Кіраўнік палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас папярэдзіў, што перавод у Ерусалім амбасады ЗША ў Ізраілі «не дапаможа мірнаму працэсу».
Абас прамаўляў на адкрыцьці палестынскай амбасады ў Ватыкане пасьля сустрэчы з папам рымскім Францішкам.
Падчас сваёй выбарчай кампаніі абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў прызнаць Ерусалім у якасьці сталіцы Ізраілю і перанесьці туды амэрыканскую амбасаду.
Ватыкан афіцыйна прызнаў палестынскую дзяржаву ў 2015 годзе, выклікаўшы абурэньне з боку Ізраілю.
15 студзеня ў Францыі пачнецца міжнародная канфэрэнцыя, якая мае паспрыяць мірным перамовам паміж палестынскім і ізраільскім бакамі.
Статус Ерусаліму — адна з найбольш далікатных і складаных праблемаў у гэтым канфлікце. Палестынцы лічаць Усходні Ерусалім сталіцай сваёй будучай дзяржаве, у той час як Ізраіль абвяшчае ўвесь горад сваёй сталіцай.