Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатральны мэнэджэр і крытык Alexey Strelnicov зьвярнуў увагу на тое, як нетыпова адчувае беларускую мову Сяргей Міхалок:

«Шыкоўная прамова Міхалка пра беларускую мову як «мову небясьпекі».

Сяргей Міхалок падчас свайго выступу на хутары Шаблі 8 ліпеня выказаўся пра беларускую мову. Музыкант узгадаў, як прабавіў сваё дзяцінства ў вёсцы Самахвалавічы пад Менскам, дзе чуў беларускую мову ад мясцовых хлопцаў-хуліганаў, таму асацыюе беларускую мову з «мовай выкліку».

Сяргей Міхалок прывёў прыклад асацыяцыі беларускай мовы з баявітасьцю на кантрасьце зь іншым вобразам:

«Мяне вельмі засмучала, што калі людзі размаўлялі з табой па-расейску, а пасьля пераходзілі на беларускую мову, голас іх рабіўся танчэйшы».

Сяргей Міхалок каротка і вобразна акрэсьліў праблему, якая існуе ў Беларусі ад даўніх часоў: беларускае — слабое, беларускае — неабароненае, беларускае — ахвярнае. Штосьці, з чым інстынктыўна ня хочацца мець справу, бо чалавека вабіць адваротнае — моцнае і пазытыўнае.

Узгадайце, як пасьля чытаньня ў школе беларускай літаратуры хацелася «ад усяго гэтага» адасобіцца, ня быць прыналежным да «кутка цемнаты», «сьляпых нібы крот», да ўсіх гэтых пэрсанажаў у лапцях, прыгнечаных людзей, якіх хтосьці прыходзіць і вызваляе.

Выглядала, што «беларус» — гэта нават не нацыянальнасьць, а сацыяльная група, асноўная прыкмета якой — вечныя гора-бяда.

Хоць у дзяцінстве Сяргей Міхалок летам бавіў час у беларускай вёсцы, якая ўрэшце і паўплывала на фармаваньне яго беларускай самаідэнтыфікацыі («Я беларусам стаўся, калі прыяжджаў да бабулі»), да 18 гадоў разам з бацькам-вайскоўцам будучы музыкант збольшага гадаваўся спачатку ў ГДР, а пасьля ў расейскіх Алтайскім краі і горадзе Нарыльску.

Таму Сяргей Міхалок глядзеў на паўстаньне беларускай ідэі адначасова і знутры, калі пераехаў у Менск, дзе паступіў на пачатку 1990-х у Інстытут культуры, і адначасова збоку. Адпаведна, ён заўважае рэчы, які для большасьці беларусаў былі звыклымі і неасэнсаванымі.

Думку пра тое, што беларуская мова павінна быць адзнакай ня слабасьці, а сілы і пазытыву, Сяргей Міхалок разгарнуў шырэй:

«Давайце яднацца ня толькі ў горы і хваробах, хай нас аб’ядноўваюць ня толькі „цені забытых продкаў“, давайце хай будзе аб’ядноўваць моцнае сьветлае заўтра».

Для мяне працытаваныя словы пра вобраз беларускай мовы і яднаньне моцных людзей дзеля пазытыву — самая галоўная думка, якая прайшла малазаўважанай у кантэксьце «Міхалок vs Матолька — скандал працягваецца ў сацсетках».

PS: А памылку з блогерам Антонам Матолькам, які ні за што патрапіў пад каток Сяргея Міхалка, можна выправіць асабістым зваротам з выбачэньнем. Моцныя пазытыўныя людзі могуць сабе дазволіць падобны крок.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG