Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў: Украіне трэба завяршыць АТО і перайсьці да новага фармату абароны


Аляксандар Турчынаў

Украіне трэба завяршыць антытэрарыстычную апэрацыю і перайсьці да новага фармату абароны ад гібрыднай вайны. Пра гэта заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Турчынаў у інтэрвію «Інтэрфакс-Украіна».

«Ваенныя дзеяньні працягваюцца на ўсходзе нашай краіны ўжо тры гады, і перарасьлі як па працягласьці, так і па маштабах фармат АТО... Менавіта ў рамках АТО мы спынілі агрэсара, змаглі правесьці прэзыдэнцкія, парлямэнцкія і мясцовыя выбары, а таксама вызвалілі значную частку акупіраванай тэрыторыі Ўкраіны. Аднак час перайсьці да новага фармату абароны краіны», — сказаў Турчынаў.

Паводле Турчынава, час вызначыць новы фармат, які «дазволіць эфэктыўна абараніць Украіну ад гібрыдных мэтадаў вайны, якія ўжываюцца Расеяй супраць нас».

Рызыка такой ваяўнічасьці ў тым, што вайна можа выйсьці па-за межы Данбасу.

«Заяву сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандра Турчынава аб тым, што фармат АТО вычарпаў сябе і патрэбны іншы, не наблізіць нас да рашэньня канфлікту на Данбасе. Турчынаў робіць ваяўнічыя заявы, якія адпавядаюць інтарэсам „Народнага фронту“, каб узьняць рэйтынг партыі. Але рызыка такой ваяўнічасьці ў тым, што вайна можа выйсьці па-за межы Данбасу», — такое меркаваньне сайту «24» выказаў старшыня праўленьня Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента» Уладзімер Фясенка.

На думку экспэрта, «Народны Фронт» за кошт такой «ваяўнічасьці і паказной антырасейскасьці» хоча ўзьняць свой рэйтынг. Але сумнеўна, што Турчынаў здольны ўвасобіць гэтую заяву ў рэальнасьць, тым больш, што ня ён прымае такія рашэньні, мяркуе Фясенка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG