Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вечная, людзі «наверсе» і «ўнізе» часовыя, — 10 цытатаў з выступу Алексіевіч у роднай школе


Сьвятлана Алексіевіч

13 жніўня нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч правяла сустрэчу з былымі і цяперашнімі навучэнцамі ды настаўнікамі Капаткевіцкай сярэдняй школы (Петрыкаўскі раён), якую яна скончыла 50 гадоў таму.

Карэспандэнт Свабоды сабраў самыя цікавыя выказваньні пісьменьніцы.

Пра славу

«Да таго, што завецца славаю, трэба яшчэ моцнае здароўе. Гэта вельмі цяжка. Я рада, што атрымалася, што прыехала. Многае я не пазнаю. Пазнаю толькі лес, палеткі, назвы. Паўстагодзьдзя мінула. Шмат што зьмянілася, і асабліва ў наш час, калі такія зломы адбыліся: сацыялізм, капіталізм — гэта розныя такія жыцьці. Усё здорава зьмянілася, і мы ў тым ліку. Я жыла ў Івашкавічах, з Капаткевічамі я была ня так збліжаная. Але гэта мая родная школа, я яе скончыла, і я пра гэта заўжды памятаю».

Пра шчасьце

«Што датычыцца мяне, майго жыцьця. Я шчасьлівы чалавек. Ня ў сэнсе Нобэлеўскай прэміі і яшчэ дзясятка розных прэмій, а ў сэнсе таго, што я займалася тым, што мне было цікава — журналістыкай, потым літаратурай. Я мела такую магчымасьць, мела магчымасьць заставацца сама сабою».

Пра характар

«Шмат чаго было. Я была на вайне, мяне судзілі за маю кнігу. І мяне выганялі з працы за мае кнігі, у прыватнасьці з часопісу „Нёман“, паколькі гэта былі апошнія камуністычныя гады. І тым ня менш я заставалася сама сабою. Гэта наперш характар.

Тут сядзяць і маладыя дзяўчаткі. Каб чагосьці дасягнуць, трэба мець моцны характар, бо ў жыцьці шмат спакусаў, расчараваньня, шмат матэрыяльных думак. Гэта ўсё рэчы, якія могуць лёгка зьмяць чалавека, зьбіць яго з шляху, ня даць яму рэалізавацца на поўную сілу, стаць роўным самому сабе».

Пра ўпэўненасьць

«Трэба быць цалкам упэўненым у тым, чаго вы хочаце, быць упэўненым, што менавіта гэта вам трэба. Трэба быць упэўненым, што гэта на баку дабра, што вы ня служыце імгненнай міталёгіі, імгненнай аблудзе — камунізму, сацыялізму, нацыяналізму».

Пра жыцьцё

«Трэба ўмець гэта ўсё ачышчаць — жыцьцё надзвычай цікавая рэч, нягледзячы на страты (бо шмат што складваецца ня так, як хацелася)».

Пра імпэрыі

«На жаль, імпэрыі не адыходзяць так лёгка, імпэрыі не адыходзяць без крыві. І ня можа чалавек, які быў дзясяткі гадоў у лягеры — семдзесят зь лішнім гадоў была „чырвоная цывілізацыя“, як я яе называю, — ня можа чалавек выйсьці зь лягеру і быць свабодным».

Пра свабоду

«Мы гаворым пра свабоду, але ня ведаем, што гэта такое. Я дванаццаць гадоў пражыла за мяжою і магу сказаць, што ў нас няма ведаў пра свабоду, пра свабоднае жыцьцё. Тое, што мы называем свабодаю, так, як мы жывём, — гэта не свабоднае жыцьцё і мы не свабодныя людзі.

У нас яшчэ багата мінулага жыцьця. Вакол шмат гвалту, ліецца кроў. Людзі ратуюцца тым, што імкнуцца знайсьці блізкае кола сяброў — аднаклясьнікаў, аднакурсьнікаў. Імкнуцца да сямейнага кола, навучаньня дзяцей, спадзеючыся, што ў іх будзе іншае жыцьцё. Гэта ёсьць нейкай формай выратаваньня, але, я думаю, што гэта яшчэ ня форма новага жыцьця, якой мы хацелі б жыць».

Пра эліту

«Я думаю, што наш беларускі народ за дваццаць гадоў мог бы зрабіць зусім іншую краіну, калі б была іншая праграма. Але праграму павінна зрабіць эліта... У нас найперш праблема эліты, паколькі Сталін, а перад гэтым палякі зьнішчалі ўсё беларускае. Потым Расея настолькі ўсё зрусіфікавала. Нават тую ж беларускую мову, якую мы вучылі ў школе — гэта ж „наркамаўка“».

Пра беларускую мову

Сапраўдную беларускую мову я чула ад маладых людзей у «Нашай ніве». Божа мой, якая гэта іншая мова! У мяне новая кніга называецца «Чудный олень вечной охоты». Гэта кніга пра каханьне. У Грына ёсьць такія словы «Счастье — это чудный олень вечной охоты». Друкаваўся невялічкі разьдзел з будучай кнігі ў двух выданьнях. У адным пераклалі «Дзіўны алень вечнага паляваньня», а ў другім — «Чароўны алень вечных ловаў». Вось мова беларуская! Гэтай мовы ніхто ня вучыць, настаўнікаў гэтай мовы практычна няма.

Мы ня вырашылі самую галоўную праблему — якая мова беларуская, якую мову трэба вучыць. На гэта ўсё мусіць быць дзяржаўныя праграмы. Гэта ўсё ня могуць зрабіць энтузіясты-адзіночкі. Трэба дзяржаўная праграма.

Пра Беларусь

Дзяржава Беларусь — гэта вечнае, а людзі «наверсе» і «ўнізе» — часовыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG