Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманаму ў Маскве ў майцы гарадзенскага «Нёману» памянялі абвінавачаньне і аштрафавалі


Павел Скрыльнікаў

Адным зь першых затрыманых на антыкарупцыйным мітынгу ў Маскве 12 чэрвеня быў журналіст «Независимой газеты» Павел Скрыльнікаў, які прыйшоў на акцыю ў майцы гарадзенскага хакейнага клюбу «Нёман». На Скрыльнікава тады склалі пратакол паводле артыкулу 20.3 адміністрацыйнага кодэксу Расеі — дэманстрацыя нацысцкай сымболікі.

Але 25 чэрвеня ў судзе абвінавачаньне памянялі і аштрафавалі Скрыльнікава на 10 тысяч расейскіх рублёў (каля 325 беларускіх) паводле артыкулу 20.2 — парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Скрыльнікаў кажа, што будзе абскарджваць прысуд. «У судзе шмат затрыманых 12 чэрвеня, — сказаў ён Радыё Свабода. — Праваабронцы аказваюць ім дапамогу, вельмі ўдзячны ім і я. Ёсьць зьвесткі, што ў некаторых пастарунках Масквы могуць яшчэ заставацца затрыманыя без пратаколаў. У Санкт-Пецярбургу, дзе затрыманьні былі вельмі сур’ёзнымі, дакладна яшчэ ёсьць тыя, каго трымаюць у пастарунках, хоць паводле закону максымальны тэрмін затрыманьня — тры гадзіны».

Павел Скрыльнікаў у майцы гарадзенскага «Нёману»
Павел Скрыльнікаў у майцы гарадзенскага «Нёману»

На Дзень Расеі, які адзначаўся 12 чэрвеня, прыхільнікі расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага правялі акцыі супраць карупцыі ў сотні гарадоў Расеі. Паводле падлікаў праграмы «Настоящее время», па ўсёй Расеі затрымалі больш за 1500 чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG