Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 22 чэрвеня: маскоўскі каляндар для беларускай гісторыі


«Мы павінны гэта памятаць, каб гэта не паўтарылася», — тлумачыць шоў да гадавіны нападу нацыстоўскай Нямеччыны на сталінскі СССР начальнік ідэалягічнага аддзелу Берасьцейскага гарвыканкаму Генадзь Іванчын.

Калі Генадзь Іванчын зь Берасьцейшчыны, то яго дзяды-бабулі сустрэлі нацыстоўскую агрэсію раней за 1941 — у верасьні 1939. Можа, начальнік-ідэоляг і згадвае ў сямейным коле пачатак ІІ-й Сусьветнай.

Толькі на афіцыйным узроўні гучней за ўсё адзначаюць пачатак вайны, якую ў СССР назвалі Вялікай Айчыннай. Бо ў ІІ-ю Сусьветную СССР увайшоў 17 верасьня 1939, заціснуўшы сваякоў Генадзя Іванчына між двух агнёў.

Беларусь незалежная ўжо амаль 26 гадоў, але мэмарыяльныя даты, датычныя Другой Сусьветнай вайны, дагэтуль адзначаюцца паводле маскоўскага сцэнару.

Нават назвы ў Беларусі блытаюць на расейскі манер. У Беларусі — «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны». А ў Расеі — «Дзень усенароднай памяці і смутку». У сваім сюжэце (па спасылцы вышэй) тэлерадыёкампанія «Брэст» ужывае акурат расейскую назву — пра смутак.

Зрэшты, смутку напярэдадні 22 чэрвеня і ў сам дзень нападу Нямеччыны на СССР ня так і шмат. Больш бадзёрасьці, больш шоў.

Вось, напрыклад, аўтапрабег на рарытэтнай вайсковай тэхніцы з Расеі да Берасьцейскай крэпасьці. Сьпевы, жарты, усьмешкі. Ніякага смутку.

У сеціве рэгулярна сустракаю саркастычныя рэплікі пра тое, што некаторыя беларусы, пераймаючы сучасную расейскую традыцыю, сьвяткуюць дзень 22 чэрвеня.

Адзначаюць не катастрофу 1941 году, калі савецкія войскі імкліва адступалі і траплялі ў палон сотнямі тысяч за раз. А сьвяткуюць, бо без пачатку той вайны не было б пераможнага фіналу. Адзінага, чым ад 1945 году ганарыцца савецкі народ і яго ідэйныя спадкаемцы. Бо больш няма чым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG