Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар забароненага інтэрвію з Алексіевіч звольнены зь «Делового Петербурга»


Сьвятлана Алексіевіч

Журналіст газэты «Деловой Петербург» Сяргей Гуркін звольнены за супрацоўніцтва зь іншым выданьнем.

Пра гэта заявіў галоўны рэдактар выданьня Максім Васюкоў, а выканаўчы рэдактар Дзьмітрый Грозны выклаў пакрокавую справаздачу на рэдакцыйным сайце.

У прыватнасьці, Масім Васюкоў удакладніў, што прычына рашэньня была толькі гэтая, а ня ўласна інтэрвію зь беларускай пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч, як паведаміла агенцтва Regnum (менавіта там зьявіўся тэкст, які нобэлеўская ляўрэатка забараніла друкаваць).

Напярэдадні Радыё Свабода падрабязна расказвала, што расейскае агенцтва Regnum выдала інтэрвію з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якое яна забараніла друкаваць. Яна сьцьвярджае, што давала згоду на гутарку з прадстаўніком выданьня «Деловой Петербург» і не разумее, якім чынам тэкст апынуўся на чарнасоценным рэсурсе. Аўтар тэксту — Сяргей Гуркін.

«Гісторыя вельмі простая, — патлумачыў Максім Васюкоў. — Ні ў аднаго штатнага супрацоўніка „Делового Петербурга“ няма права атрымліваць заробак у нас і працаваць на іншыя СМІ. Усе, хто будзе так рабіць, будуць звольненыя. Тут няма ніякай палітыкі. Калі б чалавек напісаў тэкст пра кампутары і перадаў яго ў часопіс „Компьютерная жизнь“, яго таксама б звольнілі. Я ведаў, што Гуркін супрацоўнічаў з Regnum, калі ён быў нашым пазаштатным аўтарам, але штатныя аўтары ня могуць мець справы зь іншымі выданьнямі».

Агенцтва Regnum паведаміла, што Сяргей Гуркін быў звольнены з газэты з фармулёўкай «паводле пагадненьня бакоў». Пры гэтым, удакладняе Regnum, апошнія два гады Гуркін супрацоўнічаў з агенцтвам у вольны ад асноўнай працы час па дамоўленасьці з кіраўніцтвам «Делового Петербурга».

На наступны дзень пасьля публікацыі інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч кіраўніцтва газэты запатрабавала ад журналіста дамовіцца з кіраўніцтвам агенцтва аб зьняцьці тэксту. Гуркін катэгарычна адмовіўся.

Сама Алексіевіч настойвае: ёй было сказана, што інтэрвію будзе апублікавана ў «Деловом Петербурге», ні пра якое агенцтва гаворкі нават не ўзьнікала. Пасьля пачатку размовы пісьменьніца забараніла публікаваць гутарку, паколькі яе суразмоўцам быў «не журналістам, а прапагандыстам».

XS
SM
MD
LG