Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопцаў, якіх затрымалі за сьцяг на канцэрце «Крамбамбулі», судзяць за лаянку. Абнаўляецца


Зьміцер Навуменка
Зьміцер Навуменка

Па 230 рублёў штрафу спадарам, якія размахвалі бел-чырвона-белым сьцягам. Абноўлена​

7 жніўня ў судзе Заводзкага раёну Менску судзьдзя Алена Някрасава пачала адміністратыўны працэс супраць Івана Лісаўца і Зьмітра Навуменкі, якія 5 жніўня ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг на канцэрце «Крамбамбулі» падчас фэстывалю «Хмяльноў».

Першым судзяць Зьмітра Навуменку. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу – нібыта на канцэрце ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся.

Навуменка распавёў, што у часе арышту ў турме на Акрэсьціна яго першы раз пакармілі ў панядзелак раніцай, у нядзелю нічога не давалі ўвогуле.

Згодна з пратаколам міліцыі, у стане алькагольнага ап'яненьня падчас канцэрту Навуменка нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі, чапляўся да грамадзян, чым выказаў непавагу да грамадзтва. Навуменка распавёў, што ў мэтрах 50 ад выхаду да яго падыйшлі міліцыянты і папрасілі прайсьці зь імі. Ён адмаўляе, што лаяўся, толькі выкрыкваў словы песьні саліста "Крамбамбулі". Бел-чырвона-белага сьцяга пры ім не было. Сьцяг быў на канцэрце, яго перадавалі і размахвалі ім многія. У Заводзкім РУУС ён паказаньняў не даваў.

БЧБ-сьцяг на фэстывалі «Хмяльноў» у Менску
БЧБ-сьцяг на фэстывалі «Хмяльноў» у Менску

Сьведка Віктар Харужы — опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Кажа, што падчас канцэрту «Крамбамбулі» у цывільным ахоўваў грамадзкі парадак. Пачуў, як Навуменка нецэнзурна лаяўся. Харужы з напарнікам стаялі ззаду за Навуменкам, таму добра чулі лаянку падчас канцэрту. Затрымлівалі Навуменку і Лісаўца ўжо на выхадзе. Судзьдзя зачытала рапарт, дзе напісана: «Зьняважліва прычапляўся да грамадзянаў». І запыталася, што гэта азначае? Харужы адказаў, што меў на ўвазе менавіта нецэнзурную лаянку.

Яшчэ адзін сьведка-міліцыянт у адгуле. Міліцыянт Маісееў знаходзіцца за межамі горада, судзьдзя зачытвае рапарт: «Размахваў рукамі, прычыняў нязручнасьці іншым, груба лаяўся, чым выказваў непавагу да грамадзтва». Адвакат Вадзім Мушынскі кажа, што лаянка звычайна выяўляецца на чыйсьці адрас. Ён перакананы, што Навуменка не лаяўся. Прыставаньня да грамадзян і агрэсіі з боку Навуменкі не было. Ніхто абурэньня не выказваў. Адвакат перакананы, што складу адміністрацыйнага правапарушэньня не было. У рапартах і паказаньнях сьведкі супярэчнасьці, нестыкоўкі па часе.

Абвешчаны перапынак.

Мужчыны правялі за кратамі дзьве ночы. Лісавец і Навуменка ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг усярэдзіне натоўпу падчас выступу «Крамбамбулі» і пратрымалі яго да завяршэньня канцэрту. У часе выступу ані міліцыя, ані «людзі ў цывільным» не спрабавалі затрымаць мужчынаў, затрымалі іх па завяршэньні канцэрту. Нікога з натоўпу, хто быў у саколках з нацыянальнай сымболікай ці гукаў «Жыве Беларусь!», міліцыя не чапала.

Зьміцер Навуменка (справа)
Зьміцер Навуменка (справа)

Дэманстрацыя бел-чырвона-белага сьцяга ніяк не забараняецца законам наўпрост, але ў судах бел-чырвона-белы сьцяг, што быў дзяржаўным у 1991–1995 гадах, адносяць да «незарэгістраванай сымболікі».

Іван Лісавец
Іван Лісавец

​У кастрычніку 2016 году актывісты на чале зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам перадалі ў Міністэрства культуры 10 540 подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці (герб «Пагоня» ўжо прызнаны каштоўнасьцю). Актывістаў, якія зьбіралі подпісы, каралі штрафамі на тысячы рублёў.

«Крамбамбуля» выступіла ў Менску. Гледачы ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:54 0:00

10 базавых велічынь (230 рублёў) — штраф Зьмітру Навуменку, які на канцэрце гурту «Крамбамбуля» трымаў у руках бел-чырвона-белы-сьцяг.

Суд Заводзкага раёну Менску даў веры сьведчаньням міліцыянтаў, нібы Зьміцер Навуменка «размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся і быў у стане алькагольнага ап’яненьня».

Другі зьвінавачаны — Іван Лісавец, сьлесара электрамэханічнага заводу. Адказвае на пытаньні судзьдзі Някрасавай па-беларуску.

У судзе абвешчаны перапынак.

Згодна з пратаколам, Іван Лісавец «у стане алькагольнага ап’яненьня лаяўся, крычаў, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў».

Сьведка Васіль Сьвірыдовіч — опэрупаўнаважаны аддзелу па наркакантролі. Сьцьвярджае, што нёс службу ў суботу 5 жніўня ў цывільным адзеньні. Падчас выступу Лявона Вольскага Іван Лісавец нецэнзурна выказваўся, гучна крычаў, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў. Паводле міліцыянта, «нецэнзурная лаянка была безадраснай».

Другі сьведка — опэрупаўнаважаны Яўген Каткавец.

Іван Лісавец сказаў, што бел-чырвона-белым сьцягам ён сапраўды махаў, сьцяг перадавалі па руках. Ён здымаў на відэа фрагмэнты выступу Лявона Вольскага.

Іван адмаўляе, што нецэнзурна лаяўся, толькі падпяваў Вольскаму.

Адвакат Івана Лісаўца адзначыў супярэчнасьці ў пратаколе і паказаньнях сьведак. Ён выказаў сумнеў, што на адлегласьці 5 мэтраў пры гучнай музыцы можна пачуць лаянку ці наагул разабраць, што людзі гавораць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG