Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Эўразьвяз зноў правядуць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Чаму так доўга?


Чарговы раўнд перамоваў Беларусі і Эўразьвязу аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі (прыёме сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і замежнікаў, якія праз тэрыторыю краіны трапляюць на чужую тэрыторыю) пачаўся ў Менску 20 чэрвеня.

Як паведамілі БелаПАН, беларускую дэлегацыю ў пытаньнях візавага рэжыму ўзначаліў Ігар Фісенка, начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС, а дэлегацыю ў рэадмісіі — Аляксей Бягун, начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС. Хто ўзначальвае дэлегацыю Эўразьвязу, у прэс-службе ЭЗ адмовіліся назваць, адзначыўшы толькі, што перамовы вядуцца на экспэртным узроўні.

Але перамовы вядуцца аж з 2014 году. Чаму так доўга, калі абодва бакі нібыта ня супраць пагадненьня?

Мірончык: справа ў бясьпецы дыпляматычных пашпартоў і рэадмісіі

Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык 1 чэрвеня заяўляў у камэнтары БелаПАН, што часовай перашкодай у спрашчэньні візавага рэжыму ёсьць бясьпека беларускіх дыпляматычных пашпартоў: маўляў, калі ў Беларусі ў 2018 годзе пачнуць выпускаць біямэтрычныя пашпарты, дыпляматы атрымаюць іх адначасова са звычайнымі грамадзянскімі, а такія пашпарты ўжо будуць адпавядаць самым высокім стандартам бясьпекі. Мірончык тады адзначыў, што прэтэнзіі наконт дыпляматычных пашпартоў былі выстаўленыя толькі ў красавіку 2015 году, калі «Беларусь фактычна была гатовая парафіяваць пагадненьне».

Таксама жорсткім патрабаваньнем Эўразьвязу ёсьць пагадненьне па рэадмісіі, адзначае Мірончык. Летась паведамлялася, што беларускі бок хоча пераходны трохгадовы рэжым у гэтым пагадненьні, які раней атрымлівалі Расея, Украіна і Турэччына, але Эўразьвяз, паводле тагачаснай намесьніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчынай, не гатовы даць такую адтэрміноўку.

Гэта праўда?

Ці сапраўды бясьпека дыпляматычных пашпартоў і пераходны тэрмін у рэадмісіі — гэта тыя пытаньні, якія тармозяць спрашчэньне візавага рэжыму?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Могуць быць толькі здагадкі, — адказвае Свабодзе палітоляг Андрэй Фёдараў. — Дакладна я ня ведаю, асабліва з боку Эўразьвязу. З боку Беларусі я магу толькі меркаваць.

Здагадкі такія, што для беларускага боку ёсьць пэўныя хібы: чым больш будзе людзей езьдзіць на Захад, чым прасьцей гэта будзе рабіць, тым больш яны на свае вочы ўбачаць, якое там жыцьцё, што яно не зусім супадае з тым, што кажуць па БТ. Па-другое, як я разумею, крыху скароціцца тое, што Беларусь атрымлівае ад Захаду празь візы. У нас цяпер кароткі бязьвізавы рэжым, а за больш доўгі трэба плаціць, дык паступленьні скароцяцца, калі спрасьціць візавы рэжым. Наколькі гэтыя думкі адпавядаюць рэчаіснасьці, сьцьвярджаць не бяруся.

Наўрад ці можна казаць, што спрашчэньне візавага рэжыму карыснае для Эўразьвязу, мэркантыльнасьці ніяк не праглядаецца. Але маральны бок справы ёсьць: Эўразьвяз дэманструе сваю адкрытасьць, што ён гатовы да пашырэньня чалавечых стасункаў, што дэкляруецца як адзін з асноватворных прынцыпаў Эўразьвязу.

Я не асабліва веру, што беларусы будуць сябе кепска паводзіць у Эўропе — як вядома, візаў беларусам выдаецца вельмі шмат, а адсотак парушэньняў, наколькі я ведаю, вельмі нязначны. Наўрад ці з гэтага боку могуць быць асьцярогі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG