Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары: Беларусі неабходна інтэгравацца ў эўрапейскі кантэкст


Аляксей Янукевіч

Дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад Альянсу эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў, якія ўдзельнічаюць у штогадовай сэсіі ў Менску, сёньня сустрэліся, каб паразмаўляць пра свае задачы.

На гэтую размову яны запрасілі старшыню партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Запрашэньне невыпадковае — гэта адзіная беларуская партыя, якая ўваходзіць у Альянс. Парлямэнтары Славаччыны, Польшчы, Бэльгіі, Італіі ды іншых краін на самым пачатку сустрэчы папрасілі спадара Янукевіча распавесьці ім пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі.

«Я зрабіў асноўны акцэнт на тым, што пытаньні дэмакратыі і свабоды не павінны заставацца ўбаку падчас дыялёгу эўрапейцаў зь беларускімі ўладамі — сказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч. — І добра было б, калі б ён разьвіваўся ня толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сфэры. Бо менавіта такі дыялёг дазваляе адцягваць Беларусь ад Расеі. А на сёньня менавіта Расея зьяўляецца галоўнай пагрозай для незалежнасьці і дэмакратыі Беларусі.

Я казаў пра неабходнасьць стварыць дарожную мапу для такога дыялёгу. І пра неабходнасьць супольнай падтрымкі Беларусі краінамі Эўропы і ЗША, у тым выпадку, калі Расея паспрабуе паўтарыць у нас украінскі сцэнар».

Лідэр партыі БНФ сказаў таксама, што замежныя парлямэнтары выказаліся ў падтрымку такіх захадаў. Яны адзначалі неабходнасьць інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскі кантэкст.

Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары паабяцалі падтрымаць на сэсіі праект рэзалюцыі, які ўнёс швэдзкі дэпутат Крыстыян Гольм.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG