Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве помнік архітэктуры набылі расейцы, і ён згарэў


Цяпер пашкоджаны пажарам будынак хаваюць на сродкі новага ўладальніка за банэрнай сеткай. Да 28 чэрвеня, Дня гораду, павінны скончыць. Пажар у будынку здарыўся ў ноч з 9 на 10 чэрвеня.

Высьветліць, хто стаў новым уладальнікам дому на вуліцы Лазарэнкі, не ўдаецца. Пра тое, што дом купілі расейскія бізнэсоўцы, сказалі будаўнікі, якія выконваюць іхнае даручэньне — накрыць будынак банэрнай сеткай.

«Накрываем дом сеткай, каб схаваць вось гэту нядбайнасьць, — сказаў адзін з будаўнікоў, паказаўшы на згарэлы будынак.

«Уласьнік недзе ў Расеі, — удакладніў суразмоўца. — За ягоныя грошы выконваем гэтыя працы».

Давераная асоба новага ўласьніка дому не пажадала гаварыць з журналістам.

Ратаваньне будынку ад Дня гораду
Ратаваньне будынку ад Дня гораду

​На балянсе гарадзкой гаспадаркі помніка архітэктуры ўжо няма. Яго прадалі з аўкцыёну год таму. Новы гаспадар не зрабіў належных захадаў, каб засьцерагчы будынак ад здарэньняў, накшталт пажару.

«Ёсьць гарантыйнае абавязаньне, што на працягу трох гадоў новы ўласьнік дому, не парушаючы гісторыка-культурную спадчыну, распрацуе праектна-каштарысную дакумэнтацыю, выканае рамонтныя работы. Груба кажучы, увядзе будынак у эксплюатацыю. Як я разумею, пакуль новым уласьнікам тэрміны не выконваюцца», — сказалі ў жыльлёва-эксплюатацыйным упраўленьні Ленінскага раёну Магілёва.

Афіцыйных паведамленьняў пра тое, каму прадалі будынак, узьведзены пры канцы 19 стагодзьдзя, няма. Пашкоджаны пажарам дом не агароджаны. Няма пашпарта абʼекта са зьвесткамі пра тое, што ў ім будзе і хто вядзе рамонт. Ці адкажа новы гаспадар за нядбайнасьць, таксама невядома.

Прычыны пажару ў помніку архітэктуры па вуліцы Лазарэнкі таксама пакуль застаюцца невядомымі. Ва ўпраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый адказваюць, што сьледзтва вядзе Ленінскі раённы аддзел унутраных спраў Магілёва.

У доме выгарала нутро і дах. Шыльда, што будынак — помнік архітэктуры, са сьцяны зьнікла.

Будынак не эксплюатаваўся ад 2006 году. Раней тут быў выцьвярэзьнік.

Мясцовыя ўлады намагаліся пазбавіць дом ахоўнага статусу, каб, як тлумачылася, лягчэй было яго прадаць. Міністэрства культуры з пазыцыяй чыноўнікаў не пагадзілася.

Такім Лукашэнка помнік архітэктуры ня бачыў
Такім Лукашэнка помнік архітэктуры ня бачыў

У 2007 годзе занядбаны будынак хавалі за банэрнай сеткай ад Аляксандра Лукашэнкі, калі той прыяжджаў адкрыць новую транспартную разьвязку з мостам цераз Дубравенкаўскі яр. Банэрную сетку пажар не крануў.

XS
SM
MD
LG