Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве Дзень незалежнасьці адзначаць пад песьню «Рождённый в СССР». Валадар Цурпанаў вінаваціць улады ў марнатраўстве


Расейскі сьпявак Алег Газманаў

Магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў зьвінаваціў абласныя ўлады ў марнатраўстве і запатрабаваў ад пракуратуры, каб яна на гэта адрэагавала.

Нагодай для звароту актывіста ў пракуратуру сталі зьвесткі пра тое, што на трох расейскіх сьпевакоў, якіх абласная філярмонія запрасіла выступіць на канцэрце да афіцыйнага Дня незалежнасьці, патрачана 84 тысячы даляраў. Праваабаронцу адпісалі з абласной філярмоніі:

«Запрашэньне Газманава, Лешчанкі, Вараб’ёва на канцэрт, — гаворыцца ў лісьце, які падпісала мастацкая кіраўніца ўстановы Сьвятлана Ефімук, — абумоўлены ідэалягічным, культурна-мастацкім зьместам мерапрыемства і рэпэртуарам выканаўцаў».

У допісе пададзеныя падрабязнасьці сьвяточнага канцэрту. Зь яго вынікае, што Дзень беларускай незалежнасьці адзначаць пад песьню «Рождённый в СССР».

«Асноўная ідэя гэтага нумару, — тлумачыць у лісьце Ефімчук, — заклік да міру, згоды між народамі, бо Рэспубліка Беларусь праводзіла і праводзіць палітыку міралюбства, супрацоўніцтва і дружбы між народамі».

Лешчанка засьпявае на канцэрце «День Победы», а Вараб’ёў прыедзе ў Магілёў, бо «дужа папулярны сярод моладзі».

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Адказ з абласной філярмоніі Валадар Цурпанаў лічыць пустым. «Ім спрабуюць абгрунтаваць трату грошай», — кажа ён.

«Зьмест ліста, па сутнасьці, ня мае значэньня. А адказ дае мастацкі кіраўнік установы, каб перавесьці пытаньне ў „эмацыйную“ плоскасьць — маўляў, усё адбудзецца як мае быць, мы ж паклапаціліся, — кажа Валадар Цурпанаў. — Галоўнае: абяліць тых, хто прымаў рашэньне пра ўдзел расейцаў у канцэрце».

Паводле праваабаронцы, дырэктар філярмоніі адмовіўся азнаёміць яго з дакумэнтамі, на падставе якіх абвешчаны ўдзел у тэндэры на арганізацыю ўдзелу расейскіх выканаўцаў. Актывіст на гэта пакінуў запіс у кнізе заўвагаў, а пазьней даслаў зварот у пракуратуру. Валадар Цурпанаў мяркуе, што атрыманы ліст — гэта адказ на ягоны зварот, перасланы ў філярмонію пракуратурай.

Раней дырэктар Магілёўскай філярмоніі Дзяніс Шаблінскі ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што сьпевакоў выбіралі зыходзячы зь фінансавых магчымасьцяў абласнога бюджэту і ўмоваў тэндэру. Паводле суразмоўцы, у сьпісе тых артыстаў, якіх зьбіраліся запрасіць з Расеі на сьвяточны канцэрт, быў дзясятак прэтэндэнтаў.

На пытаньне, чаму выбралі Лешчанку, Газманава і Вараб’ёва, творчасьць якіх не зьвязаная зь беларускай дзяржаўнасьцю, суразмоўца адказаў, што ніхто лепей за Лешчанку ня выканае песьню «День Победы», і дадаў: «А чаму летась быў запрошаны на канцэрт Ёсіф Кабзон?».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG