Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум «Бальшавіцкі тэрор. Права на ўсталяваньне ісьціны» запатрабуе адкрыцьця архіваў спэцслужбаў


Ілюстрацыйнае фота. Урочышча Курапаты

22 жніўня ў менскім Прэс-клюбе пройдзе паседжаньне форуму «Бальшавіцкі тэрор. Права на ўсталяваньне ісьціны». Асноўная задача ўдзельнікаў — запатрабаваць ад уладаў адкрыць архівы спэцслужбаў.

У аргкамітэт форуму ўвайшлі беларускія арганізацыі і грамадзянскія ініцыятывы, якія займаюцца вывучэньнем савецкіх рэпрэсій, абаронай месцаў масавых расстрэлаў — урочышча Курапаты, дапамогай ахвярам рэпрэсій і іх нашчадкам у пошуку інфармацыі пра блізкіх людзей.

Сярод арганізатараў: Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, менская філія міжнароднай арганізацыі «Мэмарыял», гісторыка-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Вяртаньне памяці», Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, грамадзянскія ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», «Школа пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных» і «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты», а таксама гісторыкі, якія займаюцца вывучэньнем рэпрэсій, у тым ліку Ігар Кузьняцоў і Зьміцер Дрозд.

Гаворка вядзецца пра архівы спэцслужбаў, якія тычацца пэрыяду 1917–1940 гг.

Каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька сказала Свабодзе, што архівы павінны быць адкрытыя паводле тэрміну даўнасьці:

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Самае галоўнае пытаньне — адкрыцьцё архіваў. Мы плянуем абмеркаваць яго з усіх бакоў і прыняць зварот да ўладаў з патрабаваньнем адкрыць архівы з 1917 па 1940 год. Справа ў тым, што гэтыя архівы павінны быць ужо адкрытыя паводле свайго тэрміну даўнасьці. Але дзяржава зь нейкіх прычынаў не сьпяшаецца гэта рабіць».

На думку актывісткі, інфармацыя пра рэпрэсіі будзе цікавая ня толькі гісторыкам і навукоўцам, але і звычайным беларусам.

«Амаль у кожнай сям’і ёсьць рэпрэсаваныя. Людзі дагэтуль ня ведаюць, дзе пахаваныя іх продкі, што дакладна зь імі адбылося».

Шапуцька лічыць, што будаўніцтва мэмарыялу ў Курапатах, якое ініцыявала ўлада, будзе толькі ў тым выпадку ўспрынята грамадзтвам, калі стануць вядомыя прозьвішчы тых, каму ён прысьвечаны.

«Самы першы крок — гэта сказаць людзям, хто там закатаваны, хто забіты. А пасьля — будаваць помнік. Інфармацыя пра рэпрэсіі ёсьць, і ў сілах уладаў даць яе людзям. І гэта нонсэнс — пачынаць будаваць, абвяшчаць конкурс на праект, але не казаць, каму гэты помнік будзе пабудаваны».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG