Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС канкрэтызавалі, за што быў выкліканы на «дыван» амбасадар Украіны


Міністэрства замежных спраў Беларусі
Міністэрства замежных спраў Беларусі

26 чэрвеня ў МЗС Беларусі ў сувязі з «тэндэнцыйнымі выказваньнямі» ў дачыненьні да вучэньняў «Славянскае братэрства-2017» быў выкліканы амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Як паведамляе сайт МЗС, дыплямату было ўказана на тое, што зробленыя ім заявы не адпавядаюць высокаму ўзроўню дружалюбных адносін паміж Беларусьсю і Ўкраінай, зьяўляюцца некарэктнымі і ўтрымліваюць неабгрунтаваныя абвінавачаньні ў невыкананьні мераў даверу і бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ.

«На вучэньнях „Славянскае братэрства-2017“ назіральнікі змаглі ўбачыць толькі „тэатралізаванае прадстаўленьне“, — так ахарактарызаваў манэўры амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на канфэрэнцыі, якую арганізаваў Ostrogorski Forum. — Мой вайсковы аташэ паехаў туды, для іх зладзілі паказальны фарс — прадстаўленьне па захопе тэрарыстычнай групы на дамбе. Вельмі клясна зроблена. А самі вучэньні прайшлі ў іншым месцы, куды не запрасілі ніводнага міжнароднага назіральніка, ніводнага вайсковага аташэ».

Увага амбасадара была зьвернута на тое, што вучэньні «Славянскае братэрства-2017» праведзеныя ў поўнай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права і абавязаньнямі Беларусі ў рамках АБСЭ. Пры гэтым запрашэньне вайсковых аташэ, у тым ліку Ўкраіны, на згаданыя вучэньні было выключна жэстам добрай волі зь беларускага боку, што засьведчыла высокую транспарэнтнасьць мерапрыемства.

«Беларусь у поўнай адпаведнасьці з ініцыятывай кіраўніка нашай дзяржавы аб стварэньні „поясу добрасуседзтва“ нязьменна дэманстравала ў дачыненьні да сваіх украінскіх суседзяў давер і адкрытасьць, — гаворыцца ў паведамленьні зьнешнепалітычнага ведамства. — На наша запрашэньне вайсковыя назіральнікі Ўкраіны, як і іншых суседніх дзяржаў, назіралі за актыўнымі фазамі ўсіх асноўных вучэньняў — ад „Нёману-2001“ да „Захаду- 2013“. Важна ўлічыць, што ў поўнай адпаведнасьці з нашымі міжнароднымі абавязаньнямі мы маглі б не запрашаць на іх замежных прадстаўнікоў».

У той жа час, падкрэсьліваюць у МЗС, у рамках Венскіх дакумэнтаў у гэты пэрыяд Украіна ніводнага разу не запрашала вайсковых назіральнікаў зь Беларусі для назіраньня за вайсковай дзейнасьцю на ўкраінскай тэрыторыі, прадстаўнікі апарату вайсковага аташэ Беларусі ва Ўкраіне ад 2013 году не запрашаліся на ніводнае шматнацыянальнае або нацыянальнае вучэньне.

Пры гэтым беларускі бок разьлічвае на працяг канструктыўнага дыялёгу ў сфэры абароны і бясьпекі ў рэгіёне.

У амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў у зьвязку з выклікам кіраўніка сваёй дыпмісіі на размову ў МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG