Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці малююць Скарыну: выстава да 500-годзьдзя беларускага кнігадруку


5 жніўня ў менскім Палацы мастацтва адбудзецца адкрыцьцё выставы дзіцячай і моладзевай творчасьці «Францішак Скарына — наш лёс, наша мінулае, наша будучыня». Імпрэза прысьвечаная 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадруку.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Беларускага саюзу мастакоў, 6 жніўня 1514 году ў Празе Чэскай беларускі асьветнік, пісьменьнік, перакладнік, доктар у лекарскіх навуках, культурны дзяяч, навуковец выдаў на даўняй беларускай мове першую друкаваную кнігу ва Ўсходняй Эўропе.

Гэтай кнігай быў Псалтыр — адна з 23 кніг Бібліі, якія падрыхтаваў да друку Скарына. У прадмове да Псалтыра Скарына напісаў: «Дзецям малым пачатак усякае добрае навукі, дарослым памнажэньне ў навуцы, мужам моцнае сьцьвярджэньне».

Падзея засьведчыла высокі ўзровень беларускай культуры — гэта была эпоха высокага Адраджэньня ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэты час назвалі Залатым векам Беларусі-Літвы.

Год юбілею беларускага друку стаў для многіх беларускіх дзяцей і моладзі значным у творчым пошуку. Рыхтуючы выставу, яны актыўна далучыліся да ідэяў, літаратурнай і мастацкай спадчыны Скарыны.

У імпрэзе возьмуць удзел школьнікі Полацкай, Аршанскай і Берасьцейскай мастацкіх школаў, мастацкіх навучальных установаў Горадні, узорнай студыі «Крынічка» Рэспубліканскага цэнтру дзіцячай і моладзевай творчасьці, Менскай мастацкай гарадзкой гімназіі-каледжу, Рэспубліканскай гімназіі-каледжу мастацтваў імя Ахрэмчыка, Менскага мастацкага каледжу імя Глебава.

Свае працы пакажуць юныя мастакі Аляксандра Ржэчыцкая, Дар’я Грыцэвіч, Ганна Сімонік, Мікола Храмцоў, Марыя Варакса, Альжбета Малішэўская-Спрынчан, Лізавета Шах, Ксенія Сахон, Лізавета Савіцкая, Кацярына Закаблукава і іншыя. Дзеці малююць Скарыну і ягоныя славутыя месцы.

Па выніках выставы адбудзецца конкурс у дзьвюх намінацыях — дзіцячай і моладзевай творчасьці. Усе ўдзельнікі выставы будуць адзначаныя. Тэрмін працы экспазыцыі ад 5 да 9 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG