Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эманюэль Макрон: 10 тэзісаў новай палітыкі


У першым вялікім інтэрвію пасьля прыходу ў Элізэйскі палац, якое прэзыдэнт Францыі даў Le Figaro і сямі іншым эўрапейскім выданьням, Эманюэль Макрон раскрывае сваё бачаньне Эўропы і выкладае асноўныя зьнешнепалітычныя прынцыпы.

1. Лідэрства не абʼяўляецца

Яно выбудоўваецца шляхам заангажаваньня іншых краінаў і гульцоў і канстатуецца па дасягнутых выніках. Было б саманадзейна ўжо цяпер казаць аб тым, што Францыя выконвае функцыю новага эўрапейскага лідэра.

2. ЗША любяць свабоду гэтак жа, як і мы

Але ў іх няма нашай прагі да справядлівасьці. Эўропа — адзінае месца, дзе спалучэньне асабістай свабоды, дэмакратычнага духу і сацыяльнай справядлівасьці дасягнула такіх вышынь. Адсюль узьнікае наступнае пытаньне: ці здолее Эўропа абараніць тыя глыбінныя каштоўнасьці, якімі яна падсілкоўвала сьвет на працягу дзесяцігодзьдзяў?

3. Трэба стварыць Эўропу, якая забясьпечвае абарону з дапамогай палітыкі сумеснай бясьпекі

Трэба працаваць больш эфэктыўна перад тварам вялікіх міграцыйных патокаў, пры гэтым глыбока рэфармуючы сыстэму абароны нашых межаў, міграцыйную палітыку і права на прытулак.

4. Калі мы хочам перайсьці на наступны этап, неабходная больш шчыльная інтэграцыя ўнутры эўразоны

Дзеля гэтага я рашуча адстойваю ідэю аб бюджэце эўразоны пад дэмакратычным кіраваньнем.

5. Я ня веру ў канфлікт паміж захадам і ўсходам Эўропы

Праблемы існуюць, паколькі нашы ўяўленьні не супадаюць з нашай рэальнай гісторыяй. Эўропа — гэта не супэрмаркет. Яна робіцца слабай, калі мірыцца з тым, што парушаюцца яе прынцыпы. Краіны Эўропы, якія не выконваюць правілы, павінны выпрабаваць на сабе ўсе палітычныя наступствы.

6. Францыя — ня тая краіна, якую рэфармуюць, гэта краіна, якая трансфармуецца, краіна рэвалюцыі

Да таго часу, пакуль можна не праводзіць рэформы, французы іх не праводзяць. Цяпер яны ўбачылі, што апынуліся на краі бездані, і адрэагавалі. Маё абраньне, як і большасьць, дасягнутая ў Нацыянальным сходзе — гэта не прыпынак, а пачатак францускага і, спадзяюся, эўрапейскага адраджэньня.

7. Дональд Трамп — гэта найперш чалавек, абраны амэрыканскім народам

Што тычыцца барацьбы з тэрарызмам, у нас зь ім агульны настрой на яе эфэктыўнасьць. Я не падзяляю некаторых яго рашэньняў, перш за ўсё па клімаце. Аднак я спадзяюся, што будзе магчыма дзейнічаць так, каб ЗША зноў далучыліся да Парыскага пагадненьня.

8. Што разьвязала рукі Ўладзіміру Пуціну? Канстатаваньне факту, што перад ім былі людзі, якія абазначылі свае «чырвоныя лініі», але не прымусілі іх выконваць.

Я паважаю Уладзіміра Пуціна. У мяне з ім адбыўся канструктыўны дыялёг. У нас ёсьць істотныя рознагалосьсі, асабліва па Ўкраіне, але ён прыслухаўся да маёй пазыцыі.

9. Безумоўная барацьба супраць усіх тэрарыстычных груповак

Гэта нашыя ворагі. Для іх выкараненьня мы маем патрэбу ў супрацоўніцтве з усімі, у тым ліку з Расеяй.

10. Стабільнасьць у Сырыі

Я не хачу, каб гэтая дзяржава пацярпела крах.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны пераклад парталу Inopressa.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG