Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН абмяркуе на экстраным паседжаньні новую хвалю гвалту ў Ерусаліме


Палестына, ўзброенае крыло палестынскага руху ХАМАС. Ілюстрацыйнае фота.

Новыя сутыкненьні паміж ізраільцянамі і палестынцамі пачаліся пасьля абмежаваньня доступу мусульман да сьвятыні ў Старым горадзе.

Рада бясьпекі ААН у панядзелак правядзе пазачарговае паседжаньне для абмеркаваньня новай хвалі гвалту паміж ізраільцянамі і палестынцамі — самых жорсткіх сутыкненьняў паміж імі за некалькі гадоў, паведамляе «Голас Амэрыкі»

Ізраіль паведаміў у нядзелю аб арышце сама меней 25 чалавек, у тым ліку чальцоў групоўкі баевікоў ХАМАС, якія, як лічаць ізраільскія афіцыйныя асобы, удзельнічалі ў нядаўніх сутычках.

Сутыкненьні пачаліся вечарам у суботу ў Старым горадзе Ерусаліму пасьля таго, як улады закрылі мусульманам доступ да сьвятыні, якую яны ўшаноўваюць як «высакароднае сьвяцілішча», тады як прыхільнікі юдаізму называюць яе Храмавай гарой. Сотні мужчын-мусульман дэманстратыўна сабраліся непадалёк на вячэрнюю малітву і пратэставалі супраць усталяваньня мэталяшукальнікаў.

Каардынатар дзеяньняў ураду на Тэрыторыях генэрал-маёр Яаў Мардэхай заявіў, што Ізраіль гатовы абмяркоўваць альтэрнатывы мэталяшукальнікам, якія былі ўсталяваныя пасьля забойства двух ізраільскіх паліцыянтаў побач са сьвятым месцам.

«Адзінае, чаго мы хочам дамагчыся, — гэта каб больш ніхто ня змог прайсьці туды са зброяй і зладзіць яшчэ адну атаку», — сказаў ён.

Мусульманскія арганізацыі Ерусаліму ў нядзелю распаўсюдзілі заяву, у якой пацьвердзілі «катэгарычнае непрыманьне электронных рамак і ўсіх захадаў акупацыі».

Ізраільскія ўлады паведамілі ў суботу пра ператрус дома палестынца, што пражывае на Заходнім беразе ракі Ярдан, які ўвайшоў у дом габрэйскай сямʼі падчас вячэры і нанёс нажавыя раненьні траім ізраільцянам.

Двое пацярпелых памерлі ў пятніцу неўзабаве пасьля нападу ў паселішчы Нэвэ-Цуф, на поўнач ад Рамалы. Трэцяя ахвяра памерла пазьней у той жа дзень.

XS
SM
MD
LG