Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кунцэвіч плянуе выйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб падтрымаць палітвязьняў. Статкевіч ня прыйдзе


Сяргей Кунцэвіч

Былы вязень «амэрыканкі» Сяргей Кунцэвіч зьбіраецца 22 чэрвеня прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб выказаць салідарнасьць зь фігурантамі «справы патрыётаў».

Пікет прызначаны на 18 гадзінаў. Сяргей кажа, што не зьяўляецца арганізатарам акцыі, але возьме ў ёй удзел разам зь сябрамі і аднадумцамі.

«Мы ж нічога парушаць не зьбіраемся, нават сымболікі браць ня будзем. Проста выйдзем і засьведчым сваю пазыцыю, што трэба вызваліць людзей, якія сядзіць у справе патрыётаў, што ня варта, каб у нас былі палітвязьні. Яшчэ б я дадаў, што заклікаю да салідарнасьці з падманутым актывістамі, бо некаторым даюць недакладную інфармацыю, іх выкарыстоўваюць. На маю думку, у апазыцыі шмат людзей пад кантролем КДБ, імі кіруюць, але КДБ ня трэба баяцца».

Паплечнік Мікалая Статкевіча Сяргей Куцэвіч быў затрыманы сёлета напярэдадні Дня Волі і адбыў за кратамі да 2 чэрвеня. Першыя 14 дзён арышту Сягея Кунцэвіча трымалі ў сьледчай турме КДБ, дзе, паводле актывіста, яго катавалі электрашокерам, каб дамагчыся зьвестак пра Мікалая Статкевіча. Актывіста падазравалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, цяпер усе абвінавачаньні з Кунцэвіча зьнялі. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык абверг заявы Кунцэвіча пра ўжываньне да яго катаваньняў.

Сяргей Кунцэвіч патлумачыў, што насамрэч не зьяўляецца кіроўцам Мікалая Статкевіча, а толькі некалькі разоў падвозіў яго на аўтамабілі. Актывіст сказаў, што застаецца аднадумцам Мікалая Статкевіча, але пры гэтым выказаў да яго прэтэнзіі, зьвязаныя з Днём Волі.

Што да ўдзелу Мікалая Статкевіча ў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, прызначанай на 22 чэрвеня, Сяргей Кунцэвіч сказаў: «Мяркую, ён абавязкова прыйдзе».

У СІЗА № 1 на Валадарскага і ў ізалятары КДБ застаюцца пад вартай 14 фігурантаў «справы патрыётаў», яшчэ 2 фігуранты справы знаходзяцца пад падпіскай. Абвінавачаньні ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках з іх зьнялі, застаецца абвінавачаньне ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. 16 чэрвеня ў Сьледчым камітэце паведамілі, што там прынялі да разгляду «справу патрыётаў» ад сьледчых КДБ.

Мікалай Статкевіч пракамэнтаваў пікет Кунцэвіча наступным чынам:

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Так, мы ў „Народнай грамадзе“ вырашалі падтрымаць акцыю 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы, пра якую заявіў Максім Вінярскі і ўхваліў Нацыянальны кангрэс. Гэта будзе акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. Але сам я на яе не пайду, каб ня даць уладам магчымасьці арыштаваць мяне напярэдадні вялікай акцыі, абвешчанай на 3 ліпеня. Пра гэта я ўжо папярэджваў у інтэрнэце. Што да Сяргея Кунцэвіча, ведаю, што ён заклікае пайсьці з парасонамі да паліклінік — гэта будзе ягоная акцыя. А пра ягоны намер удзельнічаць у акцыі на Кастрычніцкай ня ведаю».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG