Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» падала заяўку на сьвяточнае шэсьце да гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі


«Моладзь БНФ» зьбірае подпісы, ілюстрацыйнае фота

Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР прынялі 27 ліпеня 1990 году, а 25 жніўня 1991-га Вярхоўны Савет надаў ёй статус канстытуцыйнага акту, у выніку чаго Беларусь афіцыйна стала незалежнай дзяржавай.

Гэта дазволіла беларусам пачаць ня толькі фармальна, але і юрыдычна ўпарадкоўваць сваё далейшае жыцьцё, абапіраючыся на сваё ўласнае беларускае бачаньне. І менавіта таму гэты дзень — сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, вартая ўшанавання.

такая дата сапраўды важная для любога народа. Але пры нашым рэжыме яна ня толькі не адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае сьвята, а, наадварот, ушанаваньне яе фактычна забаронена

«Менавіта пасьля 25 жніўня 1991 году міжнародная супольнасьць нарэшце прызнала Беларусь раўнапраўнай незалежнай дзяржавай. Вядома, што такая дата сапраўды важная для любога народа. Але пры нашым рэжыме яна ня толькі не адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае сьвята, а, наадварот, ушанаваньне яе фактычна забаронена. Спробы адсьвяткаваць гэты дзень могуць выклікаць арышты і рэпрэсіі з боку уладаў», — адзначыў адзін з заяўнікаў акцыі, сябра «Моладзі БНФ» Ягор Сергіенка.

Для «Моладзі БНФ» 25 жніўня — сьвята двайное. У гэты дзень у 2015 годзе арганізацыя аднавіла дзейнасьць пасьля трохгадовага перапынку.

Каб адзначыць дату годна, актывісты падалі заяўку на правядзеньне сьвяточнага шэсьця зь мітынгам 25 жніўня. У сувязі з забаронай распаўсюджваць інфармацыю пра месца і час акцыі і каб не даваць падставаў для адмовы, адпаведная інфармацыя будзе распаўсюджаная пасьля атрыманьня дазволу, які мусіць быць дадзены не пазьней за 20 жніўня.

мы ня можам гарантаваць аплату магчымых штрафаў, то ў выпадку адмовы ня будзем падстаўляць людзей
​«Безумоўна, мы спадзяемся атрымаць дазвол на правядзеньне акцыі. Аднак мы разумеем сытуацыю ў краіне, і паколькі мы ня можам гарантаваць аплату магчымых штрафаў, то ў выпадку адмовы ня будзем падстаўляць людзей. Мы адказныя палітыкі, а не палітычныя авантурысты, якія клічуць на вуліцу, не абдумваючы магчымыя наступствы. Так, 25 жніўня — сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, але яшчэ не наступіў той вызначальны момант, каб дзеля яе сьвяткаваньня ахвяраваць свабодай людзей ці ствараць ім праблемы», — сказаў іншы заяўнік, кіраўнік Менскай арганізацыі «Моладзі БНФ» Багдан Сакалоў.
скаапэраваць неабыякавую моладзь з усёй краіны — гэта ўжо вялікае дасягненьне

«Гэты дзень — важная дата як у гісторыі Беларусі, так і ў гісторыі „Моладзі БНФ“. За два апошнія гады існаваньня арганізацыі мы здолелі шмат чаго зрабіць, рэалізавалі некалькі пасьпяховых праектаў. І праца працягваецца. Наагул, скаапэраваць неабыякавую моладзь з усёй краіны — гэта ўжо вялікае дасягненьне, а зрабіць так, каб усе разам зладжана працавалі на агульную ідэю, — гэта посьпех. Мы ня можам ігнараваць знакавую дату і прыкладзем усе намаганьні, каб атрымалася ўсё, што заплянавалі. Але для гэтага нам вельмі патрэбная падтрымка беларускага народа», — кажа намесьнік кіраўніка «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік.

Паводле маладзёнаў, акцыя 25 жніўня стане лякмусавай паперкай для сёньняшніх уладаў і дазволіць высьветліць іх сапраўднае стаўленьне да незалежнасьці Беларусі і волі беларускага народу. Першачарговая мэта, як фармулююць яе актывісты, — «адзначыць сьвяточны дзень, а ня проста памітынгаваць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG