Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскага журналіста выклікалі ў міліцыю за лісты ў беластоцкую «Ніву»


Уладзімер Лапцэвіч, архіўнае фота

Карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Лапцэвіча 14 чэрвеня выклікалі ў Ленінскі РАУС Магілёва з прычыны ягоных допісаў у тыднёвік беларусаў Польшчы «Ніва», які выдаецца ў Беластоку.

«Я супрацоўнічаю як пазаштатны аўтар зь „Нівай“. Там друкуюцца мае аналітычныя матэрыялы, агляды сайтаў у інтэрнэце. І вось тое, што „Ніва“ публікуе мае гэтыя допісы, на думку нашых праваахоўных органаў, зьяўляецца з майго боку парушэньнем. Бо ні я, ні „Ніва“ акрэдытацыі як замежнае СМІ, а я як нібыта замежны карэспандэнт у Беларусі, ня маем. На апытаньні ў Ленінскім РАУС Магілёва я даводзіў, што гэтыя мае допісы ў рэдакцыю „Нівы“ — ня нейкія карэспандэнцкія матэрыялы ў разуменьні той працы, што я раблю для БелаПАН, а свайго роду лісты ў рэдакцыю з аналізам таго, што мне цікава. Наколькі гэта ўцямілі ў міліцыі, я пакуль сказаць не магу», — сказаў карэспандэнту Свабоды Ўладзімер Лапцэвіч.

Супрацоўнікі РАУС правялі апытаньне журналіста ў межах адміністрацыйнага працэсу па частцы 2 артыкула 22.9 за незаконны выраб прадукцыі СМІ. 20 чэрвеня Ленінскі РАУС азнаёміць Уладзімера Лапцэвіча са сваім рашэньнем. Ня выключана, што пратакол супраць журналіста міліцыянты накіруюць у суд.

Сёлета ў Беларусі шэраг журналістаў незалежных СМІ былі пакараныя за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG