Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе адноўленая праца над законам аб санкцыях супраць Крамля


Эд Ройс, кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах

Кангрэс ЗША можа неўзабаве аднавіць працу над законапраектам аб санкцыях супраць расейскіх грамадзян і расейскіх кампаніяў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters.

Яно спасылаецца на крыніцы ў Кангрэсе, паводле якіх паміж заканадаўцамі-рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Палаце прадстаўнікоў вядуцца інтэнсіўныя дыскусіі, вынікам якіх можа стаць кампрамісны законапраект, што прадугледжвае ўзаконьваньне існуючых санкцый, увядзеньне санкцый за парушэньне правоў чалавека, кібэратакі і стварэньне базісу для санкцый у дачыненьні да расейскай горназдабыўнай, мэталюргічнай галінаў прамысловасьці, чыгуначнага і марскога транспарту. Адпаведны варыянт законапраекту ўжо ўхвалены Сэнатам, але яго рух у Палаце прадстаўнікоў быў прыпынены праз рознагалосьсі заканадаўцаў наконт некаторых непрынцыповых пунктаў гэтага дакумэнту. Супраць законапраекту рашуча выступае адміністрацыя Дональда Трампа, якая настойвала на тым, што ён створыць сур’ёзныя цяжкасьці ў стасунках з Расеяй.

Інфармацыя, што зьявілася ў апошнія дні, пра сустрэчу сына прэзыдэнта Трампа Дональда Трампа-малодшага з расейскай адвакаткай, якая нібыта мела дакумэнты, што кампрамэтуюць Гілары Клінтан, надала новы імпульс рабоце над законапраектам. Стэнлі Хоер, адзін з кіраўнікоў дэмакратычнай фракцыі, заявіў, што гэты дакумэнт можа быць прадстаўлены да галасаваньня ўжо на гэтым тыдні. Эд Ройс, рэспубліканец, кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах, паведаміў, што ён падасьць свой уласны законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць Расеі, калі цяперашняму варыянту гэтага біля не будзе дадзены ход.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG