Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Росатом» спрагназаваў каляпс рынку будаўніцтва АЭС. Збудуюць БелАЭС і ўсё?


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Намесьнік генэральнага дырэктара расейскай кампаніі «Росатом» Вячаслаў Першукоў агучыў прагноз аб вялікіх праблемах у пошуку новых замоваў на будаўніцтва атамных электрастанцыяў, перадае РБК.

Паводле яго, цяпер «Росатом» мае замоваў на 130 млрд даляраў, але зможа знаходзіць новых замоўнікаў хіба да 2020–2025 гадоў, а «далей будзе складана»:

«Ужо зь цяжкасьцю можам сабе ўявіць, дзе яшчэ мы можам знайсьці замову на будаўніцтва атамных станцыяў», — заявіў Першукоў.

«Росатом» у сувязі з гэтым зьбіраецца засвоіць новыя кірункі: малая гідраэнэргетыка і ветравая генэрацыя, будаўніцтва ў галінах ядзернай навукі і мэдыцыны, абсталяваньне для газанафтахіміі і цеплавой энэргетыкі і іншае, як цяперашняя спроба паўдзельнічаць у перапрацоўцы літыю для акумулятараў смартфонаў. Таксама «Росатом» зьбіраецца выходзіць на рынак плывучых АЭС.

На сёньня ў 30 краінах сьвету працуюць 449 энэргаблёкаў АЭС, будуюцца яшчэ 60. Але шэраг краінаў сьвету адмаўляецца ад атамнай энэргетыкі (як Швайцарыя праз рэфэрэндум), зьбіраецца адмаўляцца (як Тайвань да 2025 году) або зьбіраецца скарачаць выкарыстаньне атамнай энэргіі (як ЗША і Францыя). Буйныя пляны па разьвіцьці атамнай энэргетыкі мае хіба Кітай, які да 2026 году плянуе нарасьціць магутнасьць АЭС утрая, да 100 ГВт.

Адначасова зь Кітаем атамную энэргетыку зьбіраецца разьвіваць Беларусь, у якой «Росатом» будуе АЭС у Астраўцы (першы энэргаблёк маюць запусьціць у 2019 годзе, другі — у 2020-м). Прадстаўнікі Беларусі тлумачаць неабходнасьць у АЭС энэргетычнай незалежнасьцю — у тым ліку выпадкамі, калі Расея перакрывала газ пры 25-градусным марозе. Тым часам Літва, пад межамі якой будуецца БелАЭС, афіцыйна лічыць станцыю пагрозай сваёй нацыянальнай бясьпецы, называе 10 прычынаў не будаваць БелАЭС.

«Росатом» займаецца будаўніцтвам сямі АЭС у Расеі, а таксама шэрагу АЭС за межамі: акрамя БелАЭС, пачалося будаўніцтва АЭС «Бушэр» у Іране і АЭС «Цяньвань-2» у Кітаі, плянуецца АЭС «Куданкулам» у Індыі і дабудова энэргаблёкаў АЭС «Паеш» у Вугоршчыне, распрацоўваецца дакумэнтацыя на АЭС «Акую» ў Турэччыне і АЭС «Рупур» у Бангладэшы; можа пачацца будаўніцтва АЭС «Ханхіківі-1» у Фінляндыі. Такім чынам, «Росатом» патэнцыйна загружаны працай у будаўніцтве АЭС прынамсі да 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG