Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: У Маскве разглядаюць пытаньне анэксіі Беларусі


Міхэіл Саакашвілі паказвае журналістам у Варшаве свой украінскі пашпарт 6 жніўня 2017 году

Экс-прэзыдэнт Грузіі і былы губэрнатар Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі зноў папярэдзіў пра небясьпеку акупацыі Беларусі Расеяй. Пра гэта Саакашвілі заявіў у інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода ў Варшаве Аляксею Дзікавіцкаму.

Адказваючы на пытаньне пра палітыку Расеі ў адносінах да сваіх суседзяў, Саакашвілі сказаў:

— Я думаю, што ў першую чаргу пагроза паўстала для Беларусі. Частка расейскіх войскаў, расейская ваенная інфраструктура застануцца ў Беларусі пасьля цяперашніх іх сумесных вучэньняў [«Захад-2017» у верасьні — РС]. Яны наўрад ці нешта зробяць падчас вучэньняў, але пасьля пачнуцца ўсякія паскудзтвы. Я думаю, што ў Маскве разглядаюць пытаньне сілавога захопу Беларусі і, можа быць, анэксіі гэтай краіны. Гэта будзе наступны вялікі крызіс на постсавецкай прасторы.

— Вашы палітычныя пляны і далей зьвязаныя з Украінай?

Пакуль мэта адна — дамагчыся права пайсьці ў суд, права на судовую абарону ўнутры Ўкраіны.

Мае палітычныя пляны зьвязаныя толькі з Украінай на гэтым этапе. Вядома, я не забываю пра Грузію, якая ніколі не будзе пасьпяховай, калі не прарвецца наперад Украіна. Таму, натуральна, пляны зьвязаныя з Украінай. Я лічу, што адбылася несправядлівасьць, што я павінен вярнуцца і адстаяць у судзе сваё права. Гэта цяпер галоўнае. Я ежджу па ўсёй Эўропе, буду сустракацца з палітыкамі, журналістамі, палітолягамі. Але ў мяне няма мэты гаварыць з імі ў цэлым пра сытуацыю ва Ўкраіне. Пакуль мэта адна — дамагчыся права пайсьці ў суд, права на судовую абарону ўнутры Ўкраіны. Паказаць усе дакумэнты, даказаць відавочнае, што мяне пазбавілі грамадзянства незаконна. А потым ужо будзем гаварыць на агульныя тэмы.

Акцыя прыхільнікаў Міхэіла Саакашвілі ў Кіеве 27 ліпеня
Акцыя прыхільнікаў Міхэіла Саакашвілі ў Кіеве 27 ліпеня

— Зьявілася інфармацыя, што грузінскія ўлады папрасілі Польшчу выдаць вас у Тбілісі. Што вы пра гэта думаеце?

Я думаю, што ня толькі Польшча, а ніхто ў сьвеце гэтыя іх абвінавачваньні не прызнае. Гэтыя крымінальныя справы супраць мяне сьмехатворныя. Як толькі я прыехаў у Польшчу, ў Тбілісі чарговае абвінавачваньне прад’явілі — што я выдаткаваў бюджэтныя грошы на паездку на пахаваньне Леха Качыньскага ў 2010 годзе, на вянок. І таксама на вянок для пахаваньня Вацлава Гаўла. Нейкія сем касьцюмаў ... выдаткі прэзыдэнцкага офіса. Яны доўга шукалі, нанялі найлепшых сьледчых з Ізраілю, ЗША, адстаўных, і нічога не знайшлі, акрамя гэтага. Шукалі па ўсім сьвеце — і зноў вярнуліся да гэтых прэзыдэнцкіх выдаткаў, якія ўсе вядомыя і задакумэнтаваныя. Так робіцца ў любой прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэтыя абвінавачваньні ў сьвеце ніхто ня будзе прызнаваць, таму што, калі хто-то іх прызнае, то тады іх таксама прыцягнуць па такім жа абвінавачваньні, па-першае. Па-другое, генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка сам езьдзіў у Грузію, у судзе там выступаў супраць гэтых спраў. Луцэнка два разы афіцыйна адмаўляўся пачынаць справы, сказаўшы, што яны заснаваныя на палітычных матывах.

— У Польшчы, хоць ужо прайшло 7 гадоў, да гэтага часу ідуць спрэчкі аб катастрофе прэзыдэнцкага самалёта. Адны кажуць, што гэта было заплянаванае забойства, іншыя кажуць, што супадзеньне. А вы як думаеце?

Пуцін атрымаў столькі плюсоў ад гэтай катастрофы, што цяжка паверыць у выпадковасьць.

Я не веру ў такія супадзеньні. Гэта адбылося на тэрыторыі, якая цалкам кантралюецца Пуціным. Пуцін атрымаў столькі плюсоў ад гэтай катастрофы, што цяжка паверыць у выпадковасьць. Ён амаль не атрымаў мінусаў, таму што Захад адразу забыўся пра катастрофу. А плюсы былі відавочныя. У постсавецкіх краінах падумалі: калі ён можа ад лідэра краіны Эўразьвязу пазбавіцца, дык што ён зь імі зробіць?! Напрыклад, лідэр нейкай сярэднеазіяцкай краіны сапраўды быў да сьмерці перапалоханы. Па-другое, унутры Расіі Пуцін заўсёды пазбаўляецца ад сваіх ворагаў — гэта пасыл таксама «унутраным ворагам», напамін пра яго усемагутнасьць. Ёсьць тысячы тэхнічных спосабаў, як яны маглі гэта зрабіць. І гэта, я думаю, было ў адплату за прыезд Качыньскага ў Тбілісі. Гэта было помстай за яго стратэгічнае мысьленьне, ідэю стварэньня цэлага саюзу краін па межах Расеі. Было шмат матываў — чаму ён мог гэта зрабіць, і было шмат спосабаў, як ён гэта мог зрабіць.

***

Міхэіл Саакашвілі паведаміў, што прыляцеў у Польшчу з ЗША па ўкраінскім пашпарце, і сказаў, што ня ўсе краіны прызнаюць «дыктатарскія замашкі некаторых людзей, якія вырашылі дзейнічаць савецкімі мэтадамі». Паводле Саакашвілі, пазбаўленьне яго грамадзянства было незаконным дзеяньнем з боку прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі, паколькі той парушыў Канстытуцыю Украіны і міжнародную Канвэнцыю аб пазьбяганьні выпадкаў без грамадзянства.

Саакашвілі заявіў, што ў яго зараз адзіная мэта: аднавіць свае правы, пайсьці ў суд і дамагчыся судовага рашэньня, «дамагчыся гэтага ўнутры Украіны» і пасьля гэтага ўжо займацца іншымі пытаньнямі. Экс-прэзыдэнт Грузіі выказаў перакананасьць у тым, што сваёй мэты даб’ецца.

4 жніўня Саакашвілі прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у Польшчы, прысьвечаных гадавіне Варшаўскага паўстаньня 1944 году супраць нацысцкай акупацыі. Гэта стала яго першай паездкай праз дзяржаўныя межы з таго часу, як прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства 26 ліпеня.

Чытаць інтэрвію цалкам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG