Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут: Вільня наша? Як бы Менск не перастаў быць нашым


Мой допіс у Фэйсбуку пацягнуў за сабой тры адказы на «Радыё Свабода». Севярын Квяткоўскі, які за апошнія суткі, здаецца, толькі і жыве гэтай тэмай, пытаецца: табе рэальна сёньня патрэбны гэты разбор гістарычных палётаў?

Так, нармальна, Севярын. Калі я пішу, то рэакцыя на мае тэксты, нават калі яна нэгатыўная, гэта добра. Акрамя таго, яна дазваляе лепш разглядзець праблему.

Паважаны мной Віталь Цыганкоў, напрыклад, убачыў у маім пасьце страх перад беларускім нацыяналізмам, «які ўстае з каленяў». Ды не, Віталь. Ніякага страху ў мяне няма. Хутчэй зьдзіўленьне. Гульні з гістарычнымі мапамі — гэта інфантылізм. Глыбокае інтэлектуальнае дзяцінства. Трэба быць вельмі ўжо наіўным, каб ня ведаць, што ў кожнай краіны-суседкі Беларусі ёсьць свае гістарычныя мапы, якія яны могуць прадʼявіць. Вось, напрыклад, прыхільнікі далучэння Віленшчыны да РБ любяць пытацца: «паслухайце, як там кажуць!» Ну дык, дарагія мае, паехалі на Палесьсе, паслухаем, як там кажуць. На гэтай падставе нябожчык Вячаслаў Чарнавіл казаў пра ўкраінскую Берасьцейшчыну.

Гэта як у барадатым савецкім анэкдоце:

— О, глядзі, ідзе (дадаем любую нацыянальнасьць), давай яго пабʼём!

— Э, а калі ён нас пабʼе?

— А нас за што?

Калі такой гульнёй раптам займаецца сурʼёзная фірма. Калі яна робіць брэндам аднаго са сваіх прадуктаў мапу, не адпаведную дзяржаўным межам краіны, — гэта праблема. І рэакцыя на мой пост гэта толькі пацьвердзіла.

Аднак ці гатовыя беларусы плаціць за рэвізіянізм? Думаю, што не. І ўсё ж для часткі аўдыторыі, для тых, хто прыціснуты лукашысцкай рэчаіснасьцю, гульні з мапамі сталі бясьпечнай курацыяй ад нягод і няўдач. «Вільня — наша». «Беласток — наш», «Смаленск — наш». «Ух, як крута!» Хлопцы, паглядзіце вакол. Вам ад гэтага інтэрнэт-любаваньня ня робіцца моташна? Тут такое надворʼе ў рэгіёне, што «Менск-наш» можна ўпусьціць! А вы ў гэты час па-ранейшаму будзеце мерацца інтэрнэт-патрыятызмам.

Ну і апошняе. З нагоды словаў Вэранікі Сэбасцьяновіч. Я, як узгадваю, ужо выказваўся на гэтую тэму на «Радыё Свабода» некалькі гадоў таму. Таму паўтаруся. Гэта пажылы чалавек, які, да таго ж, за свае перакананьні прайшоў сталінскае сьледзтва і ГУЛАГ. Ну кажа яна, што кажа. Гэта яе асабістае меркаваньне. Публіцыст «Свабоды» Алесь Чайчыц (грамадзянін ня ведаю чаго, які знаходзіцца ня ведаю дзе) бачыць у гэтым пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасьці РБ.

Дай Бог, каб галоўнай пагрозай незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі была 86-гадовая бабуля. Па-мойму, гэта радзіма Чайчыца зьяўляецца галоўнай пагрозай незалежнасьці Беларусі. Можа быць, гэтым варта заняцца? Што? На бабулю данос прасьцей напісаць? Так, з гэтым не паспрачаесься.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG