Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што новыя захады бясьпекі ў Старым горадзе ў Ерусаліме застануцца ў сіле.
Выступаючы 23 ліпеня на пасяджэньні кабінэту, Нэтаньягу сказаў, што ў найбліжэйшы час будзе зьнесены дом палестынскага «тэрарыста», які ў пятніцу забіў трох пасяленцаў на Заходнім беразе Ярдану.
Ліга арабскіх дзяржаваў папярэдзіла, што Ізраіль «гуляе з агнём», абмяжоўваючы доступ на Храмавую гару. У будучую сераду Ліга праводзіць тэрміновае пасяджэньне ў сувязі з новым абвастрэньнем ізраільска-палестынскага канфлікту.
22 ліпеня ў Ерусаліме памерлі двое палестынцаў, пацярпелых у сутыкненьнях з паліцыяй мінулае пятніцы. У той дзень загінулі яшчэ чацьвёра палестынцаў.
Новая хваля гвалту пачалася пасьля таго, як улады Ізраілю – у адказ на забойства двух паліцыянтаў у Старым горадзе 14 ліпеня – усталявалі мэталядэтэктары і абмежавалі ўваход на Храмавую гару – сьвятое месца для мусульман і юдэяў. На знак пратэсту палестынцы сталі маліцца проста на плошчы. Спачатку акцыя працякала мірна, але потым маладыя палестынцы сталі кідаць у паліцэйскіх камяні, вартавыя парадку ўжылі ў адказ шумавыя гранаты.
24 лiпеня Рада Бясьпекі ААН – на запыт Эгіпту, Францыі і Швэцыі – праводзіць тэрміновае закрытае пасяджэньне што да сытуацыі ў Ерусаліме.
Ізраіль не скасуе новых захадаў бясьпекі ў Ерусаліме