Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпраўлена: Амэрыканскі блогер Джэк Пасобец заручыўся зь беларускай Тацьцянай. Фота ў вышыванках

абноўлена

Джэк Пасобец і Таня Горбач
Джэк Пасобец і Таня Горбач

Грамадзкі актывіст і папулярны блогер Джэк Пасобец, якога абвінавачваюць у датычнасьці да Macron Leaks, заручыўся ў Беларусі з ураджэнкай Івацэвічаў Тацянай Горбач.

У сваім твітэры Пасобец публікуе фотаздымкі ў беларускім традыцыйным адзеньні.

«Не магу паверыць, пасьля ўсіх гэтых гадоў нарэшце настаў вялікі дзень. Увесь на нэрвах, але таксама я найшчасьлівейшы чалавек у цэлым сьвеце», — напісаў Пасобец у сваім твітэры 23 ліпеня.

Пасобец заручыўся з Таняй Горбач — дзяўчынай з Івацэвічаў, якая жыве ў ЗША. Пра яе раней ужо падрабязна пісала Свабода. Напярэдадні Таня выкладала фота з пярсьцёнкам. А ўчора яна апублікавала ў сваім твітэры фота, на якім яна і Джэк апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі. Учора Джэк апублікаваў твіт па-беларуску: «Мець добры дзень усім!» (літаральны пераклад з ангельскай Have a good day, everybody!).

Пасобец адзначае, што Беларусь «вельмі хрысьціянская» краіна, выкладвае фота беларускіх грошай «з крыжамі і бібліямі». І дадае: «Цудоўна, калі твая валюта не кантралюецца Ўсясьветным банкам».

Напярэдадні разам з Таняй Джэк быў у Польшчы і Ўкраіне. Цяпер яны наведалі Берасьцейскую фартэцыю.

У траўні Джэк і Таня абвясьцілі пра свой новы праект #SlavSpring — «славянская вясна». Яны абяцалі, што летам і ўвосень паедуць у падарожжа ва Ўсходнюю Эўропу, «каб выкрыць, як Сорас спрабуе паставіць пад кантроль Польшчу ды іншыя славянскія нацыі».

33-гадовы Джэк Пасобец — папулярны амэрыканскі блогер і палітычны актывіст. У 2016 годзе ён далучыўся да буйнога грамадзкага руху ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Дональда Трампа. Быў там праектным дырэктарам. Пасьля пасьпяховай прэзыдэнцкай кампаніі Джэк пачаў працаваць на правае канадзкае выданьне The Rebel — узначальваў бюро ў Вашынгтоне.

У амэрыканскіх СМІ яго называюць тролем і кажуць пра датычнасьць Пасобца да Macron Leaks, а таксама зьвязваюць са скандаламі Pizzagate.

У папярэдняй вэрсіі артыкула цырымонія ў Беларусі памылкова называлася вясельлем. Прыносім прабачэньні Джэку і Тацьцяне за некарэктную інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG