Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ трохі — і я б застаўся без рукі». Пяць гісторыяў да Дня падтрымкі ахвяраў катаваньняў


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі-2017 у Менску

Свабода выслухала людзей, якія зьвярнуліся ў праваахоўныя органы з позвамі супраць міліцыянтаў. А таксама папрасіла прафэсійнага юрыста пракамэнтаваць іх гісторыі.

Павал Кірлік, быў затрыманы ў справе аб крадзяжы 50 эўра

«Прыехалі ў тату-салён, дзе я працую. Дачакаліся, пакуль я праводзіў кліента, зайшлі ў кабінэт. Адзін паказаў пасьведчаньне — «Зьбірайся, паехалі». Усё патлумачыць абяцалі на месцы. Адвезьлі ў гарадзкі аддзел, дарогаю маўчалі. Пазваніць жонцы не далі. На месцы адвялі ў кабінэт, пачалі распытваць. Расказалі пра гэтыя 50 эўра, якія нібыта нехта скраў у нашым салёне. Я ім — пра тое, што ня браў чужых грошай, дзе быў і што рабіў у той дзень.

Распытвалі спачатку, мая думка іх цікавіла. Хто мог узяць, калі не я. Я кажу: у нас усе нармальныя людзі, ня ведаю, хто б мог. Потым у нейкі момант прыйшоў яшчэ адзін супрацоўнік, бяз формы. Выгнаў усіх, хто са мной размаўляў, дзьверы на ключ замкнуў. Пачаў ціснуць на мяне, пагражаць. Даў мне два варыянты на выбар: альбо пішу яўку з павіннай і іду дадому, альбо не пішу і тады мяне ўсё адно «закрыюць». Толькі пабітага. Прызнавацца ў тым, чаго не рабіў, я не захацеў. Тады гэты супрацоўнік пачаў мяне біць. Спачатку па галаве далонямі, потым у калена. Дубасіў мяне. Потым пачаў тлумачыць, што трэба пісаць яўку, што адпусьціць дадому. Загадаў легчы на падлогу. Затым зьявіўся яшчэ адзін супрацоўнік і яны мяне закруцілі ў «ластаўку», надзелі кайданкі, засунулі пад іх мае ногі.

Пакінулі мяне так ляжаць і пайшлі. Прыкладна паўтары гадзіны я так на падлозе ляжаў. А яны пайшлі дапамагчы іншым супрацоўнікам, каб тыя хутчэй пайшлі і можна было мною далей займацца. Калі вярнуліся, я адной рукі ўжо не адчуваў. Білі мяне, нагамі на мачавы пузыр ціснулі. А я ўжо разумею, што яшчэ трохі, і застануся без правай рукі. Яна халодная, апухлая. Пачаў прасіць, каб кайданкі зьнялі. Гавару, раскажу зараз усё вам. Кайданкі зьнялі, я напрыдумляў усяго. Абы толькі рука аджыла. Але ім не спадабалася тое, што я расказваў. Зразумелі, што я прыдумляў, нешта не сышлося ў іх. І той першы раптам мяне схапіў, вывалак у іншы кабінэт і там ужо жорстка пачаў біць. Я закрычаў. І тады ён спалохаўся, пакінуў мяне ў спакоі на ноч.

Выйшаў я адтуль выпадкова. Раніцай неяк атрымалася папрасіць у іншага затрыманага тэлефон і пазваніць жонцы. Яна прыехала з адвакатам, знаёмага ў гэтым аддзеле знайшла. Аказалася, ёй раней казалі, што мяне там няма. Знаёмы дамовіўся, што я напішу тлумачэньне і мяне адпусьцяць.

Як адпусьцілі, я адразу паехаў здымаць пабоі, напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. Але вынікаў няма пакуль. Праверку вядуць. Жонку на допыт выклікалі. Спыталі, навошта мне гэта ўвогуле трэба. А ў той справе пра 50 эўра я зараз сьведка. Грошы тыя так і не знайшліся».

Сьлед ад кайданкоў на руцэ Паўла Кірліка
Сьлед ад кайданкоў на руцэ Паўла Кірліка

Камэнтар юрыста Паўла Сапелкі: «Клясычнае катаваньне. Абсалютна клясычны выпадак. Часта блытаюць катаваньне з жорсткім і прыніжальным абыходжаньнем. Яно таксама забароненае. Але катаваньне заўсёды мае мэту. Каб асоба на нешта пагадзілася альбо нешта зрабіла. У гэтым выпадку — каб чалавек прызнаўся ў злачынстве. Клясычны выпадак. Тут няма нават спрэчак пра тое, хто быў дзейнай асобай. Бывае, што катаваньне адбываецца на даручэньне прадстаўніка дзяржавы. Тут такога няма».

Павел Лях, адмовіўся стаяць тварам да сьценкі ў РУУС

«Яны мяне па РУУС цягалі, па падлозе. Сказалі стаяць ля сьценкі. Чалавек 20-30 там было нас. Усе стаялі, а я не захацеў і павярнуўся тварам да міліцыянтаў. Ну яны мяне адвялі ў бок і пачалі біць. Патлумачылі, што ня любяць п’яных і таму б’юць. Ну я трываў ужо. Хай б’е. Кайданкі надзелі і цягалі па падлозе. Садысты. Ім так хацелася проста. Я потым стаў да сьценкі, што рабіць. Пастаяў тры гадзіны, і яны мяне адпусьцілі. Завезьлі на Акрэсьціна. 11 сутак там адбыў.

Я двойчы судзімы. У крымінальных справах. Мяне і раней білі. Але каб вось так, то гэта першы раз. Смаргонскія міліцыянты, яны, як вам сказаць... Яны акуратна мяне білі. Я зла не трымаю, па маладосьці памыліўся. А гэтыя... Мне было балюча. Смаргонскія нармальна паклалі, нармальна закавалі. Ніякіх прэтэнзій. А вось гэтыя... Жорсткія.

Хацеў пабоі зьняць на Акрэсьціна (у мяне твар быў пабіты). Мэдсястра ўсё перапісала, але прыйшоў нехта сур’ёзны і сказаў, што нічога ў мяне няма. Заяву напісаў у Сьледчы камітэт. У шпіталь зьвяртаўся. Але марна. Мяне выклікаюць цяпер у РУУС на гутарку, але я ня еду, баюся. Я ім так і кажу: хлопцы, я баюся да вас ехаць».

Камэнтар юрыста Паўла Сапелкі: «Тут ёсьць важны момант — яго зьбілі, помсьцячы за тое, што адмаўляецца стаяць ля сьценкі, альбо не? Хутчэй за ўсё гэта катаваньне. Хоць і не такі клясычны выпадак, як у гісторыі Кірліка. Была мэта. Але скажу, што праводзіць мяжу паміж катаваньнем і жорсткім абыходжаньнем не заўсёды мае сэнс. Таму што ўсе гэтыя віды абыходжаньня забароненыя. Таму што нельга сказаць, што катаваньне — гэта вельмі дрэнна, а жорсткае абыходжаньне — проста дрэнна. У нас у Крымінальным кодэксе такога злачынства, як катаваньні, можна сказаць, што няма. Паняцьце катаваньняў уведзенае, але вельмі дзіўным чынам. Наўпроставай адказнасьці за гэта ў КК не прадугледжана. Няма канкрэтнага артыкулу».

Аляксандр Ярашэвіч, піў яблычны сідар на Зыбіцкай

«Мы зь сяброўкай былі. Пасьля канцэрту крыху сідру на Зыбіцкай хацелі выпіць. Набылі яго, але ў бары не было месцаў і мы выйшлі на ганак дачакацца, пакуль нехта выйдзе. Сядзелі на прыступках, пацягвалі напой. Там шмат моладзі было.

Аляксандр Ярашэвіч
Аляксандр Ярашэвіч

​Неўзабаве супрацоўнікі АМАПу падышлі, сказалі нам сыходзіць. Мы адказалі, што вось зараз месца вызваліцца, і тады пойдзем. Слова за слова, мы аказаліся ў іхным мікрааўтобусе. Груба запіхалі нас туды, фізычную сілу прымянілі. Ніхто нас ужо не слухаў. Сяброўку спачатку зацягнулі, потым мяне. Я крыху супраціўляўся, не хацеў ім паддавацца. Кінулі ў выніку на падлогу мікрааўтобуса, ззаду кайданкі надзелі. Сяброўка крычала, яны яе на мяне зьверху кінулі. І павезьлі так у РУУС. Пратаколы склалі за непадпарадкаваньне і расьпіваньне сьпіртных напояў. Ноч мы правялі ў РУУС. Самае цікавае, што ў мяне там выявілі 0,4 праміле алькаголю. З 0,3 можна за руль сядаць.

У нас засталіся сьляды на целе. Сяброўка ў шпіталь зьвярнулася, там пабоі зафіксавалі. Потым заяву напісалі, прасілі завесьці крымінальную справу супраць супрацоўнікаў АМАПу. Але яе не завялі. Сказалі, што ўсё было ў рамках закону. Толькі справу за непадпарадкаваньне міліцыі судзьдзя зацягнула і закрыла ў выніку.

Ці гэта можна назваць катаваньнем? Ня ведаю. Ва ўсякім выпадку, гэта ненармальна. Яны проста прызвычаіліся, што скажуць некаму садзіцца ў мікрааўтобус — і ўсе садзяцца адразу. А мы вось пачалі спрачацца».

Камэнтар юрыста Паўла Сапелкі: «Тут я б сказаў, што гэта жорсткае абыходжаньне, якое прыніжае годнасьць. Таму што, хутчэй за ўсё, прымяненьне фізычнай сілы ў тым выпадку было непрапарцыйнае ўчыненаму правапарушэньню».

Аляксандр Красачка, разам з пэнсіянэрам спрабаваў уцячы зь міліцэйскага аўтобуса

«Ля батанічнага саду мяне ўзялі, 25 сакавіка. Падышоў чалавек у форме і сказаў, што тут нельга стаяць. Я пытаюся: „Чаму? Мне прайсьці трэба ў краму“. Тады ён мяне без усякіх пытаньняў за руку — і ў аўтобус. За мной нейкага дзядка старэнькага прывялі. Закінулі нас у канец аўтобуса. А я не хацеў на суткі. Думаю, трэба ўцякаць. Расчыніў дзьверы крыху і вылез. І каб пабег, то ўцёк бы. Але ў мяне ж яшчэ быў аднадумца, я дзеда з сабой хацеў забраць. А ён і ў аўтобусе баіцца застацца, і ўцякаць баіцца. Ну, пакуль дзед думаў, мяне заўважылі і ўсё. Падляцелі, рукі заламалі, у аўтобус завалаклі і б’юць. Я ім крычу, за што? Тады яшчэ адзін падляцеў — і кулаком у твар. А дзьверы тыя яны на балты закруцілі.

Аляксандр Красачка
Аляксандр Красачка

У РУУС нас паставілі тварам да сьцяны, загадалі выключыць тэлефоны, разрэзалі нажамі матузкі на абутку. Мы стаялі на двары, пад дажджом. Холадна было. Потым у катух нейкі перавялі. Я дзядулю тады таго зноў убачыў. Ён проста на асфальце ляжаў. Прасілі прынесьці яму хаця б зэдлік нейкі. Але не, нельга. Нехта куртку сваю зьняў, каб дзеда накрыць, але яму не дазволілі. Адвялі ў бок і паставілі на расьцяжку. Трымалі нас там з 15-й гадзіны дня да поўначы.

У мяне нос быў разьбіты. Але на судзе далі ня суткі, а штраф, 230 рублёў. Я сказаў, што маю двух сьведак, папрасіў мяне на паліграф пасадзіць. Скаргі напісаць праваабаронцы дапамаглі. Схадзіў у пракуратуру, пабоі зьняў. Мяне ў Сьледчы камітэт адправілі. Прыходжу туды, кажу, што міліцыянэры пабілі. Дзяжурны адразу пабег да начальніка. Палкоўнік, ці хто там ён. Толькі ён такія заявы там прымае. Пакуль ніякага выніку няма».

Камэнтар юрыста Паўла Сапелкі: «Пашыраная сытуацыя. Затрыманаму не гаварылі, што трымаюць яго ў РУУС ля сьценкі зь нейкай мэтай. Але можна меркаваць, што гэта робіцца для таго, каб чалавек больш не хадзіў на акцыі пратэсту. Але гэта таксама прыклад жорсткага абыходжаньня».

Алесь Кіркевіч, быў абвінавачаным у справе аб масавых беспарадках ля Дому ўраду

«У СІЗА КДБ была праблема з інфармацыяй. Па-першае, нельга было бачыцца з адвакатам без прысутнасьці сьледчага. Толькі ў яго кабінэце. Кіраўнік СІЗА нам казаў, што няма вольных пакояў. У выніку сустрэцца з адвакатам адзін на адзін усім не атрымалася. Мы фактычна маглі зь ім толькі парай словаў перакінуцца, пакуль сьледчы запісаў мае паказаньні.

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

Зь лістамі таксама была асаблівая сытуацыя. Яны даходзілі толькі ад блізкіх родных і тое не адразу. Нейкі час зусім не было лістоў, а потым адразу пачак. Я атрымліваў ад жонкі, ад маці і ад цешчы. Было так, што перадачы я атрымліваў, а лісты — не. Так было ў СІЗА КДБ, на Валадарцы ўжо не.

Усё гэта выклікала дыскамфорт. Фізычная ізаляцыя — гэта адно. Гэта хаця б неяк прапісана ў законах, неяк можна яе абгрунтаваць. А ізаляцыя інфармацыйная... Тут можна чалавека зусім ад сьвету адрэзаць. Вельмі непрыемная мера. Якая законная падстава для гэтага? Лісты затрыманыя людзям не вярталі, усё невядома куды зьнікала.

З інфармацыяй у нас была ўвогуле цікавая сытуацыя. Калі мы зьявіліся ў СІЗА, то ўсе тэлевізары ў камэрах адключылі ад трансьляцыі, толькі касэты можна было паглядзець. Газэты, нават афіцыйныя, прыходзілі з выразанымі нажніцамі палосамі.

Пасьля заявы Міхалевіча аб катаваньнях у СІЗА прыйшоў генпракурор Швед. Да нас у камэру таксама прыходзіў. Мы яму паказалі гэтую газэтную выцінанку. Але ніякай рэакцыі не было. Генпракурор моўчкі паківаў галавой і пайшоў далей. Тады толькі людзі ў масках зь СІЗА КДБ зьніклі. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Зь імі таксама сутыкнуўся. Папсавалі настрою».

Камэнтар юрыста Паўла Сапелкі: «Тут складана падзяліць: жорсткае бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньне. Катаваньне і ёсьць жорсткім абыходжаньнем, але з канкрэтнай мэтай. Я дапускаю, што ў гэтым выпадку магла быць мэта прымусіць да нейкіх дзеяньняў. Да супрацоўніцтва, напрыклад. Хутчэй за ўсё гэта катаваньне. Што жорсткае абыходжаньне — тут у мяне няма пытаньняў, гэта дакладна».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG