Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць устаноўка караць», — журналіст Яўген Меркіс пра чарговае пакараньне штрафам


Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

За асьвятленьне акцый пратэсту «недармаедаў» журналіст-фрылансэр Яўген Меркіс аштрафаваны на 2645 рублёў. Справу разглядаў 5 траўня Савецкі суд Гомля.

31 сакавіка Яўген Меркіс вёў стрым чаканага вызваленьня з ізалятара часовага ўтрыманьня гомельскага блогера Максіма Філіповіча. Але Філіповіч так і ня выйшаў з ізалятара. Высьветлілася, што на падставе міліцэйскага пратаколу судзьдзя Савецкага раёну Алена Шайн пакарала Філіповіча новымі 7 суткамі арышту — за ўдзел у акцыі «недармаедаў» у Маладэчне. Меркіс у той вечар цікавіўся думкамі грамадзкіх актывістаў пра перасьлед удзельнікаў масавых акцый пратэсту. А таксама вёў онлайн-трансьляцыю на Фэйсбук. Частку відэа з гэтай трансьляцыі скарыстаў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» (Польшча).

Судзьдзя Алена Шайн, якая разглядала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб Меркісам прадукцыі СМІ для тэлеканалу «Белсат», пыталася: ці мае ён акрэдытацыю ў беларускім МЗС як журналіст гэтага каналу?

«Я не зьяўляюся супрацоўнікам тэлеканалу „Белсат“. Я журналіст-фрылансэр. Канстытуцыя дазваляе мне зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Суду павінна быць вядома, што ў ХХІ стагодзьдзі стрым можа рабіць кожны, хто мае жаданьне і смартфон. А хто і як выкарыстоўвае матэрыялы з „Фэйсбуку“ ці „Аднаклясьнікаў“, — гэта ўжо іншая справа», — казаў Меркіс.

Пыталася судзьдзя, як у руках Яўгена апынуўся мікрафон зь лягатыпам «Белсату».

«Калегі перадалі», — адказаў журналіст.

У судзе прагледзелі відэастрым, але Яўгена Меркіса зь мікрафонам «Белсату» ў ім не было бачна. Тым ня менш судзьдзя аштрафавала фрылансэра на 40 базавых велічыняў (920 рублёў).

«Паказаны стрым ня мой, а блогера Сабурава, — кажа Яўген Меркіс. — Але ў судах такімі акалічнасьцямі не замарочваюцца, бо ёсьць устаноўка караць. Спадзявацца на справядлівасьць судовай сыстэмы ў Беларусі не выпадае — аштрафуюць у любым выпадку. Тым ня менш абскарджаваць пастанову буду, бо гэта своеасаблівы сыгнал, што мы не здаёмся і ня мірымся зь несправядлівымі прысудамі».

Гэта ўжо трэцяе сёлета пакараньне Яўгена Меркіса за асьвятленьне веснавых акцый пратэсту «недармаедаў», а з улікам нібыта нецэнзурнай лаянкі — чацьвёртае. Агулам Яўген аштрафаваны за сакавік-травень на 115 базавых (2645 рублёў). Апрача таго, ён прэвэнтыўна адбыў у ізалятары амаль двое сутак арышту.

У суд падтрымаць Яўгена Меркіса прыходзіў блогер Максім Філіповіч.

Яўген Меркіс (справа) і Максім Філіповіч
Яўген Меркіс (справа) і Максім Філіповіч

«Гэтая ж судзьдзя і мяне судзіла за ўдзел у акцыі пратэсту „недармаедаў“ у Маладэчне, — сказаў Філіповіч. — Прывозілі мяне з ізалятара без аніякай позвы. Я казаў тады, што маю патрэбу ў адвакаце, але судзьдзя Шайн адрэагавала на хадайніцтва своеасаблівым чынам. Маўляў, гэта адміністрацыйная справа, і абаронца тут ня надта й патрэбны. А 2 траўня Шайн судзіла гомельскага палітыка Васіля Палякова. Адкрыты нібыта суд праходзіў за зачыненымі дзьвярыма — нікога з нас у залю не пусьцілі. Выставілі за дзьверы нават сына Палякова, а самога палітыка судзьдзя пакарала 15 суткамі арышту за бел-чырвона-белы сьцяг і непадпарадкаваньне міліцыі. Наколькі вядома, Васіль адмовіўся сядаць у жалезную клетку аўтазака, калі яго везьлі з ізалятара ў суд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG