Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працаваць можна і на пляжы». Ганна Клокава, Карына Навіцкая і Наста Пілюгіна пра сакрэты посьпеху ў сетках


У перадачы «Толькі жанчыны» пра віртуальнае жыцьцё, якое робіцца рэальнасьцю, гаворым зь сетачніцамі Настай Пілюгінай, Карынай Навіцкай і Ганнай Клокавай.

Удзельніцы дыскусіі — адказная за старонку Свабоды ў Інстаграме і іншых сацсетках Наста Пілюгіна, каардынатарка суполкі «Мая краіна Беларусь» у сацсетках Карына Навіцкая і Ганна Клокава, якая прасоўвае ў сацсетках інтэрнэт-пляцоўку і краму www.symbal.by.

Працаваць можна і на пляжы

Ганна Соўсь: Наста, Карына і Ганна, ці калі-небудзь вы лічылі, якая частка вашага дня праходзіць не ў сетках, з выключаным кампутарам, тэлефонам ці пляншэтам?

Ганна Клокава: Мабыць толькі падчас сну. Спэцыфіка працы ў сацсетках заключаецца менавіта ў тым, што твой працоўны дзень не абмяжоўваецца 8 гадзінамі, а практычна працягваецца ўвесь час, бо вельмі важна падтрымліваць зваротную сувязь зь людзьмі, паказваць, у маім выпадку кліентам symbal.by, што іх меркаваньне важнае для нас. Адказы на камэнтары, пытаньні, пастаяннае асочваньне фідбэку, стымуляваньне да гэтага фідбэку займае вельмі шмат часу. Канечне, часам хочацца зрабіць сабе перапынак, і я яго сабе стараюся рабіць, але па шчырасьці я адчуваю тады вельмі вялікую вінаватасьць перад людзьмі. Мы хочам стала падтрымліваць зь імі сувязь, і добра, што ў мяне ёсьць калегі, якія ў такіх выпадках дапамагаюць і падстрахоўваюць.

Карына Навіцкая: Я таксама амаль увесь час праводжу ў сеціве — шэсьць дзён на тыдзень. Даю сабе адзін дзень на тыдзень, каб адпачыць зь сябрамі, звычайна ў суботу. Трэба заўсёды быць на сувязі, каб людзі бачылі, што ты таксама зацікаўлены ў сувязі зь імі, таму большую частку свайго тыдня я праводжу ў інтэрнэце.

Наста Пілюгіна: У мяне час запоўнены, напэўна, ня столькі сеткамі, колькі ўсялякімі лэптопамі, пляншэтамі, тэлефонамі. Я часам стараюся рабіць перапынак на працоўную гадзіну 5-10 хвілінаў, каб адпачылі вочы. Але, калі спрабуеш выдаткаваць час для адпачынку ў працоўны час, атрымліваецца, што здараецца надзвычайная навіна, і ты ўсё роўна не атрымоўваеш таго адпачынку. Нават калі выдаткоўваеш час для чытаньня кніг, цяпер усё роўна ўсё — у лічбе, ты праводзіш час за кампутарам ці пляншэтам, каб нешта пачытаць.

Ганна Соўсь: Цяпер 22-ы дзень лета. Ці пасьпелі вы пазагараць ці паплаваць?

Наста Пілюгіна: Можна ж працаваць з кампутарам і на вуліцы. Яны доўга трымаюць зарадку, і можна працаваць на пляжы ці яшчэ дзе. Дык я пасьпела...

Эмоцыя, сувязь з аўдыторыяй і ўнікальнасьць

Ганна Соўсь: Нядаўна мой калега Франак Вячорка выступіў у Менску ў прэс-клюбе зь лекцыяй пра тое, як сабраць аўдыторыю праз сацсеткі, па выніках якой ён сфармуляваў 10 кароткіх высноваў, як працаваць у сацсетках. Я папрасіла бы кожную з вас, абапіраючыся на ўласны досьвед, таксама каротка сфармуляваць асноўныя правілы, прытрымліваючы якіх, можна пашыраць і заахвочваць аўдыторыю ў сацсетках.

Ганна Клокава: Я была на гэтай лекцыі. У асноўным я згодная з тэзамі Франака. Ён казаў менавіта тое, што я заўважала ў сваёй працы сама. Галоўнае, што я бы вылучыла, пагаджаючыся з Франакам, гэта эмоцыі. Людзі не прымаюць сухі тэкст, бо так яны не знаходзяць свайго чытача. Нават калі ты робіш нейкі рэклямны тэкст, трэба ўсё адно дадаваць нейкі пэрсаналізаваны чыньнік, нешта, што выклікае эмоцыю ў чалавека. Другое — сталая сувязь са сваімі кліентамі. Трэцяе — унікальнасьць. Людзям надакучыла бачыць адно і тое ж паўсюль, ім хочацца бачыць нешта, чаго не было ў іншых месцах. Калі перапошчваеш нейкі тэкст і спасылку, трэба дадаць нешта ад сябе, тое, чаго не было. Калі мы перапошчваем карцінку, якая ўжо посьтцілася ў сетках, я ўсё роўна імкнуся нечым яе дапоўніць, апрацаваць так, каб у людзей не ўзьнікала адчуваньне дэжавю.

«Аўдыторыю трэба забаўляць»

Карына Навіцкая: Я таксама была на лекцыі Франака і згодная зь ягонымі тэзісамі. Ягоны высновы сыходзяць зь ягонага досьведу. Патрэбна заангажаваць, зацікавіць сваю аўдыторыю, трэба камунікаваць, ставіць лайкі на камэнтары, трэба адказваць на камэнтары, размаўляць, прасіць абгрунтаваць нешта. Каб зацікавіць аўдыторыю, трэба заўсёды прыдумляць нешта новае. Мы жывем у час глябалізацыі, тэхналёгій. Я лічу, што аўдыторыю трэба забаўляць, калі можна так выказацца. І новыя фарматы прыдумляць, зацікавіць чым заўгодна — конкурсамі, апытаньнямі, жывымі трансьляцыямі. І ўвесь час узаемадзейнічаць з аўдыторыяй.

Апэратыўнасьць, унікальнасьць, натуральнасьць і графічны кантэнт

Наста Пілюгіна: Для мяне найперш галоўнае апэратыўнасьць, унікальнасьць, натуральнасьць і графічны кантэнт. Важна быць першымі, людзям надакучылі адны і тыя ж тэксты, адны і тыя ж карцінкі, і калі ты першым у сфэры СМІ, навінаў публікуеш нейкую інфармацыю, ты больш ангажуеш аўдыторыю. Графічнае аздабленьне. Вядома, зараз не 2010 год. Карцінак шмат вырабляецца штодня, чым больш прыгожай і ўнікальнай зробіш карцінку, тым больш заангажуеш. Ня варта хлусіць ні сабе, ні людзям, трэба быць натуральным, трэба пісаць прасьцейшай мовай без складаных словаў, таму што аўдыторыя нават аднаго выданьня, аднаго блогера — зусім розныя і мае розны адукацыйны ўзровень, і чым прасьцейшымі словамі напішаш, тым прасьцей будзе сабраць гэтую аўдыторыю.

Стала прасьцей распаўсюджваць фэйкі

Ганна Соўсь: Наста, я ведаю, што вы пачыналі працаваць у сетках падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе ў суполцы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Праз 6 гадоў наколькі рэальнай цяпер выглядае мабілізацыя людзей для ўдзелу ў грамадзка-палітычных акцыях праз сацсеткі?

Наста Пілюгіна: Камунікацыя стала найхутчэйшай. Зараз усе маюць мабільныя тэлефоны, людзям прыходзяць натыфікацыі, і яны хутчэй могуць адрэагаваць на падзею, хутчэй могуць кудысьці выйсьці, адрэагаваць, папярэдзіць, як гэта было падчас сёлетніх акцый пратэсту 25 сакавіка, калі людзі ў камэнтарах паведамлялі, што дзесьці знаходзяцца кардоны міліцыі, што людзей затрымлівалі, і пра гэта ў камэнтарах да жывых трансьляцый паведамлялі пра гэта. Але празь наяўнасьць гаджэтаў і хуткасьць інтэрнэту стала прасьцей распаўсюджваць фэйкі, таму што часам людзі бачаць інфармацыю, якая выклікае эмоцыю, і не задумваюцца аб тым, што, магчыма, гэтая інфармацыя можа быць ілжывай.

«А дзе ж нашая моладзь, якая змагаецца ў сеціве за Беларусь?»

Ганна Соўсь: Карына, як вы ацэньваеце цяперашні патэнцыял сацыяльных сетак у арганізацыі людзей, у мабілізацыі людзей, у адукацыі людзей? Ці інтэрнэт-змагары, якія дэманструюць сьмеласьць і прынцыповасьць у сеціве, насамрэч зьяўляюцца патэнцыялам для ажыцьцяўленьня рэальных зьменаў, дзеяньняў? Напрыклад падчас сёлетніх пратэстаў недармаедаў у рэгіёнах выходзілі не маладыя людзі, і наўрад ці гэта была мабілізацыя праз сеціва...

Карына Навіцкая: Ня ведаю, наколькі я магу разважаць пра тое, ці змагары ў інтэрнэце — гэта змагары на вуліцы. Я думаю, што ёсьць пэўная часта людзей, якія змагары ў сеціве і гатовыя выйсьці на вуліцы і нешта зрабіць. Але мне здацца, што большая частка маладых людзей сядзяць у інтэрнэце і нібыта змагаюцца. Як вы слушна заўважылі, у рэгіёнах выходзілі сталыя людзі, пэнсіянэры. А дзе ж нашая моладзь, якая ў інтэрнэце сядзіць і змагаецца ў сеціве за Беларусь? Што тычыцца мабілізацыі, я лічу, што на сёньня інтэрнэт — гэта галоўны інструмэнт па мабілізацыі людзей. Гэта бачна было і па 2011 году. Калі і трэба мабілізаваць людзей, то толькі праз інтэрнэт. Больш ніякіх інструмэнтаў няма.

Рэпутацыя і адукацыя

Ганна Соўсь: Ганна, у якой ступені посьпех у бізнэсе залежыць ад працы ў сацсетках? Якая частка прадукцыі symbal.by рэалізоўваецца праз сеткі?

Ганна Клокава: Нашая прадавачка любіць паўтараць, што менавіта ад людзей, якія працуюць з кліентамі ў сацсетках, з большага залежыць наш посьпех. Мы пачыналі з сацсетак, калі яшчэ не было крамы, быў акаўнт УКантакце, які набіраў сваіх падпісантаў, а потым калі зьявілася крама, у нас ужо была пэўная база кліентаў. Я магу меркаваць пра лічбы па той колькасьці паведамленьняў, якія я атрымліваю, бо некаторыя сацсеткі, у прыватнасьці УКантакце, даюць такі функцыянал тавараў, калі мы можам разьмяшчаць наўпрост іх у сацсетцы, і зацікаўленыя могуць нам напісаць і зрабціь замову. Па колькасьці атрыманых паведамленьняў я магу судзіць, што гэта дае вельмі вялікі прыток кліентаў.

Мы хочам, каб людзі ня проста прыходзілі і набывалі цішотку з Пагоняй, але каб яны разумелі, што гэта за сымбаль

У працы ў сацсетках у бізнэсе ёсьць яшчэ рэпутацыйны чыньнік. Тое, як мы адказваем на пытаньні, наколькі хутка адказваем, што адказваем на прэтэнзіі, як вырашаем канфлікт, залежыць, ці прыйдзе да нас кліент зноў. У нашай крамы акрамя камэрцыйнай мэты атрыманьня прыбытку ёсьць яшчэ і ідэалягічная задача. Мы хочам, каб людзі ня проста прыходзілі і набывалі цішотку з Пагоняй, але каб яны разумелі, што гэта за сымбаль, які сэнс ён нясе для нашай краіна і культуры. Пакрысе ў нас гэта атрымліваецца. Усё менш людзей, якія да нас зьвяртаюцца па чырвона-зялёны сьцяг, бо спачатку такіх было вельмі шмат...

Ганна Соўсь: А ці ёсьць ён у вас у краме?

Ганна Клокава: Не. У нас толькі гістарычныя, толькі тыя сымбалі, якія мы самі прымаем.

«Для людзей старэйшага ўзросту ня трэба шмат візуальных эфэктаў, прасьцейшыя шрыфты, прасьцейшая карцінка»

Ганна Соўсь: У сваёй лекцыі Франак Вячорка заклікаў: «Менш тэксту — не расказвай, а пакажы». З вашага досьведу, ці толькі візуалізацыя і кароткі зьмест працуюць у сеціве? І наколькі гэта залежыць ад аўдыторыі? Для якой аўдыторыі якія прадукты, якая інфармацыя найбольш цікавая?

Наста Пілюгіна: Візуалізацыя, вядома, важная, але часам не зусім. Калі адбываецца важная падзея, ня месца жартам у гэты момант. Нават нейкую сумную падзею, сумную навіну, ты ніяк не распаўсюдзіш, калі людзі ня маюць дачыненьня да гэтай навіны, якая іх асабліва ня тычыцца. Як раней мы казалі, важная эмоцыя. Для рознага ўзросту павінна быць розная візуалізацыя. Людзям больш старэйшага ўзросту ня трэба шмат візуальных эфэктаў, чым прасьцейшыя шрыфты, чым прасьцейшая карцінка, з майго досьведу, тым больш гэта будзе віральна сярод людзей старэйшага ўзросту.

«Здаецца, што з часам уся інфармацыя будзе падавацца ў выглядзе відэа»

Карына Навіцкая: Франак меў рацыю. Як вынікае з майго невялікага досьведу і па сваіх назіраньнях я магу зь ім згадзіцца. Зараз журналістыка, інфармацыя становіцца больш імклівай. Такое ўражаньне, што ўсе некуды сьпяшаюцца, і ў інтэрнэце больш успрымаецца інфармацыя кароткая, тэзісная, ляканічная, у якой усё галоўнае напісана і ня трэба ніякіх дадатковых акалічнасьцяў. Што тычыцца відэа, я таксама згодная з Франкам, што зараз больш за ўсё людзі глядзяць відэа. Відэа набывае большую папулярнасьць. Мне здаецца, што з часам уся інфармацыя будзе падавацца аўдыторыі ў выглядзе відэа. Усё ж усё залежыць ад інфармацыі і таго, што ты хочаш паведаміць сваёй аўдыторыі, і якой рэакцыі ты чакаеш яе яе.

«Людзі адвучыліся чытаць. Яны прыходзяць у сацсеткі, каб адпачываць»

Ганна Клокава: Апрыёры пост, дзе будзе мала тэксту і будзе больш візуалізацыі, будзе відэа, карцінка ці інфаграфіка, значна лепей «зойдзе» за доўгія і нецікавыя разважаньні, нават калі гэта і цікавыя разважаньні. Людзі адвучыліся зараз чытаць. Яны прыходзяць у сацсеткі, каб адпачываць, каб правесьці час, а не каб загружаць сябе. Я кажу не з журналісцкага пункту гледжаньня, а з пункту гледжаньня сетачніка камэрцыйнай установы, але гэта так адбываецца. І калі мы хочам, каб людзі прачыталі нейкі даўгі тэкст, у сацсетках яго лепей прадставіць кароткай інфаграфікай, нейкай візуалізацыяй, а па спасылцы, калі нехта хоча пачытаць, то ён ужо пяройдзе на сайт і пачытае. Безумоўна, ёсьць пэўная залежнасьць ад аўдыторыі, але тут хутчэй залежнасьць ад кантэнту.

Больш сталай аўдыторыі «заходзяць» больш традыцыйныя рэчы, яна заўсёды зьвяртаюцца па сьцягі, вышыванкі

Розная візуалізацыя патрэбная для рознай аўдыторыі. З пункту гледжаньня крамы розныя тавары лепей прапаноўваць розным людзям. Больш сталай аўдыторыі «заходзяць» больш традыцыйныя рэчы, яна заўсёды зьвяртаюцца па сьцягі, вышыванкі і нейкія рэчы, якія будуць паказаць іх месца ў гэтым грамадзтве. Моладзь хоча выглядаць больш стылёва, прыгожа, і ёй трэба прапаноўваць гэта. Але калі вяртацца да пытаньня формы, то адназначна, прынцып «менш тэксту» тут безумоўна працуе.

У будучыні — унівэрсальныя салдаты

Ганна Соўсь: Нядаўна адзін з рэдактараў расейскага «Эха Масквы» Аляксей Венэдыктаў распавёў, што гэтае СМІ мае ўжо тры рэдакцыі — уласна радыё, сайт и цяпер сацсетки. А які цяпер рынак працы ў Беларусі для сетачнікаў? Наколькі запатрабаваная вашая праца? Каб стаць сетачнікам, ці трэба вучыцца і дзе? Які сярэдні ўзрост беларускага сетачніка?

Наста Пілюгіна: Зараз даволі шмат вакансій для сетачнікаў. Чым больш кампаній разьвіваюць свой бізнэс, тым больш яны разумеюць, што трэба наладжваць камунікацыю з кліентам, а кліенты знаходзяцца ў сацсетках. Я цяпер на стажыроўцы ў сфэры СМІ ў Вашынгтоне, і калі мы прыходзім у нейкую амэрыканскую кампанію, найчасьцей нам кажуць, што яны зараз будуць пашыраць сваю рэдакцыю, але ня столькі патрабуюць сетачнікаў, колькі спэцыялістаў па відэа. Як казала Карына, колькасьць відэа расьце, і ўсё болей і болей інфармацыі прадстаўляецца на відэа. На маю асабістую думку, у будучыні будзе расьці запатрабаванасьць ня столькі клясычных сетачнікаў, якія ведаюць альгарытмы, колькі ўнівэрсальных салдатаў, якія могуць самастойна ствараць кантэнт без іншых людзей, якія могуць ствараць тыя ж відэа, здымаць іх рабіць мікрасайты, праграмаваць і гэтак далей.

Карына Навіцкая: Звычайна сетачнікі — гэта маладыя людзі, можа да 35 гадоў, можа і маладзейшыя. Патрэбныя ўсё ж маладыя людзі, каб яны арыентаваліся ў камунікацыі зь людзьмі, каб яны былі лёгкія на размову, каб яны былі больш свабодныя.

У Беларусі няма ВНУ, дзе вучаць на сетачніка

Ганна Соўсь: А дзе можна на сетачніка навучыцца? Ці для гэтага патрэбны толькі досьвед працы?

Ганна Клокава: Гэта цікавае пытаньне, паколькі гэтая сфэра дастаткова маладая ў Беларусі, і таму няма няма ВНУ, якія бы канцэнтраваліся на гэтым напрамку, але ёсьць лекцыі, як лекцыя Франака, напрыклад, ёсьць розныя замежныя стажыроўкі і гэтак далей. Але з большага ўсё дасягаецца на ўласным досьведзе. Я скончыла БДУІР па спэцыяльнасьці інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі ў эканоміцы, цяпер дыплём абараняю. Але гэта не перашкодзіла мне зараз займаць тую пасаду, якую я займаю. З большага ўсе веды, што я маю, дасягаліся праз уласны досьвед і працу, якую я рабіла самастойна шляхам проб і памылак.

«Мы арыентуемся на кліпавае мысьленьне»

Ганна Соўсь: Да сацыяльных сетак даволі часта гучаць закіды ў павярхоўнасьці, арыентаванасьці на кліпавае мысьленьне, на больш жоўны кантэнт, які прыносіць клікі, што яны аддаюць перавагу карцінкам і кароткім відэа, а не тэкстам. Як бы вы ўсе адказалі на такія закіды? Ці яны справядлівыя?

Наста Пілюгіна: Часам патрэбна проста апэратыўна данесьці інфармацыю і тады ня важна ў якім фармаце яна дойдзе. Калі чалавек пабачыць відэа і пяройдзе на сайт, гэта таксама добра, ён пабачыць і відэа. і тэкст. Вядома, што чалавек зараз не ўспрымае інфармацыю толькі ў адным выглядзе. Калі яму зручна глядзець відэа, ён глядзіць відэа, калі яму зручна прачытаць, ён чытае. Кожны чалавек зь вялікага сэгмэнту аўдыторыі проста выбірае даступны, найбольш зручны для сябе фармат.

Карына Навіцкая: Сацыяльныя сеткі створаныя для кантактаваньня. І кантэнт навінных сайтаў і кантэнт сацыяльных сетак адрозьніваюцца. Сайты маюць больш афіцыйны вобраз, а сацыяльныя сеткі больш сканцэнтраваныя на тым, каб зацікавіць чалавека, таму тут можна пагуляцца з формай, з інструмэнтамі, як гэта падаць, як можна зрабіць у больш цікавай форме. Таму ўсе закіды не лічу справядлівымі. Мэта сацыяльных сетак у тым і ёсьць, каб заангажаваць чалавека, зацікавіць сваёй інфармацыяй, каб у яго зьявілася жаданьне зайсьці на сайт і пазнаёміцца зь ім. Калі ніколі не заходзіў, можа, нават і застацца там і чытаць яго заўсёды. Сацыяльныя сеткі вельмі важныя ў прасоўваньні кантэнту.

Карцінка зь дзіцём гарантавана атрымае шмат лайкаў і перапостаў. Але што мы ад гэтага атрымаем?

Ганна Клокава: Канечне, мы арыентуемся на кліпавае мысьленьне, мы даем людзям тое, што яны хочуць, чаго яны ад нас чакаюць. Мы ўсё ж працуем з сацыяльнымі сеткамі. Але хто сказаў пра тое, што тая ж карцінка, той ж відэа ня можа несьці ў сябе той жа мэсыдж, што і доўгі тэкст? Відэа больш людзей паглядзіць і той жа мэсыдж атрымае. У той жа час доўгі тэкст у сацсетцы хутчэй за ўсё пройдзе міма чалавека, і ніхто гэта не пачуе. Плюс, як казалі перада мной, сацсеткі маюць сваю мэту, каб чалавек, зацікавіўшыся карцінкай, візуалам, перайшоў на сайт і прачытаў нешта больш доўгае, больш цікавае. Калі казаць пра кантэнт, які прыносіць клікі... Так, мы яго выкарыстоўваем, але пры працы з сацсеткамі трэба добра разумець мэту, да якой імкнёмся. Карцінка зь дзіцём гарантавана атрымае шмат лайкаў і перапостаў. Але што мы ад гэтага атрымаем? Толькі шорт лайкаў, якія мы ні ўва што канвэртаваць ня зможам. Але калі мы гэтага дзіцёнка апранем у вышыванку, то мы атрымаем, напрыклад, 10 чалавек, якія спытаюцца дзе яе набыць на будучыню, яшчэ 5 чалавек, якія зацікавяцца яго арнамэнтам, яго значэньнем і больш паглыблена гэта пачнуць вывучаць. Канечне, ёсьць сэнс выкарыстоўваць і мы выкарыстоўваем кантэнт, які прыносіць клікі, але выкарыстоўваць яго трэба, безумоўна, разумна.

«Магчыма, будзе нейкі новы Фэйсбук, нейкі новы Твітэр»

Ганна Соўсь: Якую вы бачыце будучыню ў сацсетак? Якія сацсеткі і для якой аўдыторыі будуць дамінаваць? Ці падтрымліваеце вы тэзу Франак Вячоркі пра сьмерць сайтаў і традыцыйных СМІ і дамінаваньне адным сетак?

Наста Пілюгіна: Я думаю, што дамінаваньне сетак адбываецца з кожным часам. Напрыклад, той жа УКантакце, якому больш за 10 гадоў, вялікую папулярнасьць набірае Інстаграм, але невядома што прыйдзе на зьмену Інстаграму. Сьмерць Інстаграму можа адбыцца літаральна ў адзін момант, калі прыйдзе новая сацыяльная сетка, якая будзе час за часам перацягваць больш аўдыторыі да сябе. Магчыма, будзе нейкі новы Фэйсбук, нейкі новы Твітэр, ніхто ня ведае, што будзе ў будучыні, але сайты паміраюць. Усе менш людзей стала заходзіць на сайты, усё больш людзей заходзяць на старонку таго ці іншага блогера ці СМІ у сацыяльных сетках.

«Зь цягам часу традыцыйных сайтаў і навінных рэсурсаў ня будзе, а будуць сацыяльныя сеткі»

Карына Навіцкая: Я згодная ў гэтым з Франакам, што ўсё ж традыцыйныя сайты памруць, ужо зараз зьніжаецца цікавасьці да іх. У людзей зьяўляецца пытаньне, а навошта мне заходзіць на сайт, калі ўсё, што я хачу прачытаць, усё, што я хачу даведацца, я магу прачытаць у сацыяльных сетках. І ў гэтым яны маюць рацыю. Навошта лішні раз заходзіць, калі ты можаш усё пачытаць у сацыяльных сетках. З цягам часу традыцыйных сайтаў і навінных рэсурсаў ужо ня будзе, а будуць сацыяльныя сеткі, а ўжо ў якім фармаце і выглядзе, якія новыя сацыяльныя сеткі зьявяцца, ужо трэба глядзець.

«Мы тут усе выступаем адэптамі Франака Вячоркі»

Ня думаю, што бліжэйшым часам можа зьявіцца нешта кардынальна новае

Ганна Клокава: Мы тут усе выступаем адэптамі Франака Вячоркі сёньня, але я таксама зь ім згодна абсалютна. Я прызнаюся, што даўно мэтава не заходжу на навінныя сайты, ніколі мэтанакіравана не набіраю ў пошукавым радку назвы СМІ. Я раблю гэта праз сацыяльныя сеткі, бачу цікавую навіну і ўжо па спасылцы пераходжу на сайт, калі яна мяне зацікавіла. Я думаю, што за гэтым будучыня, паступова да гэтага і пяройдуць, асноўны акцэнт будзе менавіта на працу людзей у сацсетках. Наконт таго, якія сацсеткі будуць папулярнымі, канечне, вельмі складана нешта казаць. Ня думаю, што бліжэйшым часам можа зьявіцца нешта кардынальна новае, якое заменіць тое, што было раней. Людзі сталі ў добрым сэнсе больш кансэрватыўнымі і вельмі складана ўспрымаюць зусім новыя рэчы, прынамсі ў нас.

Я бачу вялікі патэнцыял за Інстаграмам, таму што ён вельмі хутка разьвіваецца. У symbal.by гэта другая па папулярнасьці сацыяльная сетка, каля 17 з паловай тысяч падпісантаў. Я думаю, што менавіта ён з большага будзе разьвівацца. Захавае хутчэй за ўсё свае пазыцыі ў нашым рэгіёне Фэйсбук і УКантакце. Паглядзім, што будзе далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG