Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скасаваньне Obamacare адмяняецца? Рэспубліканцы ЗША страцілі два неабходныя галасы


Шанцы на скасаваньне рэформы аховы здароўя Obamacare ў Злучаных Штатах у прапанаваным цяпер выглядзе зьведзеныя практычна да нуля. Яшчэ два сэнатары-рэспубліканцы адмовіліся прагаласаваць за пачатак дэбатаў наконт новага законапраекту, распрацаванага Рэспубліканскай партыяй.

Цяпер скасаваньне Obamacare адкладзенае, але прэзыдэнт Дональд Трамп не адмовіўся ад самой ідэі. Пасьля навінаў пра страту неабходных галасоў ён напісаў у Twitter, што «Рэспубліканцы павінны проста скасаваць хісткі Obamacare і выпрацаваць новы плян у галіне аховы здароўя, які пачнецца з чыстай старонкі. Дэмакраты да іх далучацца!»

Сэнатары Джэры Моран і Майк Лі незалежна адзін ад аднаго ўвечары ў панядзелак заявілі, што ня могуць падтрымаць законапраект. Раней пра сваё непрыманьне дакумэнту заявілі два іншыя рэспубліканскія сэнатары, Сюзан Колінз і Рэнд Пол. Рэспубліканцы маюць 52 месцы ў 100-месным Сэнаце, таму без чатырох галасоў наўрад ці маглі дасягнуць ухваленьня свайго пляну — чакаецца, што 48 сэнатараў-дэмакратаў прагаласуюць супраць.

Рэформа атрымала неафіцыйную назву Obamacare праз падтрымку папярэдняга прэзыдэнта ЗША Барака Абамы і ягонай Дэмакратычнай партыі. У краіне, дзе практычна адсутнічае бясплатная мэдыцына, рэформа прынесла мэдыцынскае страхаваньне больш як двум дзясяткам мільёнаў чалавек.

Рэспубліканцы ж лічаць Obamacare неэфэктыўнай, настойваюць на замене рэформы новай. Абяцаньне пазбавіцца ад Obamacare было адным з асноўных перадвыбарных лёзунгаў Трампа.

Аднак выкананьне гэтай задачы ўскладнена расколам сярод заканадаўцаў-рэспубліканцаў, частка якіх настойвае на поўным адкліканьні Obamacare і замене яго новай рэформай, але большасьць занепакоеная тым, што такая рэформа прывядзе да страты страхаваньня некалькімі мільёнамі амэрыканцаў, якія атрымалі яго дзякуючы значнаму пашырэньню дзяржаўнага мэдыцынскага страхаваньня, першапачаткова прызначанага для бедных.

Гэта была ўжо другая за апошнія месяцы спроба рэспубліканцаў пазбавіцца ад Obamacare. Якую тактыку цяпер выбера кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі, невядома. Кіраўнік сэнацкай большасьці Мітч Макконэл папярэджваў, што ён гатовы пайсьці на перамовы з дэмакратамі ў выпадку адмовы рэспубліканцаў падтрымаць законапраект.

Заканадаўцы-дэмакраты выступаюць супраць адкліканьня Obamacare і гатовыя дамаўляцца толькі аб перайначваньні дзейнага закону. Ня выключана, што рэспубліканцы ня будуць у найбліжэйшай будучыні рабіць новыя спробы адклікаць гэты закон і засяродзяцца на рэформе сыстэмы падаткаабкладаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG