Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі пасол распавёў пра свой выклік у МЗС і падрыхтоўку візыту Лукашэнкі ў Кіеў


Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім
Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім адказаў на пытаньні Свабоды з нагоды ўкраінскага Дня Канстытуцыі, які адзначаецца 28 чэрвеня, а таксама свайго нядаўняга выкліку ў МЗС Беларусі; ацаніў будучыя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» і расказаў пра падрыхтоўку да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.

Што беларусам варта ведаць пра Орліка

— Спадар пасол, напярэдадні Дня Канстытуцыі вы пабывалі ў вёсцы Касута Мядзельскага раёну, на радзіме ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка (1672–1742), аўтара першай украінскай Канстытуцыі. Ва Ўкраіне цяпер добра ведаюць пра яго, шмат пішуць, а ў Беларусі ня надта. Што на вашу думку, беларусам варта ведаць пра гетмана Орліка?

— На беларускай зямлі, вельмі блізкай для нас, нарадзіўся вялікі сын Украіны Піліп Орлік, які стаў аўтарам першай дэмакратычнай канстытуцыі Украіны. У адрозьненьне ад Украіны, дзе нават ёсьць прэмія ягонага імя, на жаль, у Беларусі пра яго мала ведаюць. Але дзякуючы ўкраінскай дыяспары і арганізацыі «Заповіт» беларусы ўсё больш і больш даведваюцца пра Орліка, і нас гэта вельмі радуе. Я сам нядаўна пабываў у мясьцінах, дзе нарадзіўся гетман Орлік. У вёсцы Касута ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, а ў Вялейцы нават вуліца Піліпа Орліка ёсьць. І сёньня мы зладзілі выставу дзіцячых малюнкаў — дзеці вельмі цікава ўяўляюць Орліка, лічаць яго сваім земляком. Дарэчы, конкурс гэты традыцыйны, праводзіцца з 2011 году.

Піліп Орлік
Піліп Орлік

Пра выклік у МЗС

— Вы ўжо тры месяцы працуеце ў Беларусі, шмат дзе пабывалі, даяце інтэрвію, выступаеце на розных канфэрэнцыях, ваш голас пачулі... І ёсьць ужо першая рэакцыя: вас выклікалі ў МЗС.

— Мяне зьдзівіла тое, што гэтае запрашэньне ў МЗС адбылося ажно праз тыдзень пасьля таго, як я зрабіў рэмарку на канфэрэнцыі, якую арганізаваў Ostrogorski Forum.

Гэта была фактычна рэакцыя на маю рэпліку зь месца падчас канфэрэнцыі, гэта быў адказ на пэўныя асьцярогі беларускіх дакладчыкаў наконт пагрозаў для вашай бясьпекі. Мяне тады зьдзівіла, што тут украінскі прыклад згадваецца як нэгатыўны, што, маўляў, мы ня хочам, каб было так, як ва Ўкраіне. Галоўная ж ідэя майго выступу, пасьля якога мяне выклікалі ў МЗС Беларусі, была ў тым, што Беларусі варта быць больш празрыстай, у прыватнасьці ў правядзеньні вучэньняў. І ня болей. Тая цытата, выхапленая з агульнага кантэксту супрацоўнікам парталу Тut.by, наконт таго, што вучэньні «Славянскае братэрства» не адпавядалі стандартам АБСЭ, то трэба прызнаць, што я пра гэта не казаў: ні пра стандарты АБСЭ, ні пра нейкія іншыя стандарты.

Беларусі варта дэманстраваць большую празрыстасьць

Беларусь у гэтым кроку зрабіла намаганьні быць адкрытай. Яна не абавязаная была, можа, запрашаць назіральнікаў на вучэньні «Славянскае братэрства», гэта была яе добрая воля, і мы вельмі ўдзячныя, што Беларусь займае такую пазыцыю. Маё пытаньне і мая рэмарка датычылася таго, што было паказана ня тое, чаго чакалі назіральнікі. Калі і было нешта паказана, то гэта быў тэатралізаваны паказ для гасьцей. Але калі спэцыялісты сьцьвярджаюць, што з вайсковага пункту гледжаньня ня ўсё было сказана, то ня варта такога дапускаць на наступных вучэньнях, у прыватнасьці на «Захадзе-2017». У гэтым быў галоўны ляйтматыў майго выступу, што Беларусі варта дэманстраваць большую празрыстасьць і адкрытасьць у кантэксьце падрыхтоўкі да любых манэўраў, калі хоча быць пачутай так, як яна сябе пазыцыянуе — у якасьці донара рэгіянальнай бясьпекі.

Ігар Кізім
Ігар Кізім

— Украіна яшчэ не атрымала запрашэньня назіраць за вучэньнямі «Захад-2017»?

— Запрашэньне будзе атрымана, калі прыйдзе час; пакуль яшчэ рана, арганізатары могуць зрабіць гэта пазьней. Публічна заявы наконт гэтага робяцца ўсімі, пачынаючы ад Аляксандра Лукашэнкі. Была ўжо адна прэзэнтацыя гэтых вучэньняў, неўзабаве будзе другая прэзэнтацыя ў АБСЭ ў рамках форуму ў пытаньнях бясьпекі. Афіцыйнае ж запрашэньне назіраць за вучэньнямі даецца за 40 дзён ад іх пачатку, калі я не памыляюся. У мяне няма сумневу, што запрашэньне будзе атрыманае. У адрозьненьне «Славянскага братэрства», «Захад-2017» — гэта вучэньні, якія падпадаюць пад пэўныя нарматывы АБСЭ, беларускі бок мае задэкляраваць колькасьць удзельнікаў вучэньняў і запрасіць назіральнікаў.

Беларусам веру, расейцам — не

— Вакол гэтых вучэньняў «Захад-2017» шмат спэкуляцый з нагоды таго, што расейскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі, што будуць пагражаць Украіне. Ёсьць запэўніваньні ў адваротным ад Аляксандра Лукашэнкі, ад Сяргея Лаўрова. Ці вераць ва Ўкраіне гэтым заявам?

— Што датычыць заяваў беларускага кіраўніцтва, то я давяраю таму, што казаў прэзыдэнт Беларусі, у тым ліку падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Парашэнкам у красавіку гэтага году. Што датычыцца занепакоенасьці ўкраінскага боку, то вядома, што ва Ўкраіне ёсьць палітычныя сілы, якія бачаць такую пагрозу. Я яе ня бачу, у мяне ёсьць падставы давяраць беларускаму кіраўніцтву, якое казала, што зь межаў Беларусі ня будзе пагрозаў Украіне. У гэтым пытаньні я беларусам абсалютна давяраю. Але я не давяраю расейцам, бо Расея — гэта краіна, якая даказала, што зь ёю нельга мець справаў і дамоўленасьцяў. Усё гэта было ёю парушана ў выпадку з Украінай.

Але справа беларускага боку выканаць, каб мяжа была бясьпечнай нават падчас гэтых вучэньняў.

Амбасадар Ігар Кізім і карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі
Амбасадар Ігар Кізім і карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі

Пра шпіёна-беларуса

— На гэтым тыдні стала вядома пра затрыманьне СБУ ў Чарнігаве беларуса, які шпіёніў на карысьць Расеі. Ці ёсьць новая інфармацыя пра яго?

— Ведаеце, гэтая падзея супала з маім выклікам у МЗС Беларусі. Я думаў, можа, мяне знарок з гэтай нагоды выклікалі, каб выказаць незадаволенасьць дзеяньнямі ўкраінскай улады... Але з майго пункту гледжаньня, калі чалавек быў затрыманы і ў СБУ ёсьць доказы, што ён займаўся шпіёнскай дзейнасьцю, яго засудзяць. Пытаньне ня ў тым, ён беларускі ці які іншы грамадзянін. Прыкра, што гэта беларус, але пытаньне ў тым, на каго ён працаваў... Тут зноў прыклад таго, што наш супольны сусед робіць для таго, каб пасварыць нашы дзяржавы і народы. Але я думаю, што гэта ў іх ня выйдзе, як бы яны не стараліся.

Пра візыт Лукашэнкі ў Кіеў: дата ўзгоджаная, але не называецца

— Спадар амбасадар, як ідзе падрыхтоўка да візыту Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну?

— Вельмі добра. У МЗС, дарэчы, я ня толькі абмяркоўваў вучэньні «Славянскае братэрства», але і падрыхтоўку да візыту. І тут у нас поўнае разуменьне, што працэс падрыхтоўкі візыту прэзыдэнта Беларусі ва Ўкраіну ідзе вельмі добра, вельмі актыўна. На ўсіх узроўнях адбываюцца сустрэчы падгрупаў, групаў, пытаньні, якія былі ўзьнятыя падчас папярэдняй сустрэчы прэзыдэнтаў, адпрацоўваюцца. Асабліва актыўна ў нас ідзе супраца і кантакты на ўзроўні рабочых групаў Камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Падчас візыту будзе бізнэс-форум, на якім мае быць прадстаўленая вялікая колькасьць беларускіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў. Усе рыхтуюцца цяпер. Думаю, на наступным тыдні мы будзем мець першыя зьвесткі пра тое, якія дамоўленасьці будуць падрыхтаваныя. Візыт мы чакаем да канца лета. Канкрэтныя даты пакуль не агучваем, хоць яны ўжо ўзгодненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG