Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія спэцслужбы датычныя да распаўсюду вірусу Petya.A. — СБУ


Вірус Petya.A, які атакаваў кампутары ўкраінскага ўраду і іншых ведамстваў, распаўсюджваўся з дапамогай расейскіх спэцслужбаў, — заяўляе Служба бясьпекі Ўкраіны.

Афіцыйнае паведамленьне разьмешчанае на сайце ведамства. Паводле дадзеных СБУ, заражэньне кампутарных сыстэмаў адбывалася ў некалькі этапаў напярэдадні дня Канстытуцыі Ўкраіны праз выкарыстаньне прыкладнога бухгальтарскага праграмнага забесьпячэньня.

«Кібэратака выглядае як звычайны вірус кшталту ransomeware (праграмнае забесьпячэньне для вымагальніцтва грошай) для ўзбагачэньня зламысьнікаў. На самай справе вірус зьяўляецца прыкрыцьцём маштабнай атакі, накіраванай на Ўкраіну. Пра гэта сьведчыць адсутнасьць рэальнага мэханізму завалоданьня сродкамі, прымітыўнасьць якога толькі пацьвярджае меркаваньне, што ўзбагачэньне не было мэтай нападу», — лічаць у Службе бясьпекі Ўкраіны. На думку ведамства, зламысьнікі хацелі зьнішчыць дадзеныя і пасеяць паніку.

Паводле інфармацыі СБУ, падобныя дзеяньні былі зафіксаваныя падчас хакерскай атакі з боку Паўночнай Карэі.

«Наяўныя дадзеныя, у тым ліку атрыманыя ў межах узаемадзеяньня зь міжнароднымі антывіруснымі кампаніямі, даюць падставы лічыць, што да нападаў датычныя тыя ж хакерскія групоўкі, якія ў сьнежні 2016 году атакавалі фінансавую сыстэму, аб’екты транспарту і энэргетыкі Ўкраіны з выкарыстаньнем шкоднага праграмнага забесьпячэньня „TeleBots“ і „Blackenergy“. Гэта сьведчыць пра дачыненьне да гэтай атакі спэцслужбаў Расейскай Фэдэрацыі», — заяўляюць у ведамстве.

30 чэрвеня СБУ апублікавала абноўленыя рэкамэндацыі па абароне кампутараў.

Паводле стану на 30 чэрвеня да нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паступіла ўжо 2108 паведамленьняў пра інфікаваньне кампутарных сетак вірусам-шыфравальнікам. Зь іх каля 600 паступілі толькі за апошнія суткі.

27 чэрвеня маштабная хакерская атака пачалася ва Ўкраіне. Яе аб’ектамі сталі кампутары ўраду, банкаў, прадпрыемстваў. Пра кібэратаку паведамілі і ў іншых краінах. Значны ўрон быў нанесены ў Італіі, краінах Цэнтральнай Эўропы і Ізраілі. У Расеі пад атакай апынулася дзяржаўная карпарацыя «Раснафта».

28 чэрвеня кампутарны вірус-вымагальнік Petya.А распаўсюдзіўся на краіны Азіі. У Індыі з-за кібэратакі выйшла са строю сыстэма кіраваньня грузамі найбуйнейшага порту краіны. Збоі зафіксавалі і ў Кітаі, аднак іх маштабы не былі настолькі значнымі.

Вірус Petya.А шыфруе дадзеныя на кампутары і патрабуе выкуп. Спэцыялісты па кампутарнай бясьпецы раяць нічога не плаціць — ніякіх ключоў пасьля выплаты грошай уладальнікі заражаных кампутараў не атрымліваюць.

Падобным чынам дзейнічаў вірус-вымагальнік WannaCry, ад якога ў траўні 2017 году пацярпелі больш за 300 000 кампутараў у 150 краінах.

XS
SM
MD
LG