Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Япіскап Арцемі: Усе захопнікі найперш зьнішчалі храмы і мову


Япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)
Япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)

«Пропаведзі» япіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія выйшлі ў сьвет ужо другім выданьнем і карыстаюцца попытам сярод сьвятароў і вернікаў. Як ідзе вяртаньне да роднай мовы ў праваслаўных храмах на Гарадзеншчыне і чым царква прываблівае моладзь — гутарка з архірэем.

— Уладыка, для Вас было прынцыпова выдаваць «Пропаведзі» па-беларуску?

— Безумоўна. Праблема мовы для нас вельмі важная. Мы цяпер патрабуем ад сьвятароў вядзеньня богаслужэньняў на беларускай мове. І найперш сьвятарам трэба пераходзіць на мову ў пропаведзях. Перавесьці ўвесь чын богаслужэньня — складана, вельмі цяжка перакласьці тэксты. Каб перакласьці іх якасна, трэба мець такіх сьвятароў, як Кірыла Тураўскі, чалавек пяць. Тады, можа, што і зрабілі б. А пропаведзь натуральная для кожнага сьвятара, і народ, слухаючы яе на роднай мове, будзе ўзбагачацца культурай свайго краю. Мы ж ведаем, калі прыходзілі захопнікі на нашую зямлю, яны найперш зьнішчалі храмы і мову. Бязь веры і мовы чалавек ператвараецца ў жывёліну, якою лёгка кіраваць. А прыкметы свабоднай асобы — вера і свая нацыянальная культура. Таму вельмі важна, каб гучалі пропаведзі па-беларуску.

Вокладка кнігі “Пропаведзі”
Вокладка кнігі “Пропаведзі”

— На Гарадзеншчыне Праваслаўная царква найбліжэй судакранаецца з Каталіцкім касьцёлам. Раней, у 90-я гады, часам здараліся канфлікты з-за храмаў. А сёньня — ці ўсё ціхамірна? Ці ўдаецца супрацоўнічаць?

— На маю думку, усе канфліктныя сытуацыі паміж канфэсіямі ня столькі рэлігійныя, колькі палітычныя. Рэлігія (ад лацінскага religare — зьвязваць, аб’ядноўваць) — гэта яднаньне Бога і чалавека. Чалавек, які мае Бога ў душы, зусім іначай ставіцца да свайго сабрата па веры. А ў нас часам імкнуцца ўсадзіць клін мірскога бязбожжа паміж канфэсіямі. Навошта? Скажам, я глыбока ўпэўнены, што ратаваньне для нас — у праваслаўі. Але некаторыя людзі думаюць іначай. Ну і хай сабе. Чалавек заходняга складу ня зможа выстаяць доўгае ўсходняе богаслужэньне. А чалавек усходні не зразумее богаслужэньня заходняга, калі некалькі літургіяў служыцца цягам аднаго дня. У нас на Гарадзеншчыне канфэсійная мяжа праходзіць праз сем’і, і мы ня маем права распальваць варожасьць. Наша задача — знайсьці агульнае. Хочаш даказаць сваю рацыю — дакажы праз Эвангельле, дакажы сваім жыцьцём. Найлепшае месца, дзе ўсе канфэсіі мірна суіснуюць, — гарадзенскі шпіталь. Там працуюць групы міласэрнасьці — праваслаўныя і каталіцкія. Мне таксама даводзіцца там лячыцца. У кожнай палаце ляжаць і праваслаўныя, і каталіцкія абразкі, усе ставяцца да гэтага з павагай і разуменьнем. Помню, зайшла каталіцкая манашка і запрасіла мяне на споведзь.

— Яна ведала, да каго зьвярталася?

— Не, я сядзеў проста ў халаце. На яе словы «слава Ісусу Хрысту!» я адказаў: «Слава навекі!» Яна мяне запрасіла на споведзь, я падзякаваў і сказаў, што калі дактары адпусьцяць, то прыйду. Усё вельмі ветліва, культурна, кожны запрашае да сябе, кожны можа наведаць і богаслужэньне, і споведзь, і прычасьце. Я ня чуў нейкай варажнечы ў выказваньнях.

— У касьцёлах беларускую мову можна пачуць усё ж часьцей, чым у праваслаўных цэрквах.

— Мы шмат гаворым пра мову, але мала што робім. Той, каму не хапае мовы ў царкве, сам, як правіла, у царкву ня ходзіць. Калі мы ўводзім у богаслужэньні беларускую мову, людзі часам пярэчаць: нашто нам гэта, пакіньце, як было раней. Тут галоўнае — не нашкодзіць, бо можна многіх адпіхнуць ад царквы. На маю думку, у кожным храме варта рэгуляваць богаслужэньні па-свойму. Да мяне неяк прыйшлі вернікі з Каложы з пытаньнем: чаму ў нас няма беларускамоўных богаслужэньняў? Я адказаў, што калі вы гэтага хочаце, то яны зьявяцца. І мы дабраславілі кожную суботу служыць па-беларуску. Думаеце, храм стаў перапоўнены? Тыя просьбіты адзін раз прыйшлі, паслухалі, папляскалі ў далоні. А потым засталіся тыя ж бабулькі... Мая мара — каб ва ўсіх нядзельных школах выкладалі па-беларуску. Я зьвяртаюся да бацюшак, калі наведваю прыходы, прашу шукаць настаўнікаў, каб вучылі нашых дзетак па-беларуску. Мы ўжо — як ёсьць, але дзеткі няхай зь дзяцінства прывучаюцца да роднай мовы ў царкве.

— Вы кажаце: вернікі папросяць — будуць богаслужэньні па-беларуску. Атрымліваецца, што паства кіруе пастырам. А ці не павінна быць наадварот?

— У нас паства розная. Калі я ўпершыню правёў беларускую службу ў Каложы, былі абураныя тэлефонныя званкі, што я «спаганіў традыцыйнае богаслужэньне». Але ж мы нічога «не спаганілі», а зьдзейсьнілі тое, на што атрымалі дабраславеньне. Не падабаецца — ня слухай, ідзі ў іншы храм. Таму, паўтаруся, кожны храм павінен мець як бы сваю спэцыялізацыю. Скажам, ёсьць старажытная Каложа — хай там гучыць беларуская мова. Ёсьць храм Усіх Беларускіх Сьвятых — сам Бог наказаў там дзень і ноч на роднай мове маліцца. Катэдральны сабор быў заснаваны вайскоўцамі — хай ён застаецца такім, якім быў, каб і для тых, хто да нас прыехаў, там было ўсё зразумела. Царква — жывы арганізм, і гэтым жывым арганізмам трэба акуратна і ўмела карыстацца.

— Адносна нядаўна Ваша эпархія была падзеленая, зьявіліся новыя архірэі. Як тлумачылася, гэта было зроблена для таго, каб япіскап быў бліжэй да народу. Ці сталася так? Скажам, ці ведаеце Вы кожнага сьвятара, кожны прыход?

— Усіх сьвятароў, безумоўна, ведаю. Ужо каля сотні новых сьвятароў прайшлі рукапалажэньне праз нашыя рукі. І прыходы мы часта наведваем, кожны сьвятар можа зьвярнуцца са сваімі праблемамі. Раней Гарадзенская эпархія ўключала і тэрыторыю Літвы, і Беласточчыну, ня кажучы ўжо пра Ліду і Наваградак. А цяпер Гарадзенскую вобласьць падзялілі на некалькі эпархіяў. Куды ўжо далей дзяліць? Каб у кожным калгасе свой япіскап быў? Ёсьць жа пэўныя традыцыі, высокі статус япіскапа, таму ўсё павінна быць у разумных межах. Пасьля вайны ўся Беларусь была адной эпархіяй — гэта таксама няправільна. Цяпер на Гарадзеншчыне некалькі эпархіяў зрабілі — паглядзім, якія будуць вынікі. Царкоўнае жыцьцё шматграннае. Недзе ў Заходняй Эўропе япіскап маючы пяць прыходаў радуецца, а дзе-небудзь у Расеі эпархіі і па пяцьсот прыходаў могуць быць.

Япіскап Арцемі і Міхась Скобла
Япіскап Арцемі і Міхась Скобла

— У адной з Вашых пропаведзяў гаворыцца, што праваслаўная царква мусіць быць ваяўнічай. Але хіба гэта не пярэчыць хрысьціянскаму пастуляту пра зьмірэннасьць, пра тое, што трэба падставіць правую шчаку, калі вас ударылі па левай?

— Не пярэчыць. Па-першае, трэба разумець дагматычны панятак — царква нябесная і царква зямная. Царква зямная — ваяўнічая супраць зла. Сэнс тут такі: вы не забіваеце хворага, вы забіваеце яго хваробу, дапамагаеце яму ваяваць з хваробай. Таму царква закліканая быць актыўнай і ваяўнічай, а не маўклівай і абыякавай да ўсяго, што адбываецца. Што да згаданага Вамі пастуляту, то яго сэнс у тым, што нельга гвалтам супрацьстаяць гвалту — зло злом ня вынішчыш. Часам любоў, зьмірэньне і ахвярнасьць мацней за любую зброю. Гасподзь адкрыта сказаў: калі ты хочаш даказаць сваю рацыю — аддай за яе жыцьцё. Калі б кожны з нас за чысьціню хрысьціянскага жыцьця, за яго прынцыпы быў гатовы аддаць жыцьцё, то мы мелі б зусім іншы стан грамадзтва. Таму хрысьціяне — соль зямлі, яны ўсім замінаюць. Але мы не павінны журыцца, мы павінны змагацца са злом.

— Пытаючыся пра ваяўнічасьць царквы, я яшчэ адзін аспэкт меў на ўвазе. Часам можна бачыць, як сьвятар асьвячае ваенны карабель ці самалёт-зьнішчальнік. Як Вы да гэтага ставіцеся?

— Існуе традыцыя асьвячэньня сьцягоў — яна зразумелая. Асьвячаючы зброю, царква дабраслаўляе войска на абарону айчыны. Праблема ў тым, дзе тая зброя будзе выкарыстоўвацца. Калі, напрыклад, участковы міліцыянт зь пісталета стрэліць Вам у лоб, гэта застанецца на яго сумленьні. Пісталет тут не вінаваты. Царква ж дабраслаўляе ваяра на абарону жыцьця, на абарону айчыны ад пасягальніцтва зьнешніх сілаў. Але і тут нельга перагінаць палку. Самалёты, ракеты... Хутка космас пачнем асьвячаць. Што значыць сам працэс асьвячэньня? Мы просім Бога, каб тое, што асьвячаецца, пайшло на дабро. Не вада ж асьвячае, асьвячае наша малітва да Госпада. Скажам, чалавек просіць асьвяціць аўтамабіль, які набыў за заробленыя грошы. Тым самым ён просіць дабраславеньня, каб той аўтамабіль служыў на карысьць яго сям’і, дзеля дапамогі людзям і ў славу Божую.

— І ў Менску, і ў Горадні ёсьць храмы Ўсіх Беларускіх Сьвятых, і мы часам не задумваемся, хто і за што быў да іх залічаны. А ці ёсьць нейкія рысы, якія вылучаюць беларускіх сьвятых у почаце ўсіх кананізаваных Праваслаўнай царквой?

— Беларуская сьвятасьць мае свой спэцыфічны характар. Незалежна ад таго, ці гутарка ідзе пра князёў, сьвяціцеляў, мучанікаў або прападобных, іх сьвятасьць была, як правіла, дзейная, накіраваная на грамадзкае, агульнае дабро. Аскетніцтва, якое прынцыпова паклікана да ізаляваньня, асабістага збаўленьня, у беларускіх сьвятых спалучалася з грамадзкім служэньнем. Беларускія сьвятыя не абмяжоўваліся манастырскімі кельлямі, яны несьлі ў народ сьвятло сваіх ведаў і ўласны прыклад праведнага жыцьця. Бо хто такія сьвятыя? Гэта людзі, падобныя да Хрыста. Яны адрозьніваюцца ад астатніх тым, што наблізіліся да эвангельскага ідэалу Збавіцеля. У чым яшчэ асаблівасьць нашых беларускіх сьвятых? Іх параўнальна мала, і мы выдатна іх ведаем — і Кірылу Тураўскага, і Эфрасіньню Полацкую. Яны сваім духоўным подзьвігам зьвязаныя з нашай айчынай, і мы молімся да іх, каб айчына нашая, Беларусь, адрадзілася — у хрысьціянскім сэнсе.

— З Вашай кнігі мне запомнілася адна гісторыя, як у час ваяўнічага бязбожжа нейкі чыноўнік сказаў сьвятару: вось памруць вашыя бабулькі, і застаняцеся вы бязь вернікаў. На што сьвятар адказаў: а нашыя бабулькі несьмяротныя... Хай так і будзе, але чым Вы сучасную моладзь прывабліваеце ў храмы?

— Мы праводзім заняткі ва ўнівэрсытэце, сябруем са студэнтамі, знаходзім зь імі агульную мову. Ад моладзі ўсё ў жыцьці залежыць, у тым ліку царква. Нездарма, паміраючы на крыжы, Ісус Хрыстос даручае клапаціцца пра сваю Маці Багародзіцу Іаану Багаслову, якому на той час было гадоў 16–17. Хрыстос кажа: «Гэта маці твая!» І такім чынам зусім маладому чалавеку ён даручае Царкву. Сёньняшняя моладзь усё бачыць, усё адчувае, асабліва адчувае любую фальшывасьць. Зь ёю трэба ўмець кантактаваць. Калі я быў сьвятаром, мы на роварах зьдзяйсьнялі палёмніцтвы з нашай нядзельнай школай і місіянэрскімі курсамі ў Полацкі манастыр і ў Жыровічы. Было вельмі цікава. Увогуле, да спорту я стаўлюся станоўча, але не як да прафэсіі, а як да здаровага ладу жыцьця. Я думаю, што царква не прагадае, калі будзе надаваць гэтаму ўвагу. У нас на Гарадзеншчыне ў сельскай мясцовасьці вернікі да гэтага часу прыбываюць на службу на роварах. Прыяжджаеш у прыход і бачыш — стаяць каля царквы дваццаць ровараў. Мы і другімі відамі спорту займаемся. Вунь у кабінэце сакратара эпархіі айца Анатоля кубкі стаяць — за перамогі нашай праваслаўнай моладзі ў спаборніцтвах па валейболе. А нядаўна футбольны турнір праводзіўся, я там таксама ўдзельнічаў, праўда, не гуляў, а дапамагаў судзіць. Так што стаўленьне маё да спорту вельмі станоўчае. На жаль, узрост і здароўе ўжо не дазваляюць мне сесьці на ровар і паехаць у суседнюю эпархію ў госьці.

Чын асьвячэньня Бібліятэкі імя Ларысы Геніюш пры Калоскай царкве. 2015 г
Чын асьвячэньня Бібліятэкі імя Ларысы Геніюш пры Калоскай царкве. 2015 г

— Два гады таму пры Каложы Вы асьвяцілі Бібліятэку імя Ларысы Геніюш, часам згадваеце яе ў сваіх пропаведзях. Для дзяржавы паэтка па-ранейшаму — ледзь не злачынец (бо нерэабілітаваная). А кім ёсьць Геніюш для Вас?

— Для мяне яна найперш хрысьціянка, якая ў цяжкія часы падтрымлівала сьвятара ў Зэльве. Усе ад яго адвярнуліся, а яна — бараніла, нават прытуліла ў сваёй хаце. Я не спэцыяліст у літаратуры і не магу аб’ектыўна ацаніць творчасьць Геніюш, але па яе творах відаць, што іх пісала верніца. Асабліва гэта відно ва ўспамінах пра лягер, дзе так кранальна апісана, як вязьні пяклі піражкі з крыжыкамі на Вялікдзень і віншавалі адзін аднаго. Гэта сапраўднае споведніцтва. Думаю, Ларысу Геніюш варта намаляваць у храме — як споведніцу нашай веры, якая сьведчыла пра Хрыста ў цяжкія часы.

— Сёлета ў Беларусі адзначаецца 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня, 500 гадоў беларускай Бібліі. Мне сустракаліся сьвятары, у якіх да Францішка Скарыны неадназначнае стаўленьне. А як ацэньваеце яго дзейнасьць Вы? І ці будзе ўшанаваная гэтая дата ў Вашай эпархіі?

— Дзякуй Богу, што беларусы разумныя людзі, бо аднымі зь першых займелі друкаваную Біблію на роднай мове. Што б там ні пісалі, гэта была беларуская мова, на якой размаўляў просты народ. Дзякуй Богу, што ў нас быў Скарына, гэта наш гонар. Што да ўшанаваньня, то мы ладзім асьветніцкія лекцыі, друкуем на сваім сайце адпаведныя матэрыялы, і ў Экзархаце мерапрыемствы пройдуць, скажам, плянуецца паездка па сьвятых мясьцінах. Неяк зьвярнуўся да мяне Алесь Белакоз з Гудзевічаў: уладыка, давайце кананізуем Скарыну. І я яму тлумачыў, што ня трэба зазямляць Царства Божае. Для таго, каб кананізаваць чалавека, спэцыяльная камісія працуе гадамі. Мы аказваем Скарыну пашану, пры прыходах ствараюцца бібліятэкі, у нас ёсьць Музэй беларускага кнігадрукаваньня, я сам бываў у тым музэі, вазіў на экскурсію сьвятароў. У Зэльве ў царкве ёсьць невялікі музэй Ларысы Геніюш, якая называла сябе «унучкай Скарыны». Мы ў Ваўкавыску і ў Горадні пры саборы ладзілі выставы старажытных кніг. Заахвочваем бацюшак казаць пропаведзі на роднай мове. Думаю, што ўсё гэта — таксама ўшаноўваньне Скарыны.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG