Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Советская Белоруссия» перадрукавала тэкст без дазволу, дадаўшы да яго ўласныя высновы


Фота ©Shutterstock

Друкаваны орган прэзыдэнцкай адміністрацыі «Советская Белоруссия» без дазволу перадрукаваў артыкул Сяргея Харытонава з рэсурсу rfrm.io, упісаўшы ў тэкст уласныя высновы. Журналіст заяўляе пра парушаныя аўтарскія правы і рыхтуецца да судовага разбору.

Як удакладніў Сяргей Харытонаў у інтэрвію прэсавай службе Беларускай асацыяцыі журналістаў, матэрыял зьявіўся на сайце rfrm.io 4 чэрвеня, а праз два дні са зьменамі быў надрукаваны ў прэзыдэнцкай газэце.

У артыкуле «Поместье стоимостью $1,875,000, купленное в США за деньги для развития образования в Беларуси» гаворка пра дом былога рэктара ЭГУ Дэвіда Поліка.

«На сайце rfrm.io пазначана, што выкарыстоўваць матэрыялы сайту можна толькі зь пісьмовага дазволу рэдакцыі. Дазволу ў нас ніхто не пытаўся. „Советская Белоруссия“ надрукавала матэрыял #RFRM, дадала ад сябе дзіўных думак і высноваў ды падпісала артыкул маім імем. Атрымліваецца, яны напісалі ад майго імя тое, пра што я не казаў. Я лічу, што гэта даволі дзіўны падыход да журналістыкі ад вядучай газэты Беларусі», — сказаў Харытонаў.

Паводле журналіста, цяпер вывучаецца магчымасьць падаць на «Советскую Белоруссию» ў суд. Мэтай — ня столькі кагосьці пакараць, колькі дамагчыся, каб беларускі мэдыйны рынак выконваў элемэнтарныя правілы журналісцкай этыкі і ўзаемапавагі.

«Я зусім ня супраць вырашыць спрэчны момант падчас асабістай сустрэчы з галоўным рэдактарам „Советской Белоруссии“ Паўлам Якубовічам і ўжо запрасіў яго даць інтэрвію #RFRM, каб абмеркаваць гэтае ды іншыя пытаньні, якія цікавяць нашых чытачоў».

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў справе некарэтнага перадруку да першага намесьніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Міхаіла Лябедзіка, аднак пакуль ягонага камэнтара не атрымала.

У сваю чаргу, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адрэагаваў на публікацыю парталу rfrm.io, прысьвечаную былому рэктару ЭГУ Дэвіду Поліку:

«Наратыўная лінія артыкула грунтуецца на канструкцыі з аднаго „верагодна“ і трох „магчыма“, што наглядна сьведчыць пра ўзровень сьцьвярджэньняў аўтара. Як вядома з адкрытых дадзеных графства Джэфэрсан (штат Каларада), Дэвід Полік набыў зямельны надзел у кастрычніку 2008 году і завяршыў будаўніцтва жылога дома ў 2011-м. Улічваючы, што прафэсар Полік пачаў працаваць у ЭГУ ў сьнежні 2013 году, сувязь паміж ягонай нерухомасьцю і ўнівэрсытэтам існуе выключна ў фантазіях аўтара».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG