Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць Беларускага ПЭН-цэнтру суд накіраваў на дапрацоўку


Будынак, у якім месьціцца ПЭН-цэнтар

11 ліпеня суд Савецкага раёну Менску накіраваў пазоў ЖРЭУ да Беларускага ПЭН-цэнтру на дапрацоўку. Пісьменьніцкую арганізацыю абвінавацілі ў тым, што яна выкарыстоўвае пад офіс жылое памяшканьне.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў.

— Мы зьвярнулі ўвагу суду, што пратакол складзены ня вельмі дакладна. Бо спачатку ў пратаколе было напісана, што адміністрацыйная справа супраць ПЭН-цэнтру і мяне як прадстаўніка. А потым было аформленая нібыта як справа супраць мяне як проста фізычнай асобы. То бок з пратаколу было незразумела, супраць каго накіраваны пазоў. Таму наша адвакатка падала хадайніцтва, што пратакол складзены няправільна і яго трэба накіраваць на дапрацоўку. Судзьдзя пасьля кансультацыяў пагадзіўся. На гэтым справа пакуль што скончылася.

— Пакуль цяжка сказаць, што гэта перамога, так?

— Гэта часовая перамога ў бітве, а не ў вайне. Яны павінны цяпер дапрацаваць пратакол. Але ня мае сэнсу перапрацоўка гэтага пратаколу, бо ён складзены на падставе акту, які дзейсны цягам двух месяцаў. А гэты тэрмін сканчаецца заўтра. Таму яны нават не пасьпеюць яго падаць у суд.

— То бок ПЭН-цэнтар пакуль застаецца ў тым жа памяшканьні?

— Але мы цяпер прапрацоўваем варыянт у сувязі з тым, што яны патрабуюць ад нас аднавіць перапляніроўку. Але яны спачатку павінны нам дазволіць яе аднавіць. Калі мы атрымаем гэты дазвол, то будзем глядзець, колькі гэта будзе каштаваць, і будзе бачна, што нам далей рабіць. Па дазвол я зьвярнуўся на мінулым тыдні. Тэрмін разгляду дакумэнтаў складае адзін месяц, і яны павінны даць нам адказ. Што мы павінны зрабіць, апроч таго як аднавіць гэтую перапляніроўку, яны нам ня кажуць. Мне падаецца, што справа тут у нечым іншым. Але наўпрост яны нам ня кажуць.

Раней Савецкі суд Менску разглядаў пазоў за непадпарадкаваньне супраць Паўла Анціпава ў сувязі з тым, што ПЭН-цэнтар не аднавіў перапляніроўку ў памяшканьні, як патрабавалі гэтага жыльлёва-камунальныя службы. Аднак суд не знайшоў тут складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Офіс ПЭН-цэнтру — дзьве кватэры на вуліцы Залатая Горка — перайшоў да ПЭН-цэнтру ад былых уладальнікаў зь незарэгістраванай перапляніроўкай.

XS
SM
MD
LG