Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацкая рада ўхваліла праект помніка Скарыну для Кішынёва, прапанаваны Лойкам. Чым першадрукар абавязаны Малдове?


Рэспубліканская экспэртна-мастацкая рада па манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхасём Баразной ухваліла эскізны праект скульптара Гэніка Лойкі — помнік-бюст першадрукара Францішка Скарыны.

Помнік маюць усталяваць ужо сёлета ўвосень — у цэнтры Кішынёва, у сквэры насупраць беларускай амбасады.

Праект помніка Скарыну для Кішынёва, прапанаваны Лойкам
Праект помніка Скарыну для Кішынёва, прапанаваны Лойкам

Раней заяўка Гэніка Лойкі перамагла ў конкурсе, абвешчаным Міністэрствам культуры — ягоную працу прафэсійнае журы прызнала найлепшай зь дзевяці.

Згодна з патрабаваньнямі арганізатараў, кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне павінна быць рэалізаванае «у найлепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва».

Спачатку на помнік (з улікам выкарыстанага матэрыялу) меркавалася патраціць ня больш за 150 тысяч рублёў. Аднак у працэсе суму зьменшылі ў 10 разоў.

Сам Гэнік Лойка ў размове са Свабодай сказаў, што першапачаткова замахнуўся на манумэнтальны твор вышынёй у тры мэтры. Аднак ягоны імпэт хутка прызямлілі, абмежаваўшы 1 мэтрам 25 сантымэтрамі. На мастацкай радзе ўсё ж удалося адваяваць дадатковыя 25 сантымэтраў, і цяпер гаворка ідзе пра «паўтары натуры»:

«Я прынёс два эскізы — 1,25 і „паўтарачны“. І яны пасьля абмеркаваньня сказалі, што прымаюць большы. То бок пагадзіліся на „паўтары натуры“, але пры тым жа фінансаваньні. Бо спачатку закладалі ня меней за 150 тысяч рублёў, ну, а ўрэшце выйшла 15 тысяч — як быццам „ня менш“. Канчатковую лічбу назвалі ўжо пасьля таго, як мне прысудзілі перамогу ў конкурсе».

Скульптар Гэнік Лойка
Скульптар Гэнік Лойка

Як удакладніў Гэнік Лойка, пры канцы паседжаньня Міхась Баразна запытаў у сябраў рады, «як будзем зацьвярджаць» — як эскіз ці як мадэль? Пастанавілі — як «рабочую мадэль».

Ідзе змаганьне і за напісаньне імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу на помніку павінен значыцца Францыск, аўтар жа настойвае на Францішку:

«Натуральна, я настойваю на варыянце з Францішкам, таму буду шукаць нейкія дыпляматычныя хады. Спадзяюся, што да маіх аргумэнтаў усё ж прыслухаюцца. Хоць, праўда, і далі зразумець, што ў гэтым праекце мусіць быць Францыск — маўляў, калі я сам прыняў умовы конкурсу, значыць, так і будзе. На жаль, тады не здагадаўся прывесьці іншы аргумэнт: паводле ўмоваў конкурсу была пазначана сума ў 150 тысяч рублёў. І калі так, то давайце быць пасьлядоўнымі ва ўсім. Але я гэтага не сказаў...»

Паводле Гэніка Лойкі, за комплексную рэалізацыю праекту адказвае архітэктар Віталь Арабей.

Чаму помнік беларускаму першадрукару паедзе менавіта ў Кішынёў? Умовы конкурсу гэтага не тлумачаць. Аднак некаторыя навукоўцы ўсур’ёз разглядаюць вэрсію, што Скарына мог быць пахаваны... на тэрыторыі сучаснай Малдовы.

Доктар філялягічных навук, прафэсар, загадчык катэдры славянскіх літаратур Белдзяржунівэрсытэту Іван Чарота ў нядаўнім інтэрвію радыё «Sputnik Беларусь» казаў, што мае факты, якія выходзяць па-за традыцыйныя ўяўленьні пра біяграфію «Георгія Скарыны»:

«Гэта тэксты, пра іх я меў уяўленьне яшчэ гадоў шэсьць таму. Ёсьць непасрэдны ўладальнік і захавальнік гэтых тэкстаў — пісьменьнік, літаратар Юры Іваноў, які пражывае ў Малдове. Ён прывозіў сюды гэтыя матэрыялы і паказваў малюнкі — дзьве фігуры, зьлева нейкі чалавек з каронай, справа чалавек у шапцы і над ім надпіс: „Юрга Скарына Полацкі“. Мы разумеем, што гэта Георгі ці Юры. На малюнку паміж імі на падстаўцы ляжаць друкаваныя кнігі», — казаў Чарота.

Па словах навукоўца, «малюнкі суправаджаюцца тэкстам, напісаным шрыфтам, блізкім да кірыліцы». У чарнавым перакладзе Юрыя Іванова гэты тэкст гучыць наступным чынам:

«І быў Юрга Скарына Полацкі ў Вялікай Сучаі і зямлі Малдаўскай, бо запрасіла яго з Прагі Чэскай добрая царыца малдаўская Алена Сэрбская, любая жонка вялікага гаспадара Пятра Стэфанавіча. Яна мела зарок надрукаваць кнігі-пісаньні пра сваіх вялікіх продкаў... якіх прынізілі і на якіх навялі вялікую хлусьню, няпраўду і крыўду праклятыя шалёныя туркі».

У тэксьце называецца канкрэтная дата, калі прыбыў у малдаўскія землі Юрга Скарына — 1520 год. І гаворыцца, што Скарына памёр 22 верасьня 1572 году ў цяперашніх Рошканах. Захавальніку матэрыялаў магчымае месца спачыну Скарыны яшчэ ў 1970-я паказаў ягоны дзед. Са словаў навукоўца, там быў прастакутны камень-стол зь вядомым знакам — месяцам, які закрывае сонца.

Паводле Чароты, цяпер ён чакае перакладаў усіх 11 аркушаў з тэкстамі, якія захоўваюцца ў Юрыя Іванова, каб зрабіць заключэньне. Пасьля гэтага, ягонымі словамі, можна выпраўляцца ў экспэдыцыю.

Гэнік Лойка кажа, што пасьля адкрыцьцяў прафэсара сустракаўся зь ім, выслухаў ягоныя аргумэнты. Аднак веры ня даў.

Ставіць пад сумнеў высновы Івана Чароты і намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша:

«Калі маё меркаваньне, то інфармацыя вельмі сумнеўная. Невядомыя паперы, на невядомай мове, невядомага паходжаньня, невядомага часу стварэньня. Наогул падобна на сучасныя казкі пад даўніну. Да таго ж арыгінал належыць прыватнай асобе, нейкаму невядомаму пісьменьніку, і трактуецца толькі ім самім. Самае дзіўнае, што ён гэтыя „ўнікальныя дакумэнты“ без праблемаў возіць празь мяжу і адзін у сьвеце „ведае“ пра месца пахаваньня Скарыны... Трэба было б спачатку дасьледаваць гэтую „ўнікальную“ крыніцу, праверыць яе, а ўжо пасьля арганізоўваць экспэдыцыі на пошук уяўнай магілы».

Раней Гэнік Лойка вырабіў узоры гліняных і мэталічных мэдальёнаў з сэрыі «Наша пяцісотгоднасьць». На тытуле — рысы твару Францішка Скарыны і юбілейная лічба 500.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG