Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выступ Газманава, Лешчанкі і Вараб’ёва на Дзень Рэспублікі ўлады Магілёва патрацяць 84 тысячы даляраў


Расейскі сьпявак Алег Газманаў

Беларускі музыка Алег Хаменка назваў запрашэньне расейскіх музыкаў на Дзень Незалежнасьці ў Магілёве нонсэнсам.

Пра выступленьне ў Магілёве расейскіх артыстаў на Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня першым паведаміў сайт, які апублікаваў дакумэнт аб ганарарах расейскім сьпевакам.

Згодна з дакумэнтам, на іх выступ выдзелена 156 600 рублёў (больш за 84 тысячы даляраў).

Дырэктар філярмоніі: быў тэндэр

Аўтар публікацыі акцэнтуе ўвагу, што сродкі на арганізацыю канцэрту і аплату артыстам бюджэтныя, і ставіць пытаньне, чаму на Дзень беларускай незалежнасьці запрошаныя менавіта Алег Газманаў, Леў Леўшчанка і Аляксей Вараб’ёў.

У Магілёўскай філярмоніі пацьвердзілі сапраўднасьць апублікаваных дакумэнтаў. Яе дырэктар Дзяніс Шаблінскі ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што выбіралі сьпевакоў, зыходзячы зь фінансавых магчымасьцяў абласнога бюджэту і ўмоваў тэндэру. Паводле суразмоўцы, сьпіс тых артыстаў, якіх зьбіраліся запрасіць з Расеі на сьвяточны канцэрт, поўніўся дзясяткам прэтэндэнтаў.

На пытаньне, чаму выбралі Лешчанку, Газманава і Вараб’ёва, творчасьць якіх не зьвязаная зь беларускай дзяржаўнасьцю, суразмоўца адказаў, што ніхто лепей за Лешчанку ня выканае песьню «Дзень Перамогі» і дадаў: «А чаму летась быў запрошаны на канцэрт Ёсіф Кабзон?»

На пытаньне, чаму запрасілі сьпевакоў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны праз наведваньне імі Крыму, анэксію якога Расеяй не падтрымлівае Беларусь, Дзяніс Шаблінскі адказаў, што шукаць «палітычнай падкладкі» ў іх выступе ў Магілёве ня варта, бо яе няма.

Шаблінскі дадаў, што на канцэрце будуць выступаць і беларускія артысты. Але на іх выступ не прадугледжваецца правядзеньне абавязковага тэндэру, як для іншаземцаў, патлумачыў ён.

Дырэктар Магілёўскай філярмоніі зазначыў, што выступленьне Лешчанкі, Газманава і Вараб’ёва адбудзецца не на сьвяткаваньні 750-годзьдзя Магілёва, а на ўрачыстасьці, прымеркаванай да Дня Незалежнасьці.

Хаменка: гэта нонсэнс

Гурт «Палац» ня будзе ўдзельнікам магілёўскіх урачыстасьцяў. Лідэр гурту Алег Хаменка ведае пра сытуацыю з запрашэньнем у Магілёў расейскіх музыкаў. Камэнтаваць яе ён ня стаў, адзначыў толькі, што афіцыйны Дзень Незалежнасьці мае аддаленае дачыненьне да дзяржаўнасьці Беларусі. Выбраную дату сьвяткаваньня суразмоўца назваў памылкай.

Алег Хаменка
Алег Хаменка

«Зь першай, галоўнай, памылкі цягнецца безьліч іншых, якія даводзяць сытуацыю ня толькі да відавочнага нонсэнсу, але і катастрафічнага. На крывым жа падмурку ня можа быць роўнага дома», — патлумачыў сваю пазыцыю Алег Хаменка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG