Вынікам гэтага працэсу можа стаць адмена рэформы сыстэмы мэдыцынскага страхаваньня, уведзенай падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы.
Гэтае рашэньне было прынята перавагай у адзін голас пасьля некалькіх тыдняў актыўных абмеркаваньняў праекту перайначанай рэформы сыстэмы страхаваньня, зь якой выдалена некалькі ключавых палажэньняў цяперашняга «Акту аб даступнай ахове здароўя».
Сэнатар-дэмакраты аднадушна выступаюць супраць адклiканьня «закону Абамы». Сярод рэспубліканцаў, якія валодаюць мінімальнай большасьцю ў Сэнаце, няма адзінай думкі пра гэты законапраект. Некалькі чалавек лічаць, што яго ўвасабленьне не прывядзе да ажыцьцяўленьня заяўленай прэзыдэнтам Трампам і кіраўніцтвам рэспубліканскай партыі мэты — зьніжэньня росту кошту аховы здароўя і кошту страхавых полісаў. Каля дзясятка сэнатараў-рэспубліканцаў пагадзіліся прагаласаваць за пачатак дэбатаў толькі ў выніку ўгавораў прэзыдэнта Трампа, які настойвае на тым, што рэспубліканцы павінны выканаць адно з асноўных сваіх перадвыбарных абяцаньняў. Прэзыдэнт Трамп заявіў, што «Амэрыка наблізілася на адзін крок да вызваленьня ад кашмару «закону Абамы».
Фармальны працэс дэбатаў і перамоваў зацягнецца на некалькі дзён. У першым галасаваньні ў аўторак вечарам рэспубліканскі праект быў адхілены пераканаўчай большасьцю галасоў. Чакаецца, што рэспубліканцы неўзабаве вынесуць на галасаваньне новую вэрсію закону. У аўторак, выступаючы перад галасаваньнем, сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн выказаўся скэптычна ў дачыненьні адпрэчанага законапраекту, заявіўшы, тым не менш, аб падтрымцы ідэі адклiканьня «Акту аб даступнай ахове здароўя».