага плютонію і 175 кг збройнага ўрану. Зразумела, гэта вельмі прыблізныя лічбы, але зыходзячы зь іх мы можам меркаваць, што на ўзбраеньні арміі КНДР могуць знаходзіцца ад 13 да 30 адзінак ядзернай зброі.

Да 2020 года гэты арсэнал можа павялічыцца да 25-50 адзінак. Узроўню 60 боегаловак, пра якую кажа вайсковая выведка, Пхеньян можа дасягнуць, толькі калі спэцыялістам ўдасца наладзіць працу экспэрымэнтальнага ядзернага рэактара ў Ёнбэне. Але пакуль ён не працуе. (Крыніца)

Якія звычайныя ўзброеныя сілы КНДР?

1 200 000 салдатаў, 600 000 падрыхтаваных рэзэрвістаў, больш за 5 мільёнаў апалчэнцаў. З улікам агульнага насельніцтва 25 мільёнаў гэта азначае, што больш за чвэрць паўночнакарэйцаў гатовыя да барацьбы. Колькасьць традыцыйнай тэхнікі таксама ўражвае — 3 500 танкаў, прынамсі 20 000 гарматаў, 20 падлодак, 500 баявых самалётаў (Крыніца)

Што казаў Трамп, прэзыдэнт ЗША?

8 жніўня

Для Паўночнай Карэі было б лепш устрымацца ад будучых пагроз на адрас Злучаных Штатаў, бо яны будуць сустрэтыя агнём і лютасьцю, якіх ніколі ня бачыў сьвет

Гэта была рэакцыя прэзыдэнта ЗША на пагрозы "даць ЗША сур'ёзны ўрок", якія прагучалі з Пхеньяна пасьля ўхвалы Радай бясьпекі ААН рэзалюцыі, што прадугледжвае дадатковыя санкцыі супраць КНДР у адказ на выпрабаваньні міжкантэнынтальных балістычных ракетаў. Гэтыя санкцыі, як чакаецца, пазбавяць Паўночную Карэю 1 мільярда даляраў экспартных даходаў, амаль траціны ўсіх экспартных паступленьняў. Рэзалюцыя была аднадушна ўхваленая Радай бясьпекі, у тым ліку Расеяй і Кітаем..

Незадоўга да заявы Трампа газэта Washington Post апублікавала інфармацыю пра даклад аналітыкаў амэрыканскай вайсковай выведкі, якія прыйшлі да высновы, што Пхеньян здолеў стварыць мініятурную ядзерную боегалоўку, якую яны могуць усталяваць на балістычных ракетах.

10 жніўня

Шчыра кажучы, ёсьць людзі, якія задаюцца пытаньнем, ці не была мая заява занадта жорсткай. Магчыма, яна была недастаткова жорсткай. Гэта ня выклік — гэта заява аб намерах.

Ваенныя рашэньні гатовыя на выпадак, калі Кім Чэн Ын будзе дзейнічаць неразумна. Спадзяюся, што ён знойдзе іншы шлях.

Ён больш ня будзе казаць такія рэчы, і ўжо дакладна ён ня будзе так паступаць. Давайце паглядзім, што ён зробіць з Гуамам. Калі ён нешта зробіць з Гуамам, то ў Паўночнай Карэі здарыцца тое, чаго ніхто да гэтага не бачыў

Ніхто не зацікаўлены ў мірным вырашэньні больш, чым прэзыдэнт Трамп.

Што казала КНДР?

Пагрозы КНДР супраць «славеснай гранаты» Трампа (відэа)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

Праца над плянам прэвэнтыўнага ўдару па раёне ціхаакіянскай выспы Гуам, дзе разьмешчаныя вайсковыя базы ЗША, КНДР завершыць да сярэдзіны жніўня. Пра гэта заявіла камандаваньне паўночнакарэйскай арміі, адзначыўшы, што мяркуецца пуск ракет сярэдняй далёкасьці «Хвасон-12», якія праляцяць над Японіяй і ўпадуць у ваду за 30-40 км ад Гуаму. Мэта, якую ставіць перад сабой такім чынам Пхэньян, - «стрымліваньне амэрыканскіх сілаў у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне».

12 жніўня тэлевізія КНДР паведаміла пра тое, што каля 3,5 мільёнаў працоўных і чальцоў партыі гатовыя ўступіць у Народную армію, каб супрацьстаяць новым санкцыям ААН і змагацца са Злучанымі Штатамі.

Што казаў Тылерсан, дзяржсакратар ЗША?

Тое, што робіць прэзыдэнт — ён пасылае жорсткае паведамленьне Паўночнай Карэі, выкарыстоўваючы мову, якую Кім Чэн Ын можа зразумець, таму што ён не разумее дыпляматычных выразаў.

​Я думаю, што стратэгія, якую мы выкарыстоўваем цяпер, пасьпяхова працуе. Мы цяпер заручыліся шырокай міжнароднай падтрымкай, і гаворка ідзе ня толькі пра рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, але і пра глябальную падтрымку, калі многія краіны заяўляюць аб тым, што яны падзяляюць патрабаваньні да Паўночнай Карэі. І гэты ціск ужо пачынае прыносіць вынікі.

Амэрыканцы могуць спаць спакойна, не павінна быць клопату з нагоды гэтай канкрэтнай рыторыкі апошніх дзён. (крыніца)

Што казаў Мэтыс, міністар абароны ЗША?

Паўночная Карэя павінна спыніць любы разгляд дзеяньняў, якія прывядуць да канца рэжыму і зьнішчэньня народу.

Дзеяньні рэжыму КНДР будуць значна перасягнутыя нашымі, і яны прайграюць любую гонку ўзбраеньняў або канфлікт, які распачнуць

ЗША па-ранейшаму аддаюць перавагу дыпляматычнаму падыходу да паўночнакарэйскай пагрозы, вайна стала б катастрафічным паваротам. (крыніца)

Што казаў Пампэо, дырэктар ЦРУ?

ЗША зробяць усё, каб не дазволіць лідэру КНДР стварыць ракету, здольную дасягнуць амэрыканскай тэрыторыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ясна даў зразумець, што Злучаныя Штаты лічаць непрымальным, каб такі лідэр-прайдзісьвет, як паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын, меў магчымасьць атрымаць балістычную ракету з боегалоўкай, здольнай даляцець да Злучаных Штатаў, і трымаць Амэрыку і сьвет пад пагрозай. Ён лічыць гэта непрымальным. Ён проста не зьбіраецца дапускаць гэтага.

Напад на ЗША з боку Паўночнай Карэі ня ёсьць чымсьці непазьбежным. (крыніца)

Што казала Мэркэль, канцлер Нямеччыны?

У канфлікту Злучаных Штатаў з Паўночнай Карэяй "няма ваеннага рашэньня". Яна заклікала бакі ўстрымацца ад "эскаляцыі рыторыкі" і заявіла, што Нямеччына гатовая дапамагчы зьнізіць напружанасьць у рэгіёне, заклікаўшы таксама да супрацы паміж ЗША і Кітаем у паўночнакарэйскім пытаньні. (крыніца)

Што казаў Лаўроў, міністар замежных справаў РФ?

На жаль, рыторыка ў Вашынгтоне і Пхеньяне пачынае зашкальваць. Мы ўсё ж такі разьлічваем, што здаровы сэнс пераможа. Вы ведаеце нашу пазыцыю: Мы не прымаем ядзерную Паўночную Карэю. У нас разам з Кітаем ёсьць цэлы шэраг прапановаў, якія накіраваныя на тое, каб не дапусьціць там найглыбейшага канфлікту зь вялікай колькасьцю ахвяраў. (крыніца)

Паводле Лаўрова, у Расеі і Кітая ёсьць плян зьніжэньня напружанасьці, які прадугледжвае мараторый на ракетныя выпрабаваньні ў КНДР і адмену амэрыкана-паўднёвакарэйскіх ваенных вучэньняў, заплянаваных на гэты месяц

Калі я гаварыў з амэрыканцамі – з Керы і Тылерсанам, чаму нельга было ўзгадніць падвойнае замарожваньне, яны адказвалі, што ядзерныя выпрабаваньні і ракетныя пускі ў КНДР забароненыя рашэньнем Рады бясьпекі ААН, а вайсковыя вучэньні ніхто, ніколі і нікому не забараняў. Таму ЗША робяць гэта легальна, а КНДР робяць тое, што нелегальна. На гэта ў мяне ёсьць сваё меркаваньне: калі даходзіць да бойкі, першым павінен зрабіць крок ад небясьпечнай рысы той, хто мацнейшы і разумнейшы (крыніца)

Што казаў Кітай?

Заяву Белага дому зьявілася раніцай 12 жніўня — пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, які заклікаў Вашынгтон устрымацца ад "словаў і дзеяньняў", якія могуць "пагоршыць" і без таго напружаную сытуацыю на Карэйскім паўвостраве. (крыніца)

Кітайская дзяржаўная газета Global Times:

Калі Паўночная Карэя запусьціць ракеты, якія пагражаюць тэрыторыі ЗША, а потым ЗША прымуць захады ў адказ, Кітай захавае нэўтралітэт. Калі ЗША і Паўднёвая Карэя будуць наносіць ўдары і паспрабуюць скінуць паўночнакарэйскі рэжым і зьмяніць палітычны расклад на Карэйскім паўвостраве, Кітай перашкодзіць ім гэта зрабіць. (крыніца)

Чым можа Паўднёвая Карэя абараніцца ад Паўночнай?

Частка сыстэмы THAAD ЗША ўжо разьмешчаная ў Паўднёвай Карэі пры папярэднім кіраўніцтве гэтай краіны, каб быць у стане супрацьстаяць ракетна-ядзернай пагрозе Паўночнай Карэі. Але новы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Джэ Ян спыніў далейшае разгортваньне сыстэмы, заявіўшы, што трэба нанова ацаніць яе магчымы ўплыў на навакольнае асяродзьдзе.

Таксама рэзка супраць разгортваньня гэтай сыстэмы ў Паўднёвай Карэі выступаюць Кітай і Расея. Пэкін бачыць у ёй дэстабілізацыю ў рэгіёне, а Масква — зьнішчэньне стратэгічнага балянсу ва ўсім сьвеце, калі ўлічыць разьмяшчэньне элемэнтаў гэтай сыстэмы ПРА таксама і на Алясцы. (крыніца)

Як ацэньваюць экспэрты заявы прэзыдэнта Трампа?

Стывэн Бланк, ваенны экспэрт, у мінулым прафэсар коледжу сухапутных сілаў ЗША

Прэзыдэнт, на мой погляд, ня ведае, пра што ён кажа. Ён папросту імправізуе. У гэтай сытуацыі дарэчы працытаваць аднаго з папярэднікаў Трампа, прэзыдэнта Тэдзі Рузвельта, які казаў: вы павінны гаварыць мякка, але мець пры сабе дубіну. Дональд Трамп кажа гучна і мае пры сабе дубіну з пап'е-машэ. (крыніца)

Крысьцін Ўормут, супрацоўніца міністэрства абароны ЗША пры адміністрацыі Барака Абамы

Непрывабнасьць усіх ваенных варыянтаў цяжка пераацаніць. Гэта не прывядзе ні да чаго добрага, ЗША перамогуць, але гэта будзе агідна. (крыніца)

Брус Клінгнер, адмысловец па паўночна-ўсходняй Азіі ў вашынгтонскім Heritage Foundation, былы аналітык ЦРУ

Ёсьць нейкая неадпаведнасьць паміж заявамі пра тое, што Кім Чэн Ын звар'яцеў і можа пачаць атаку, і пра тое, што ён будзе паводзіць сябе дастаткова рацыянальна, каб не адказаць на атаку з боку ЗША. (крыніца)

Брус Бэнэт, старэйшы аналітык дасьледнай карпарацыя RAND.

Любы буйны канфлікт прывядзе да кітайскага ўмяшаньня на поўначы, і тады нам трэба быць вельмі асьцярожнымі, каб не ўступіць у вялікую вайну з Кітаем. (крыніца)

Джэймс Стаўрыдзіс, адмірал у адстаўцы, дэкан Школы Флетчара ўнівэрсытэту Тафта:

У выпадку першага ўдару супраць Кіма, нават няядзернага, вельмі верагодна, што Кім адыграецца на Паўднёвай Карэі, па меншай меры, звычайнымі ўзбраеньнямі. Гэта амаль напэўна прывядзе да эскаляцыі гвалту, якую будзе вельмі складана пракантраляваць або абмежаваць. (крыніца)

Джэймс Ханна, намесьнік кіраўніка азіяцкай праграмы ў Chatham House:

Непрадказальнасьць ЗША прыхільнікі Трампа могуць успрыняць як перавагу, якая дазваляе весьці больш жорсткую лінію паводзінаў і рабіць ціск на Паўночную Карэю і, магчыма, Кітай, прывёўшы пагрозу да пэўнага выніку. Але разам з тым гэтая непрадказальнасьць ня будзе добра ўспрынятая саюзьнікамі ЗША ў рэгіёне, такімі як Японія і Паўднёвая Карэя. (крыніца)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG