Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы агучылі свае патрабаваньні напярэдадні сэсіі ПА АБСЭ ў Менску


Прадстаўнікі беларускага праваабарончай супольнасьці напярэдадні пасяджэньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, а таксама чарговага раўнду дыялёгу аб правах чалавека паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім зьвязам выказалі сваю агульную пазыцыю наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і агучылі стратэгію дзеяньняў.

На думку праваабаронцаў, «апошнія два гады ў краіне назіраюцца некаторыя пазытыўныя тэндэнцыі ў сфэры правоў чалавека. Аднак па-ранейшаму не прымаюцца захады, накіраваныя на сыстэмнае і якаснае паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека».

Праваабаронцы лічаць, што, «пачынаючы з сакавіка 2017 году, рэзка пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека ў краіне; улады вярнуліся да ўжываньня шырокіх рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманьні і арышты ўдзельнікаў мірных сходаў і праваабаронцаў, перашкоды ў працы журналістаў, палітычна матываваны крымінальны перасьлед. На працягу вясны 2017 году больш за тысячу грамадзян краіны зазналі рэпрэсіі, больш за сто зь іх былі арыштаваныя».

Праваабарончая супольнасьць зьвяртаецца да прадстаўнікоў беларускіх уладаў з прапановай прыняць дзейсныя захады для забесьпячэньня належнай абароны правоў чалавека і выкананьня міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых на сябе Рэспублікай Беларусь; не дапускаць выпадкаў крымінальнага перасьледу грамадзян з палітычных матываў і вызваліць усіх палітычных зьняволеных«.

У заяве таксама выкладзеныя канкрэтныя заклікі да ўлады зрабіць шэраг крокаў. Сярод іх, у прыватнасьці, адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, прывесьці ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі заканадаўства практыку прымяненьня ў галіне свабоды слова, сходаў, выказваньня думак і асацыяцый. Зьмяніць меру стрыманьня ў дачыненьні да ўсіх фігурантаў крымінальнай справы «аб стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня» і вызваліць іх з-пад варты. Увесьці мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня як першы крок да яго поўнай адмены і г.д.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG