Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова і страх «атветачкі»


«Спачатку вы задзяўбеце іх скаргамі... А потым пачне прылятаць атветачка за адмову адказваць па-расейску і непрыемныя сустрэчы ў цёмным вуглу», — камэнтуе ў Фэйсбуку інтэрнэт-карыстальніца Сьвятлана Нілла гісторыю Франака Вячоркі ад якога ў аэрапорце «Менск-2» запатрабавалі размаўляць па-расейску.

Апісаная па спасылцы сытуацыя — працяг гісторыі, распачатай Глебам Лабадзенкам у 2013 годзе. Тады суд вымусіў дробнага дзяржаўнага службоўца напісаць адказ на зварот па-беларуску.

З таго часу неаднаразова праз суд ці пракуратуру розныя грамадзяне адстойвалі беларускую мову: ці то баранілі ад абразаў, ці то баранілі сваё права быць пачутымі па-беларуску.

Ад таго ж часу фонам гучыць скептычная пазыцыя што да юрыдычных захадаў па абароне сваіх моўных правоў.

Сьвятлана Нілла вельмі выразна азначыла настрой скептыкаў — страх. Боязь, што вонкава нешматлікіх прыхільнікаў беларушчыны пачне цкаваць расейскамоўная большасьць.

«Атветачка» — вайсковае слэнгавае азначэньне. Ад расейскага «ответ» («адказ»). Вы па кімсьці стрэлілі, а ў месца, зь якога вы стралялі, пульнулі на адказ.

Тыя, хто баяцца «атветак», мадэлююць сабе нейкую асобную расейскамоўную супольнасьць у Беларусі як штосьці арганізаванае і ідэалягізаванае, штосьці апрыёры варожае беларушчыне.

Я далёкі ад думкі, што ў Беларусі можа быць хоць які шырокамаштабны грамадзкі канфлікт, тым больш паводле моўнай прыкметы. Мяркую, што праявы агрэсіі да беларускай мовы пабытовыя:

  • Работнікі сфэры сэрвісу — комплекс выдатніка: ня ведаючы добра беларускую мову, бароняцца ад дэманстрацыі сваёй некампэтэнтнасьці;
  • Дзяржаўныя службоўцы — комплекс Бога: «ні мішайце работаць», «не выпендрывайцеся».
  • Выпадковыя мінакі/пасажыры — комплекс гопніка: самасьцьвярджаюцца нападам на адрознага ад сябе, калі адчуваюць беспакаранасьць.

Тут можа быць гаворка і пра комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасьці/калгаснасьці, прывіты ў БССР, і страх апазыцыйнасьці беларускай літаратурнай мовы ў якога карэньне расьце яшчэ ад царскіх часоў (дадай сваё).

Боязь «атветкі». Праблема існаваньня беларускай мовы ў Беларусі ляжыць у сфэры як канкрэтнага заканадаўства, гэтак у сфэры агулам правоў чалавека.

Вазьміце для прыкладу любы іншы ўціск, які існуе ў грамадзтве: уціск права мітынгаў і дэманстрацыяў, уціск свабоды слова.

Страх адстойваць сваё права распаўсюджваецца на іншыя сфэры жыцьця.

Паводле лёгікі Сьвятланы Нілы, грамадзянам ня варта адстойваць свае правы, бо з таго боку можа прыляцець «атветачка». Зрэшты, яна і прылятае. Людзей садзяць за краты, штрафуюць, а людзі ўсё роўна адстойваюць свае правы.

Стаўленьне да магчымай «атветачкі» — гэта справа бязвольля ці волі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG