Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: адмена санкцыяў супраць Расеі немагчымая да вырашэньня крызісаў ва Ўкраіне і Сырыі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не адменіць санкцыяў супраць Расеі, калі Масква не пагодзіцца на вырашэньне канфліктаў ва Ўкраіне і Сырыі.

«Я ніколі не адмяню санкцыяў, пакуль ня будзе зроблена тое, што задаволіць нас і задаволіць усіх у Сырыі і Ўкраіне», — заявіў Дональд Трамп 13 ліпеня ў размовах з журналістамі на прэзыдэнцкім самалёце, калі накіроўваўся ў Парыж для перамоваў з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

«Чаму я павінен адмяняць санкцыі, не атрымліваючы нічога?» — спытаў Трамп, дадаўшы, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ня ставіў пытаньня пра санкцыі падчас сустрэчы на мінулым тыдні ў Нямеччыне.

Гэтыя камэнтары Трампа спачатку былі зробленыя ў рэжыме, які не прадугледжвае апублікаваньня, але пасьля гэтыя словы былі апублікаваныя Белым домам.

Трамп неаднаразова абяцаў прытрымлівацца санкцыяў супраць Расеі, накладзеныя ягоным папярэднікам у прэзыдэнцкім офісе Баракам Абамам праз агрэсію Масквы.

У чэрвені Сэнат ЗША амаль аднагалосна прыняў законапраект, які мае на мэце выключыць зьмякчэньне санкцыяў без дазволу Кангрэсу. Белы дом выступае супраць зацьвярджэньня гэтага законапраекту, паколькі лічыць, што ён абмяжуе прэзыдэнта ў рэалізацыі паўнамоцтваў, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG