Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага амбасадара выклікалі ў МЗС адказваць за крытыку «Славянскага братэрства»


Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім выкліканы ў МЗС Беларусі ў сувязі з «тэндэнцыйнымі выказваньнямі» наконт сумесных беларуска-расейска-сэрбскіх вучэньняў «Славянскае братэрства-2017». Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

Сумесныя вучэньні вайскоўцаў Расеі, Беларусі і Сэрбіі адбываліся 6–14 чэрвеня на беларускім палігоне «Брэсцкі». У іх узялі ўдзел больш за 1000 чалавек і паўтары сотні адзінак тэхнікі.

«На вучэньнях „Славянскае братэрства-2017“ назіральнікі змаглі ўбачыць толькі „тэатралізаванае прадстаўленьне“, — так ахарактарызаваў манэўры амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на канфэрэнцыі, якую арганізаваў Ostrogorski Forum. — Мой вайсковы аташэ паехаў туды, для іх зладзілі паказальны фарс — прадстаўленьне па захопе тэрарыстычнай групы на дамбе. Вельмі клясна зроблена. А самі вучэньні прайшлі ў іншым месцы, куды не запрасілі ніводнага міжнароднага назіральніка, ніводнага вайсковага аташэ».

Дыплямат заклікаў кіраўніцтва Беларусі да большай адкрытасьці ў сувязі з шырокамаштабнымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017». Вучэньні пройдуць у верасьні, у іх будзе задзейнічана каля 3000 вайскоўцаў і 300 адзінак вайсковай тэхнікі. У краінах Балтыі і Ўкраіне асьцерагаюцца, што пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі могуць тут і застацца. Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў назваў такія заявы «гістэрыяй асобных экспэртаў». Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што вучэньні не нясуць пагрозы.

На канфэрэнцыі ўкраінскі дыплямат папярэдзіў, што Беларусі ня варта недаацэньваць зьнешнія пагрозы, і спаслаўся на прыклад Украіны, якая да пачатку расейскай агрэсіі таксама не лічыла, што ў яе ёсьць зьнешні вораг:

«Ніхто ў 2013 годзе ня мог прадбачыць таго, што здарылася. Таму ня трэба самазаспакойвацца, ёсьць пагрозы, якія немагчыма ўбачыць. Самае страшнае для нас і карыснае для вас — гэта тое, што ўсе краіны зрабілі выснову, на жаль, на нашым, украінскім прыкладзе. Тое, чаго мы не змаглі зрабіць на прыкладзе Грузіі...»

Ігар Кізім сказаў, што згодна з нормамі АБСЭ афіцыйны Менск як арганізатар вучэньняў «Захад-2017» павінен мінімум за месяц папярэдзіць міжнародную грамадзкасьць пра задуму манэўраў, як гэта робяць краіны НАТО.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG