Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здымала і буду здымаць», — журналістку Шчыракову аштрафавалі за онлайн-трансьляцыю санкцыянаванага мітынгу


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

19 траўня судзьдзя Гомельскага раённага суду Аляксандар Сусла прызнаў журналістку-фрылансэра Ларысу Шчыракову вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі і аштрафаваў яе на 35 базавых велічыняў (805 рублёў). Прысутныя ў залі адрэагавалі на пастанову воклічам: «Ганьба!».

Падставай для буйнога штрафу быў міліцэйскі пратакол, у якім так званае правапарушэньне журналісткі сфармулявана гэтак: на пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх «Віпра» 1 траўня «ажыцьцяўляла публікацыю відэаздымкаў з інтэрвіяваньнем грамадзянаў для праграмы «Абʼектыў» тэлеканалу «Белсат».

Першага траўня на згаданай пляцоўцы ладзіўся мітынг, замоўлены сябрам партыі «Зялёныя» і дазволены Гомельскім гарвыканкамам.

Ларыса Шчыракова патлумачыла, што працуе ў польскай прадусэрскай фірме «Ньюс-інфармацыя», плаціць падаткі, рыхтуе для яе іншы раз інфармацыйныя матэрыялы. Відавочна, што празь фірму яны трапляюць на беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які вядзе трансьляцыю з тэрыторыі Польшчы.

«Беларуская Канстытуцыя, — сказала Шчыракова ў судзе, — дае мне права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. І Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь, таксама дазваляе. Усе падзаконныя акты, якія абмяжоўваюць гэтае маё права, зьяўляюцца анахранізмам. Нават закон аб СМІ дазваляе мяне караць за тое, што займаюся журналістыкай. У СССР каралі чалавека, калі ён не працаваў, у сувэрэннай Беларусі караюць за тое, што я працую. Я здымала, здымаю і буду здымаць, каб паказаць абсурднасьць цяперашняга закону і парадкаў».

Шчыракова даводзіла суду: «Калі выйсьці й спытаць у звычайных, незаангажаваных грамадзянаў, ці адэкватнае пакараньне журналістцы — штраф амаль у дзесяць мільёнаў (цяперашніх каля 1000 рублёў) — за тое, што здымала першатравеньскі мітынг? Ня знойдзеце незаангажаваных людзей, якія б сказалі: „Так-так, правільна“. Ці, можа, ужо ў турму саджаць журналістку, каб „ня гаўкала?“»

Міліцыянты-ахоўнікі не дазваляюць блогерам весьці здымкі на прылеглай да суду тэрыторыі
Міліцыянты-ахоўнікі не дазваляюць блогерам весьці здымкі на прылеглай да суду тэрыторыі

Журналістка лічыць, што неадпаведныя Канстытуцыі і міжнародным пагадненьням законы павінны быць зруйнаваныя, як некалі Картаген, а ганебныя суды над журналістамі-фрылансэрамі спыненыя.

«Хачу, каб суд хоць бы ў матывіровачнай частцы пастановы патлумачыў, чаму абмяжоўвае мае правы на збор і распаўсюд інфармацыі, бо ня думаю, што онлайн-трансьляцыя зь мітынгу неяк пагражала нацыянальнай бясьпецы ці маральнасьці грамадзтва», — сказала журналістка Шчыракова.

Сёньняшні штраф Ларысе Шчыраковай — сёлета чацьвёрты па ліку за онлайн-трансьляцыі з акцыяў пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 і асьвятленьне сацыяльных праблемаў рэгіёну. Агулам сума штрафаў дасягнула 2599 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG