Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кудзіненка дапаможа пачаткоўцам зьняць фільм за 5 дзён на кінафоруме «Хранатоп»


Фрагмэнт афішы фэстывалю

У арт-вёсцы Каптаруны, што за Лынтупамі на мяжы зь Літвой, 22 ліпеня стартуе другі міжнародны кінафорум «Хронотопь 7.0 Art:Reboot». Плянуюцца два дні кінапаказаў на вольным паветры, лекцыі і гутаркі з рэжысэрамі зь Беларусі, Расеі, Польшчы і Ўкраіны, філёзафамі і крытыкамі, майстар-клясы і канцэрты.

Таксама ў праграме кіналягер — супольна з кінашколай-студыяй Андрэя Палупанава і беларускім рэжысэрам Андрэем Кудзіненкам ахвочым прапануюць за 5 дзён зьняць кароткамэтражны фільм проста ў Каптарунах. Найлепшыя работы трапяць у кінаальманах «Хранатоп».

Каб трапіць на форум ці ў кіналягер, трэба прафінансаваць свой удзел праз сайт Talaka.by. Усе падрабязнасьці арганізатары разьмяшчаюць у суполцы «ЎКантакце» .

Андрэй Кудзіненка, архіўнае фота
Андрэй Кудзіненка, архіўнае фота

Імпрэза называецца кінафорумам «памежнага кіно». Што гэта значыць, Свабодзе тлумачыць Андрэй Кудзіненка:

«Па-першае, цяпер памежны час, калі мяняюцца ўсе трэнды — эканамічныя, інфармацыйныя, тэхналягічныя, эстэтычныя. Цяпер мяшаюцца жанры, кіно ідзе незразумела ў які бок, невядома, якая будзе парадыгма, мадэль кінамастацтва. Таму мы робім фокус на памежжа між традыцыямі і авангардам, між кіно, якое мы звыклі бачыць, і сучасным мастацтвам, між жанрамі дакумэнтальнага і ігравога кіно.

Памежнае і таму, што Беларусь знаходзіцца між дзьвюх цывілізацый, між захадам і ўсходам. Таму ў нас будзе і польская праграма, украінская, расейская, зь Літвы будуць прафэсары праводзіць лекцыю, і будзе беларуская праграма маладога кіно.

Таксама наш форум называецца Art:Reboot — перазагрузка. Людзі зьяжджаюць з гораду, бачаць нестандартную праграму. Такой вы не пабачыце ні на „Лістападзе“, ні на Cinema Perpetuum Mobile. У нас фокус зусім іншы».

У форуме возьмуць удзел філёзафы Альміра Ўсманава і Андрэй Горных, гукарэжысэр Яўген Рагозін, музыка Наста Шпакоўская (Naka), кінакрытык Антон Сідарэнка; адмысловыя госьці — прадусар і рэжысэр Андрэй Сільвестраў, заснавальнік Лігі экспэрымэнтальнага кіно і прэзыдэнт Канскага фэстывалю (Канск, Расея), а таксама рэжысэры з Польшчы — Пётар Расалоўскі і Ўкраіны — Аляксандра Чупрына, чые фільмы будуць паказаныя ў Каптарунах, і іншыя.

На форум, як кажа Кудзіненка, запрашаюць усіх — ня толькі тых, хто хоча здымаць, але і ўсіх, хто хоча «глядзець і слухаць». Таксама любы, нават без адпаведнай адукацыі, можа запісацца на кіналягер:

«У нас ужо выпрацаваная мэтодыка, agile-мэтад экстрэмальнага кіно, калі за пяць дзён людзі без усялякай падрыхтоўкі здымаюць фільм».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG