Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Луганшчыне расейскі кантрактнік трапіў у палон


Ілюстрацыйнае фота, расейскія вайскоўцы ў Крыме
Ілюстрацыйнае фота, расейскія вайскоўцы ў Крыме

Расейскі вайсковец Віктар Агееў, які служыў кантрактнікам, трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў у Луганскай вобласьці. Пра гэта паведамляе руская служба брытанскай мэдыякампаніі BBC, спасылаючыся на крыніцы ў 93-й брыгадзе Ўзброеных сілаў Украіны і ў Міністэрстве абароны Ўкраіны.

Паводле інфармацыі кампаніі, Агееў трапіў у палон 24 чэрвеня ў раёне вёскі Жалабок Славянасэрбскага раёну ў выніку ўзброенага сутыкненьня байцоў 93-й асобнай мэханізаванай брыгады і выведгрупы «4-й мэханізаванай брыгады 2-га армейскага корпусу» групоўкі «ЛНР».

Маці Агеева расказала BBC, што ў сакавіку 2017-га яе сын падпісаў кантракт і нібыта зьехаў служыць у горад Батайск Растоўскай вобласьці, якая мяжуе з Украінай. Крыніцы мэдыякампаніі паведамілі, што Агееў пасьля затрыманьня быў перададзены Службе бясьпекі Ўкраіны. Фатаздымкі дакумэнтаў кантрактніка былі апублікаваныя ўкраінскімі журналістамі.

26 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам распавёў аб затрыманьні расейскіх вайскоўцаў на ўкраінскай тэрыторыі.

Прэс-цэнтар штабу ўкраінскай антытэрарыстычнай апэрацыі супраць сумесных расейска-сэпаратысцкіх сілаў на акупаванай частцы Данбасу яшчэ 25 чэрвеня паведамляў, што ў папярэдні дзень, 24 чэрвеня, украінскія байцы абясшкодзілі дывэрсійна-выведную групу суперніка, у складзе якой было двое грамадзян Расеі. Паводле таго паведамленьня, адзін з расейцаў быў ліквідаваны, другі, з Алтайскага краю, быў затрыманы. Але тады імя затрыманага расейца не называлі, таксама тады не прыводзілі доказаў, што ён дзейны вайсковец Узброеных сіл Расеі на кантракце. Імя загінулага расейца, капітана Аляксандра Шчарбака, назвалі ў 93-й АМБр.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў, хоць Масква прызнае, што там могуць быць хіба што расейскія «добраахвотнікі». Украінскія ўлады ўжо ня раз прыводзілі факты непасрэднага ўдзелу ў падзеях на Данбасе кадравых вайскоўцаў з Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG