Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Парашэнкі ў ЗША: ці атрымае Ўкраіна летальную зброю?


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Сёньня распачаўся візыт прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў ЗША, падчас якога ён сустрэнецца зь віцэ-прэзыдэнтам Майкам Пэнсам і прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Ключавымі тэмамі ўкраінска-амэрыканскіх перамоў стануць сытуацыя на Данбасе і санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якая вядзе супраць Украіны неаб’яўленую вайну, анэксавала Крым і ўвяла войскі на Данбас.

У Кіеве сустрэчы ў Белым доме чакалі адразу пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта Дональда Трампа, нягледзячы на тое, што ў часе выбарчай кампаніі сымпатыі ўкраінскай палітычнай эліты былі на баку кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.

Ужо на пачатку году ўкраінскі амбасадар у ЗША Валер Чалы заявіў, што прэзыдэнцкае рандэву заплянаванае на люты. Але замест сустрэчы адбылася тэлефонная размова.

Украінская палітычная экспэртка Алеся Яхно перакананая, што тая размова стала вызначальнай, бо ў ёй прагучала важная для Ўкраіны фармулёўка пра канфлікт між Расеяю і Ўкраінаю на Данбасе:

Алеся Яхно
Алеся Яхно

— Украінскі бок прыкладаў вельмі шмат намаганьняў для арганізацыі гэтага візыту, і, акрамя ўзгадненьня яго даты і факту самога візыту, вельмі важна было зьмястоўна падрыхтаваць гэтую сустрэчу. Дзьве тэлефонныя размовы Трампа і Парашэнкі, візыт у ЗША міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна і дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана ў Маскву — усё гэта рыхтавала глебу для сустрэчы Парашэнкі і Трампа. І яна вельмі важная з улікам таго, што зь вялікай доляй верагоднасьці амэрыканскі прэзыдэнт сустрэнецца зь кіраўніком Расеі Пуціным на саміце G-20 у ліпені. Адметна таксама, што пасьля візыту ў ЗША Пятро Парашэнка наведае Брусэль, дзе адбудзецца пасяджэньне Эўрапейскай рады, якая будзе разглядаць падаўжэньне санкцый у дачыненьні да Расеі. На які тэрмін яны будуць падоўжаныя — на паўгода, як зацікаўленая Расея, ці на год, як прапануе Ўкраіна? І тое, што напярэдадні гэтага пасяджэньня ў ЗША будуць агучаныя пэўныя сыгналы, спрацуе на кансалідаванасьць пазыцыі Амэрыкі і Эўропы ў дачыненьні агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну.

— Усе тры гады канфлікту на Данбасе і ва Ўкраіне, і ў ЗША дыскутавалася пытаньне прадастаўленьня Кіеву вайсковай дапамогі, перадусім гаворка ішла пра летальную зброю. Ці ёсьць цяпер перадумовы для такога рашэньня і наколькі такая дапамога на гэты момант — першачарговая неабходнасьць для Ўкраіны?

— Зразумела, вайскова-тэхнічная супраца будзе абмяркоўвацца падчас візыту. Як вядома, пазыцыя Рэспубліканскай партыі ў гэтым пытаньні больш жорсткая ў параўнаньні з Дэмакратычнай партыяй. І рэспубліканцы неаднойчы заяўлялі пра тое, што Ўкраіне трэба больш актыўна дапамагаць менавіта зброяй, таму нельга выключаць, што будуць дасягнутыя дамоўленасьці ў гэтым кірунку. Іншая справа, што такою дапамогаю можа быць неабавязкова сьмяротная зброя, а, напрыклад, сучасныя ўзоры ўзбраеньняў, якія дазваляюць больш пільна адсочваць і фіксаваць дзеяньні праціўніка.

— Некалькі дзён таму Пятро Парашэнка заявіў пра неабходнасьць зьмены фармату дзеяньняў Украіны ў дачыненьні Данбасу. Гэта выпадковае супадзеньне ў часе зь ягоным візытам да ЗША?

— Гэтая ініцыятыва зьявілася лягічна ў той час, калі Ўкраіна пазьбегла шэрагу рызыкаў, галоўнай зь якіх была «гібрыдызацыя» Эўропы. Расея разьлічвала на зьмену палітычных элітаў у краінах Эўразьвязу пасьля выбараў, што магло зламаць кансалідаваную пазыцыю ў дачыненьні санкцый супраць Расеі і яе дзеяньняў, паколькі яна ўмешваецца ня толькі на ваенным узроўні ў справы Ўкраіны, але і на ўзроўні спробаў паўплываць на выбарчыя працэсы і адзінства ўнутры Эўропы. І гэта ўжо зразумеў палітычны істэблішмэнт Захаду. Таму тое, што Ўкраіна выступіла з ініцыятывай перагляду сваёй тактыкі ў межах антытэрарыстычнай апэрацыі, цалкам заканамерна і дазволіць больш эфэктыўна ды мабільна рэагаваць на сытуацыю. Украіна не адмаўляецца ад менскіх пагадненьняў — яны па-ранейшаму базавыя ў перамоўным працэсе. І значная частка санкцый прывязаная менавіта да разьвязаньня канфлікту на Данбасе.

Ва ўмовах вайны Ўкраіна завяршыла рэалізацыю эўраінтэграцыйнага пакету — мы атрымалі зону свабоднага гандлю і бязьвізавы рэжым з ЭЗ, і ў гэтым сэнсе тактыка Расеі аказалася нежыцьцяздольнай. На мой погляд, ініцыятыва законапраекту пра рэінтэграцыю Данбасу — гэта рэакцыя у тым ліку і на зьмену тактыкі самой Расеі, якая перайшла да паўзучай анэксіі гэтай тэрыторыі: там выкарыстоўваецца расейскі рубель, украінскія прадпрыемствы практычна скрадзеныя... Таму лягічна, што Ўкраіна з улікам зьмены тактыкі Расеі, спрыяльнай зьнешнепалітычнай кан’юнктуры і ўнутранага запыту ў краіне разглядае новыя ініцыятывы, узмацняе сваю абароназдольнасьць і манэўранасьць з пункту гледжаньня рэагаваньня на дзеяньні агрэсара.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG