Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля майго арышту бацька ня можа размаўляць». Чаму футбольнага фаната пасадзілі на 4 гады і раптоўна адпусьцілі


Вадзім Бойка

Вадзіма Бойку нечакана вызвалілі з-пад варты за тыдзень да разгляду апэляцыі на вырак. Ён упершыню расказвае пра закрыты судовы працэс.

Вадзіма Бойку, які быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі, выпусьцілі з жодзінскага СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе ўдзень 10 чэрвеня. Яго асудзілі за здарэньне, якое адбылося ўлетку 2014 году. Паводле вэрсіі сьледчых, група фанатаў ФК «Партызан» спыніла тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпэда Менск». Потым фанаты «Партызана» разьбілі ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне сьлезацечны газ, а таксама ўчынілі бойку. Першапачаткова выпадак не атрымаў розгаласу, усе затрыманыя былі адпушчаныя. Аднак пасьля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, яе давялі да суду, а дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як асабліва злоснае хуліганства.

У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня: Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзьмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.

«Свабода» сустрэлася з Вадзімам Бойкам напярэдадні разгляду апэляцыі ў ягонай справе. Хлопец прызнаецца, што на судовае паседжаньне прыйдзе з сабранай торбай і гатовы вярнуцца за краты.

Нечаканае вызваленьне

«Нечакана мяне вызвалілі, папраўдзе. 9 чэрвеня паклікалі на зборны пункт. Сказалі ісьці на выхад з рэчамі. Я думаў, што ў іншую камэру проста. Бо з адміністрацыяй дыялёг не склаўся, — расказвае Вадзім Бойка. — А яны на зборны пункт. Гэта месца, дзе ўсе рэчы аглядаюць, калі ў турму прывозяць. І кажуць: вызваляем цябе. Рэчы перагледзелі, разьдзецца прымусілі. Я думаў, што жартуюць. Чатыры гады ж сядзець мне, куды я пайду?»

Навіна пра вызваленьне 9 чэрвеня насамрэч аказалася няпраўдай — пасьля агляду рэчаў Вадзіму загадалі апрануцца і адвялі назад у камэру. На наступны дзень працэдура паўтарылася, але ў выніку Бойка замест камэры апынуўся зь іншага боку брамы жодзінскага СІЗА. Зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і адпусьцілі да разгляду апэляцыі. Амаль роўна на тыдзень.

Хлопец меў пры сабе крыху грошай, зьвязаўся са знаёмымі ў Жодзіне. Пасьля сеў у маршрутку і прыехаў дадому. «Усе ўзрадаваліся. Сьлёзы былі. Нечакана вельмі», — гаворыць Бойка. Аб прычынах вызваленьня ён толькі здагадваецца. Магчыма, судзьдзя, які разглядае апэляцыю, вырашыў зрабіць усё паводле закону. А там пазначана, што без уступленьня прысуду ў сілу чалавека можна трымаць пад вартай ня больш за тры месяцы.

Пра суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, Вадзім Бойка расказаць амаль нічога ня можа — усе фігуранты справы давалі падпіску аб невыдаваньні.

«Я вось зараз вызваліўся, вырашыў паглядзець камэнтары ў інтэрнэце. Там нас экстрэмістамі называць, тэрарыстамі».

«Па-мойму, гэта быў цырк. Павесілі на нас шыльды нейкіх экстрэмістаў. Я вось зараз вызваліўся, вырашыў паглядзець камэнтары ў інтэрнэце. Там нас экстрэмістамі называюць, тэрарыстамі. Удзельнікамі незаконнай арганізацыі, — скардзіцца Вадзім. — Я не лічу сябе такім. Я проста хачу жыць, як усе людзі. Працаваць, плаціць падаткі».

Бойка гаворыць, што на судзе ніводны з прызнаных пацярпелымі не прад’явіў прэтэнзіяў абвінавачаным. Больш за тое, пацярпелыя прасілі судзьдзю абвінавачаных вызваліць. Сярод шараговых пасажыраў тралейбуса пацярпелых таксама не знайшлося. Пэрсанальна Бойку абвінавачвалі толькі ў разьбіваньні шыбы тралейбуса, але яе цана склала ўсяго 29 рублёў і была кампэнсаваная да суду. У тралейбуснага парку прэтэнзіяў пасьля гэтага таксама не было.

«Афіцыйныя СМІ пісалі пра нас, як пра псэўдаантыфашыстаў. Што нас было 40 чалавек, што мы сабраліся і на 10 аўтамабілях паехалі некага біць. Насамрэч гэта было ня так, — расказвае пра падзеі 29 чэрвеня 2014 году Вадзім. — І тралейбус ніхто не блякаваў, ён спыніўся сам. Кіроўца тралейбуса гэта на адкрытым працэсе прызнаў. Нас было нашмат менш, чым 40 чалавек. І аўтамабіляў, здаецца, было толькі пяць. Гэта максымум. Проста мы сустрэліся з апанэнтамі. Адбылася, так бы мовіць, сварка. Жаданьне пабіцца за свае ідэі было ўзаемным. Мы нікому з выпадковых людзей не хацелі прычыніць шкоды».

Амбіцыі, юнацкі максымалізм і палітыка

За месяц да здарэньня ў тралейбусе Вадзіму Бойку споўнілася 18 гадоў. «Амбіцыі ігралі, нэрвы. Магчыма, юнацкі максымалізм быў у крыві. Гэта памылкі маладосьці. Я не хачу, каб яны паўплывалі на маю будучыню. Хоць гэта ўжо паўплывала. Невядома, як складзецца жыцьцё пасьля адседкі. У нас будуць праблемы з працай, зь міліцыяй», — гаворыць Вадзім Бойка.

«Амбіцыі ігралі, нэрвы. Магчыма, юнацкі максымалізм быў у крыві. Гэта памылкі маладосьці».

У прычынах узяцьця пад варту, судзе і прыгаворы Бойка бачыць палітыку. Кажа, што на фоне нарастаньня нестабільнасьці, вулічных акцыяў, надыходзячага Дня Волі трэба было прыструніць самых актыўных футбольных фанатаў. «Працавалі на будучыню. Ужо калі мы знаходзіліся ў СІЗА, у Менску адбылася вельмі падобная гісторыя, — расказвае Бойка. — Сутычка паміж фанатамі „Слуцку“ і „Гарадзеі“. Там таксама быў распылены газ, таксама бойка была ў тралейбусе, міліцыя шукала пацярпелых, але справа скончылася нічым, ніхто за краты ня трапіў. Думаю, таму, што там газ распылілі фанаты „Слуцку“ з правымі поглядамі. А на нас, антыфашыстаў, чамусьці вырашылі націснуць».

Затрымалі Вадзіма Бойку праз два гады пасьля бойкі ў тралейбусе. Міліцыянты прыйшлі дадому ў 7.20 раніцы і, прадставіўшыся, пагрукалі ў дзьверы з загадам адчыніць. Бойка адчыніў, яго тут жа паклалі тварам у падлогу і пачалі ператрус. «Шок быў. Для бацькоў асабліва, для суседзяў. Бацька — інвалід, пасьля інсульту, і для яго гэта стала вельмі моцным выпрабаваньнем, ён перастаў размаўляць. Ужо ішоў на папраўку, усё было добра... Я вось зараз вярнуўся дадому, а бацька дагэтуль не гаворыць», — расказвае Бойка.

Увесь час пасьля затрыманьня ён правёў у СІЗА на Валадарцы. Але незадоўга перад Днём Волі камэры пачалі масава вызваляць.

«Недзе 23 чысла пачалі людзей з камэры ў камэру на Валадарцы раскідваць. Вызвалялі месцы для затрыманых на Дзень Волі. Ад 100 да 200 чалавек у той дзень вывезьлі ў Жодзіна. Мяне таксама, з Валавіком (яшчэ адзін фігурант справы фанатаў ФК „Партызан“)», — гаворыць Бойка.

Сустрэча з фанатамі «Дынама Менск»

У СІЗА Жодзіна ўмовы былі больш спартанскімі. Без тэлевізараў, зь мінімумам выгодаў. Толькі сьцены, нары, стол з лавамі. Раз на тыдзень прыносілі газэту «СБ». Кнігі толькі з турэмнай бібліятэкі, у асноўным расейская клясыка. «Але я меў пры сабе Оруэла, мне змаглі перадаць яшчэ да суду. Перачытваў „1984“», — дзеліцца Вадзім.

Па іроніі лёсу фаната ФК «Партызан» і прыхільніка антыфашысцкіх поглядаў Вадзіма Бойку ў жодзінскім СІЗА чакала сустрэча з фанатамі сталічнага «Дынама», вядомымі сваімі правымі поглядамі. «Стараліся зь імі падтрымліваць сяброўскія стасункі. Хоць погляды на жыцьцё ў нас розныя, розная ідэалёгія. Мы і пра гэта гутарылі. Цікава было абмеркаваць чужыя погляды. Але я не дамогся адказаў на свае пытаньні», — гаворыць Бойка.

Хлопец прызнаецца, што нават прыкладна не ўяўляе, якім будзе вынік разгляду апэляцыі. «Я за разьбітае шкло ўжо адсядзеў за кратамі год і тры месяцы. Навошта яшчэ на два гады і дзевяць месяцаў мяне там трымаць? Гэта глупства. Хай адправяць на хімію так званую, каб я мог адпрацаваць, падаткі плаціў бы, — гаворыць Вадзім. — Хачу толькі перадаць праз вас, што мы ніякія не экстрэмісты і не тэрарысты. Мы звычайныя хлопцы і не ўяўляем для грамадзтва небясьпекі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG