Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальныя службы судзяцца зь Беларускім ПЭН-цэнтрам


Дом, у якім месьціцца ПЭН-цэнтар

11 ліпеня суд Савецкага раёну Менску разгледзіць пазоў ЖРЭУ да Беларускага ПЭН-цэнтру. Жыльлёва-рамонтнае эксплюатацыйнае ўпраўленьне Савецкага раёну выстаўляе прэтэнзіі ПЭН-цэнтру за нямэтавае выкарыстаньне жылога памяшканьня пад офіс.

Офіс ПЭН-цэнтру — дзьве кватэры на вуліцы Залатая Горка — перайшоў да ПЭН-цэнтру ад былых уладальнікаў зь незарэгістраванай перапляніроўкай. Калі гэта выявілася, адміністрацыя ды ЖРЭУ зразумелі, што праз гэта можна ціснуць на ПЭН-цэнтар. І пачынаючы з 2011-га ПЭН-цэнтар ня раз штрафавалі за нямэтавае выкарыстаньне памяшканьня — маўляў, жылыя кватэры нельга выкарыстоўваць пад офіс.

ПЭН-цэнтар ня раз спрабаваў вывесьці гэтыя кватэры з жылога фонду, але перашкаджала незарэгістраваная перапляніроўка, зробленая ранейшымі ўладальнікамі. Дарэчы, за яе ПЭН-цэнтар таксама штрафавалі не адзін раз.

Цяперашняя пляніроўка цалкам задавальняе патрэбы ПЭН-цэнтру. Памяшканьнем карыстаецца шмат хто: і сам ПЭН-цэнтар, і часопіс Makeout, тут праходзяць заняткі «Беларускага калегіюму», «Школы маладога пісьменьніка».

Намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў кажа:

«У аўторак прызначаны суд. А літаральна ўчора нам прыйшла папера, дзе нас пераканаўча просяць аднавіць за 10 дзён усе сьценкі, а інакш у суд пададуць яшчэ і за незаконную перапляніроўку, да якой ПЭН-цэнтар ніякага дачыненьня ня мае, бо набыў памяшканьне менавіта ў такім выглядзе.

Мы заключылі дамову з адвакатам, якая будзе абараняць нашы інтарэсы ў судзе».

Грошай на адваката і штрафы ў грамадзкага абʼяднаньня няма, таму кіраўніцтва зьвяртаецца да сябраў ПЭН-цэнтру з просьбай заплаціць складкі, а тых, каму ПЭН неабыякавы — зрабіць ахвяраваньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG